«Галоўбух і інжынер па тэхніцы бяспекі атрымлівалі больш за мэра горада!»
Праца 53-гадовага зваршчыка штогод узнагароджвалася. Але раптам ён стаў лішнім у сістэму ЖКГ. Магчыма таму, што губляць ужо няма чаго, Юрый вырашыў падзяліцца сакрэтамі сістэмы, хаця прозвішча сваё ўсё ж прасіў не называць.
Праца ў ЖКГ: якая яна?
На ЖКГ аднаго з раёнаў Віцебскай вобласці Юрый аддаў васямнаццаць гадоў жыцця. Спачатку працавалася някепска. Але на пачатку 2000-х штат супрацоўнікаў ЖКГ стаў рэзка павялічвацца. Прычым павялічвалася колькасць рознага кшталту начальнікаў. А вось рабочых станавілася менш. На пачатку 2000-х гадоў з Юрыем працавала дваццаць шэсць чалавек, зараз засталося толькі трынаццаць.
Заробак у Юрыя ніколі не быў высокі, але і мізэрным яго таксама не назавеш. Усё змянілася, калі кіраўнік дзяржавы выдаў загад пра тое, што арганізацыя можа сама ўсталёўваць сабе аклады. У рабочых аклады засталіся тыя ж, а ў кіраўніцтва ЖКГ — пайшлі ўверх. Юрый з іроніяй кажа, што новы кіраўнік раёна вельмі здзівіўся, калі пачаў глядзець заробкі працаўнікоў ЖКГ. Галоўны бухгалтар і інжынер па тэхніцы бяспекі атрымлівалі заробак, які быў вышэйшым за заробак мэра горада!
З кожным годам заробкі зваршчыка ўсё меншалі. Да гэтага дадаваліся змены ў кіраўніцтве, прыход людзей, якія мала што разумелі ва ўласнай працы: «За цепла- і водазабеспячэнне бяруцца людзі, якія маюць зусім іншы профіль працы. Напрыклад, мой апошні начальнік, які скончыў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, стаў працаваць начальнікам цепласетак. А на практыцы не мог сказаць, чым адрозніваецца труба дыяметрам 50 сантыметраў ад трубы дыяметрам 32 сантыметры».
«Я заўжды любіў сваю працу. Але апошнім часам я яе ўзненавідзеў, бо гэта стала не праца, а нейкі канцлагер. Людзі вакол запужаныя — пачаліся даносы адзін на аднаго, як ў 1937-м. Усе чапляюцца за свае месцы і за гэты мізэрны заробак, бо ва ўсіх — сем’і», — распавядае Юрый.
«Я зваршчык, а не прыбіральшчык»
Апошнім часам Юрый не мог больш цярпець: «У нас у кацельні акрамя газавых катлоў стаяць катлы на дровах, на трэсках. Ніхто іх выкарыстанне не пралічыў, але такія катлы — гэта досыць сур’ёзная справа. Можна нават самім лічыць — пры іх выкарыстанні грошы ідуць на паліва, заробкі працоўным у лесе, нарыхтоўку, пагрузку і дастаўку трэсак... Я выказаў меркаванне начальніку кацельнай, што грошы, якія пойдуць на нарыхтоўку трэсак, маглі пакрыць усё ацяпленне газам. Я проста параіў палічыць усе тыя грошы, якія мы можам зэканоміць».
Але начальнік не збіраўся прыслухоўвацца да парадаў, і таму пайшоў простым шляхам. Зваршчыку сказалі, што з ім кантракт працягваць не будуць.
А яшчэ дадаліся рэгулярныя праверкі на працоўным месцы, кпіны і прыдзіркі. Адна знаёмая з «кабінетаў» шчыра яму сказала, каб не чакаў палёгкі, бо ад кіраўніцтва на яго паступіў загад аб звальненні. Аднойчы, калі Юрый, як звычайна, прыйшоў на працу, яго накіравалі прыбіраць смецце па пад’ездах. «Я зваршчык, а не прыбіральшчык. Хай кожны выконваю сваю працу!» — сказаў ён і адмовіўся ісці прыбіраць. Падобны выпадак паўтарыўся і праз некалькі дзён. У выніку на яго паступіла дзве дакладныя. Чакаць цуду было бессэнсоўна — Юрый напісаў заяву аб звальненні.
Дзе шукаць выйсце?
Неэфектыўнасць сістэмы ЖКГ Юрый бачыць не толькі ў раздутых штатах і некампетэнтнасці кіраўніцтва, але і ў развітай сістэме адкатаў. Безумоўна, ніякіх папяровых доказаў гэтага ў зваршчыка няма, ды і здабыць іх можна толькі пасля адмысловай праверкі кампетэнтных органаў. Аднак пра тое, што адкаты —распаўсюджаная з’ява ў нашай эканоміцы, і так ведаюць усе.
Юрый узгадаў выпадак, які здарыўся дзесяць гадоў таму. У кожным доме стаяць лічыльнікі цеплыні. Мясцовая ЖКГ заключыла дамову з нямецкай фірмай, каб не здымаць паказанні ў канцы месяца — лічбы павінны былі аўтаматычна прыходзіць дыспетчару на цэнтральны камп’ютар. Грошы былі выдаткаваныя, а паказанні здымаюцца ўручную па сёння. «Былі таксама выпадкі, калі грошы выдаткоўваліся на рэканструкцыю пэўных аб’ектаў, — прыгадвае Юрый, — і я, як зваршчык, магу ацаніць, колькі грошай было дадзена на мой аб’ект згодна з планам працы, а колькі іх пайшло на выкананне. Часцяком не рабілася нават паловы таго, што рэальна трэба было зрабіць».
Юрый перакананы: «Колькі грошай на ЖКГ ні выдаткоўвай, усе яны будуць растрачаны немэтазгодна, тым больш, пры такім раздутым штаце супрацоўнікаў».
Дзе выйсце? Юрый лічыць, што ЖКГ мусіць перайсці ў прыватныя рукі, дзе будуць лічыць кожную капейку.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное