Ганна Севярынец: «Маладыя агулам ня памятаюць гераічных дзевяностых. І дзякуй Богу»

Настаўніца, пісьменьніца і дасьледчыца літаратуры Ганна Севярынец разважае на Радыё Свабода пра добра заўважны трэнд: ня вострае, аднак упартае супрацьстаяньне старых і новых пратэстоўцаў.

Усё, як заўсёды: старыя бурчаць, што ўсё робіцца ня так, ня тымі людзьмі і ня тымі сродкамі, маладыя кідаюць у твар старым крыўднае «а што рабілі вы ўсе гэтыя дваццаць шэсьць год». Старыя па звычцы шукаюць руку Масквы, агентаў КДБ і лялькаводаў, маладыя абураюцца і кажуць, што ўсё само.

Зьява не ўнікальная ані ў палітычных абставінах, ані ў простых чалавечых. Успомніце хаця б, як у межах адной сям’і хто-небудзь з маладых возьмецца перабудоўваць старую дачу. Навязе новых, сучасных матэрыялаў, прыдумае сабе які «скандынаўскі мінімалізм» ці што там у іх зараз носяць, і давай бураць. А мама з бацькам бегаюць навокал, хапаюцца за старое бярвеньне і прычытваюць: я тут вас чацьвярых вырасьціў, у людзі вывеў, я тут кожную цаглінку ведаю, о тут не вытрымае, о тут прасядзе, і наогул кыш адседава, мы самі!

У гісторыі, на жаль, адбываецца тое самае. Дастаткова ўспомніць наш распаўсюджаны міт пра тое, што беларусы — цярпліўцы, ніколі за сваю будучыню не змагаліся, гнулі сьпіны перад панамі і прызвычайваліся дыхаць і жыць нават на шыбеніцы.

Кожнае новае пакаленьне пратэсту пачынала з таго, што адмаўляла папярэдняе. Повязь паміж старымі і маладымі, нітачка, што зьвязвала тых і гэтых, заўсёды вілася так тоненька, так няпэўна, што вымяралася лічанымі людзьмі. Ну, і так па коле.

А між тым усе пратэстоўцы падобныя адзін на аднаго, як дзьве кроплі вады. І старыя, і маладыя пачыналі з рамантыкі і агульных прыгожых словаў. І тыя, і тыя абагаўлялі сваіх лідэраў. І тыя, і тыя стаялі на плошчах і пад сьценамі турмы. І тыя, і тыя расчароўваліся, стамляліся, сьціскалі зубы і працягвалі біцца ў муры.

Такія пратэстныя настроі, якія мы маем сёньня, ніколі не бяруцца «раптам». Не, канешне, асобным людзям можа падавацца, што раней усе, як і яны, былі па-за палітыкай, а цяпер раз — і калі мы сталі актыўнымі, тады і ўсё стала актыўным.

Гэта — ня так. 97% пратэстовага электарату заўсёды сьпее, і сьпее гадамі, і яны павінны мець кропкі, пункты, месцы канкрэтнага прыкладаньня свайго пратэсту. Плошчы, вуліцы, пікеты, сьцяг, песьні, арнамэнты, мэмы, культурны код.

Дом будуецца на падмурках, пратэст вырастае з насеньня, насыпанага з папярэдніх каласоў. Нічога не бярэцца ніадкуль. Але спытайцеся ў зерня, ці ўсьведамляе яно, што яшчэ ўчора сядзела ў калосьсі. Ды ніколі. Кожнае зерне думае, што яно і ёсьць пачатак сусьвету.

А таму не трэба крыўдаваць, высьвятляць, хто з нас большы змагар, хто што так ці ня так рабіў ці робіць. Гэта агульны рух, які існуе і таму, што калісьці нарадзіўся, і таму, што нехта пранёс яго праз усе дваццаць шэсьць год змрочных часоў, і таму, што цяпер туды хлынула маладая хваля хлопцаў і дзяўчат у цішотках з заплечнікамі.

Так, яны агулам ня памятаюць гераічных дзевяностых. І дзякуй Богу. Цяжар гэтай памяці моцна цісьне да зямлі. Але памятаць трэба — гэта і ёсьць задача тых, хто стаяў у сваіх чэргах за свабоду дваццаць год таму. Яны памацней за цяперашніх, яны якраз і могуць вытрымаць вагу бясконцых расчараваньняў і маюць і па сёньня сілы да супраціву. Улічыць, падказаць, навучыць, папярэдзіць — ну, гэта ж заўсёдная задача старэйшых.

Мы ўсе — адзін рух. Якія б мы не былі. Няхай будуецца новы дом, з тых цэглаў і блёкаў, якіх дваццаць год таму проста не было ў сьвеце. Ён будуецца на падмурках, надзейна заглыбленых у зямлю. Тыя, хто ўзводзіў гэтыя падмуркі, выбралі найлепшае месца, улічылі ляндшафт, зьбераглі каменьне. Тыя, хто будуе цяпер, выкарыстоўваюць нажытае сучасным, значна больш эфэктыўным і крэатыўным чынам.

Гэта будзе агульная перамога.

Галоўнае, панове, каб яна была.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(50)