Общество
Ягор Марціновіч, Наша Ніва

Галоўны следчы краіны пабудуе дом у «Драздах-2»

Старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч рыхтуецца стаць новым жыхаром «Драздоў-2».

Іван Наскевіч. Фота sk.gov.by

Права пабудаваць элітны катэдж на ўскрайку Мінска галоўны следчы краіны атрымаў паводле рашэння Мінгарвыканкама ад 25 лістапада 2016 года №3517 «для службовага карыстання».

Прыблізнае месца будаўніцтва. Фота Сяргей Гудзілін

Здавалася б, звычайная гісторыя — больш за 100 прадстаўнікоў лукашэнкаўскай эліты атрымалі такія ж участкі. Але выпадак Наскевіча нетыповы адразу па некалькіх паказчыках.

Наскевіч будуецца па чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоваў як шматдзетны бацька

Нагадаем, што ў яго разам з жонкай Ірынай чацвёра дзяцей. У сувязі з гэтым Наскевічы мелі права стаць у Мінску ў чаргу на жыллё для шматдзетных сем’яў. Гэты спіс рухаецца адносна хутка і дазваляе прэтэндаваць, прыкладам, на кватэру ў панэльным доме ў Каменнай горцы.

Аднак Наскевіч патрапіў у «спецчаргу». Паводле дадзеных на сайце Мінгарвыканкама, у асобным спісе Цэнтральнага раёна ён знаходзіцца на 2 месцы. Кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава стаяла ў чарзе адразу ўслед за ім, пад нумарам 3.

Участак выдадзены ва ўласнасць

На працягу апошніх гадоў топ-чыноўнікі атрымлівалі свае элітныя ўчасткі не ва ўласнасць, а па праве пажыццёвага спадчыннага валодання. У гаспадаром зямлі фармальна заставалася дзяржава. Наскевіч жа ўжо стаў паўнавартасным уласнікам сваіх 15 сотак.

У дакуменце на выдзяленне зямлі пазначана, што на працягу 8 гадоў ад моманту рэгістрацыі дома ён не зможа прадаць свой катэдж.

Ці атрымаў Наскевіч крэдыт на будаўніцтва дома, аднак у дакументах некалькі разоў згадваюцца нормы закона, якія, у прынцыпе, прадугледжваюць прыцягненне льготных сродкаў.

Другі катэдж Наскевічаў

Пікантнасці сітуацыі дадае той факт, што ў сярэдзіне 2000-ых сям’я Івана Наскевіча ўжо будавала льготны катэдж! Дом знаходзіцца ў пінскім раёне Жылгарадок, гэта своеасаблівыя мясцовыя «Дразды». У гэтым палескім горадзе Наскевіч узначальваў раённую пракуратуру.

«Напрыклад, найбліжэйшы сусед Наскевіча — Міхаіл Самалазаў, першы намеснік старшыні Пінскага гарвыканкама. А праз дарогу жыве самы багаты пінчук — як кажа пагалоска, мільянер — Віктар Лемяшэўскі, які валодае адразу двума элітнымі ўчасткамі», — адзначала «НН» у папярэднім рэпартажы.

На будаўніцтва катэджа Наскевічы ўзялі $ 10 тысяч у эквіваленце. Грошы трэба сплаціць да 2027 года, але ўжо па цяперашнім курсе агульная сума «ўсохла» за кошт дэвальвацый да $ 1150.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)