Общество

Ганна Севярынец: «Былі б хлопчыкі — шукала б пяты кут для паратунку ад прызыву, а так проста гартаю спісы пад ізалятарам»

Вядомая настаўніца і пісьменніца — пра сваіх затрыманых дачок, якіх павінны судзіць за тое, што выйшлі на акцыю супраць вайны. 

— Судоў над затрыманымі ўчора сёння яшчэ не было — не паспелі перасудзіць яшчэ затрыманых у нядзелю. Таму што там чакае нас наперадзе — не ведаю пакуль, — піша Ганна Севярынец.

Шукаючы сёння сваіх абедзьвух пупсікаў у шматлікіх чыноўных таблічках — таблічкі гэтыя заўсёды аднолькавыя, чаго б не тычыліся — думала: колькі ж я разоў шукала вось так па такіх таблічках іхныя імёны ў спісах на фармаванне абласных і рэспубліканскіх інтэлектуальных каманд, у спісах пераможцаў беларускіх і міжнародных алімпіяд, у спісах нованабраных студэнтаў бюджэту — заўсёды на самых высокіх радках, бо мае пупсікі абедзве перабіралі прахадны бал на свае факультэты на некалькі дзясяткаў балаў  звыш патрэбнага.

Цяпер вось шукаю ў спісах Акрэсціна і судоў, і думаю, што гэта — заканамерна ў той краіне, у якой я іх нарадзіла.

Вы пытаецеся, як я — я нармальна. Дзякуй богу, у 2000 і 2004 годзе я нарадзіла не хлопчыкаў, а дачушак. Былі б хлопчыкі — шукала б цяпер па свеце пяты кут для паратунку ад прызыву, а так проста гартаю спісы пад ізалятарам часовага ўтрымання. Сотням тысяч мамак зараз у сто тысяч разоў цяжэй і страшней.

Усе служылыя і чыноўныя мужчыны, з якімі мне давялося сёння гутарыць, былі максімальна ветлівыя, нават, я б сказала, залішне ветлівыя і добразычлівыя. Заглядалі ў вочы, ківалі галовамі, кідаліся на дапамогу. Я думала сабе: гэта таму, што мае дзевачкі самыя прыгожыя ў свеце, таму, што яны пяшчотныя і харошыя, а таксама таму, што яны выйшлі не сябе ратаваць, а вас, дуракі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(31)