Наталля Тур, Наша Ніва

Галоўны рэжысёр Опернага звольнены за прагулы

Міхаіл Панджавідзэ звольнены з пасады галоўнага рэжысёра Опернага тэатра Беларусі. Афіцыйная прычына — прагулы з аўторка па пятніцу.

Фота Дар’я Буракіна, TUT.BY

Міхаіл Панджавідзэ абураны такім рашэннем дырэкцыі.

— З дырэктарам тэатра Аляксандрам Пятровічам (быў прызначаны на пасаду 5 лістапада — «НН») у нас была вусная дамова. Я працую з дому. Зараз я працую толькі над адной пастаноўкай, операй «Набука», таму з дому мне працаваць прасцей, тут больш магутны камп'ютар, чым у тэатры. І вось сёння мне тэлефануюць.

«А вы дзе?» — пытаюцца. Я здзівіўся: «Як дзе, дома?». Тады ў мяне папрасілі дакумент, які пацвердзіць, што ёсць прычына, па якой я адсутнічаю на працы.

Я сказаў, што бальнічнага ў мяне няма, на што мне адказалі, што ў такім выпадку афармляюць мне прагулы і звальняюць за гэта, — расказвае Міхаіл Панджавідзэ.

Міхаіл пракансультаваўся з юрыстам, які пацвердзіў, што за прагулы можна зрабіць вымову, пазбавіць прэміі, звальняць — гэта крайняя мера.

— На што дырэктар мне адказаў, што калі ён мяне не звольніць, іншыя таксама расслабяцца. Такое паказальнае звальненне. У прынцыпе, прэміі мяне таксама пазбавілі. Адпускныя не заплацілі, фактычна пакінулі без сродкаў, — абураецца Міхаіл.

Панджавідзэ расказвае, што яго цкаванне пачалося яшчэ год таму, пасля скандальнай пастаноўкі «Саламея». Ужо тады ў рэжысёра здарыўся канфлікт з тагачасным кіраўніком тэатра Валянцінам Елізар'евым.

— Тады ён казаў, што нам непатрэбна ставіць «Набука». Цяпер пастаноўку оперы адменяць, — наракае Міхаіл Панджавідзэ.

У тое, што «Набука» пакажуць летам у Нясвіжы ў канцэртным выкананні, Міхаіл не верыць.

— Канцэртнае выкананне оперы Нясвіжу патрэбна як зайцу стоп-сігнал. Опера доўжыцца тры гадзіны. Уявіце сабе гэта! А гэтаму тэатру не патрэбны прэм'еры, не патрэбна класіка, гэтаму тэатру патрэбныя толькі грошы, — перакананы Міхаіл Панджавідзэ.

Цяпер, упэўнены рэжысёр, у тэатры будуць ісці толькі балеты ў пастаноўцы Елізар'ева.

— Ён за іх атрымоўвае шалёныя грошы. Акрамя афіцыйнага заробку мастацкага кіраўніка тэатра, які 4000 рублёў, Елізар'еў за кожную пастаноўку атрымоўвае 11% аўтарскіх ад кожнага паказу. А спектаклі ідуць па 2 вечары запар. Гэта шалёныя грошы, — кажа Міхаіл Панджавідзэ.

Што цяпер рабіць Міхаілу, які адпрацаваў галоўным рэжысёрам 10 гадоў?

— Дадому, у Расію, насустрач інтэграцыі… Але я за незалежную Беларусь! Беларусь заслужыла сваю незалежнасць крывёю. Мая малодшая дачка нарадзілася тут, яна размаўляе па-беларуску. Проста мне больш няма месца ў Беларусі. Ну куды ісці? У які тэатр? З папоў у дыяканы не ідуць, — кажа Міхаіл.

Што цяпер чакае Оперны тэатр, Міхаіл адказвае:

— Лёс правінцыйнага тэатра. Вось калі я ўбачу наш тэатр на гастролях за мяжой не з адным спектаклем, а цэлым цыклам, калі я ўбачу назву нашага тэатра ў міжнародных фестывалях, я тады забяру свае словы назад. А пакуль я перакананы, што нічога добрага тут не будзе. А я сыходжу, — падвёў рысу Міхаіл Панджавідзэ.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.8 (оценок:21)