Женщины

Кірыл Іваноў

Дэпутатка, з якой лічыліся генералы

Сёння – дзень памяці Галіны Сямдзянавай, якая пайшла з жыцця 18 верасня 2011-га. Сяргей Навумчык пiша: вечная памяць этнічнай украінцы, беларускай партыётцы, якая ў самым літаральным сэнсе аддала жыццё за Незалежнасць Беларусі.

«Салiдарнасць» узгадвае матэрыл пра Сямдзянаву, упершыню апублiкаваны на нашых старонках 6 снежня 2021-га.

Фота vytoki.net

Галіна Сямдзянава — адна з нямногіх жанчын-дэпутатак Вярхоўнага Савета, абранага ў 1990-м. Украінка па нацыянальнасці, дачка марскога афіцэра, жонка вайскоўца, інжынер-хімік, аўтар дысертацыі пра выбуховыя рэчывы.

Менавіта яна ўнесла бел-чырвона-белы сцяг у залу пасяджэнняў Вярхоўнага Савета 24 жніўня 1991 года. Прыгадваем галоўныя старонкі біяграфіі гэтай выбітнай жанчыны.

Галіна Сямдзянава нарадзілася ў польскай Гдыні ў 1947-м у сям’і вайскоўца і медсястры. Выхоўваў яе айчым, таксама вайсковец. Муж Галіны Георгіеўны быў таксама вайскоўцам, сям’я часта пераяджала. У 1983-м Сямдзянавы апынуліся ў Навагрудку. Там выпускніца Куйбышаўскага палітэхнічнага інстытута працавала на мясцовым заводзе металавырабаў, пасля аграхімікам у сельгасхіміі.

Фота vytoki.net

Урэшце стала інспектарам Навагрудскага камітэта народнага кантролю. З гэтай пасады Галіна Сямдзянава і рушыла ў Вярхоўны Савет ў 1990-м. Яе кандыдатуру прапанаваў райкам прафсаюзаў дзяржпрадпрыемстваў і калектыў мясцовага аўтапарка.

Канкурэнцыя ў інспектара КНК была сур’ёзная — дырэктары і галоўныя інжынеры навагрудскіх прадпрыемстваў. Фаварытам жа ў мясцовых уладаў быў загадчык дзіцячага аддзялення Навагрудскай райбальніцы Георгій Конюх. Але выбарцаў падкупіла рашучасць і прынцыповасць Сямдзянавай, у другім туры яна абыйшла лекара.

Дэпутатка з Навагрудка была партыйнай, да сябраў Беларускага Народнага Фронту спачатку ставілася, мякка кажучы, з насцярожанасцю. Як значна пазней раскажуць пра яе калегі-дэпутаты, Галіна Георгіеўна не прымала факты на веру, да ўсяго даходзіла ўласным розумам. І калі ўжо прыходзіла да пэўнага пераканання, то трымалася яго цвёрда і прынцыпова.

Так здарылася і з яе прыходам у дэпутатацкую апазіцыйную групу. Вось як гэты эпізод з біяграфіі Сямдзянавай апісвае колішні яе калега-дэпутат Сяргей Навумчык у кнізе «Дзевяноста трэці»:

— Да Наваградку даходзіла інфармацыя пра бурлівае мітынговае менскае жыцьцё, пераважна — у інтэрпрэтацыі камуністычнай прапаганды. І на пасяджэньне дэмакратычных дэпутатаў увесну 1990-га Сямдзянава прыйшла, кіруючыся жаданьнем паглядзець, што ж уяўляюць зь сябе гэтыя «нефармалы» і «экстрэмісты». Першае пасяджэньне, як памятаю, яна сядзела моўчкі — назірала. Потым пачала падаваць рэплікі. А ўжо ў сярэдзіне чэрвеня падпісала і заяву аб стварэньні дэпутацкай фракцыі БНФ, а ў ліпені — Апазыцыі БНФ. Пазьней у інтэрвію наваградзкай газэце яна скажа выбаршчыкам, што па-іншаму паглядзець на сьвет яе прымусілі «Архіпелаг ГУЛАГ» Салжаніцына і дзейнасьць Беларускага Народнага Фронту.

На думку Сяргея Навумчыка, унесены дэпутаткай бел-чырвона-белы сцяг у пачатку Сесіі Незалежнасці «можа падацца выключна сімвалічным учынкам». А вось тое, што здарылася на наступны дзень, 25 жніўня 1991-га, сапраўды паўплывала на лёс нацыі.

Фота Радыё Свабода

Гаворка пра ўчынак Галіны Георгіеўны: калі на трыбуну ВС вырашыў узыйсці першы сакратар ЦК кампартыі Анатоль Малафееў, яна заступіла яму шлях да мікрафона.

Гэта быў нечуваны крок. Ізноў працытуем «Дзевяноста трэці»:

— Першы сакратар, сама пасада якога дзесяцігодзьдзямі выклікала піетэт, пашану, страх, трымценьне — быў сагнаны намі з трыбуны ў прамой трансьляцыі, і гэта бачыла ўся Беларусь. Камуністы — у шоку. «Священник остановился при виде такого посрамления божьей святыни и не посмел служить панихиду в таком месте» (Гогаль, «Вий») — Дземянцей спыніў пасяджэньне, а пасьля перапынку падаў у адстаўку.

Праз некалькі гадзін Беларусь была абвешчаная незалежнай дзяржавай.

Зрэшты, роля Галіны Георгіеўны ў тых лёсавызначальных падзеях не абмяжоўвалася гэтымі яркімі эпізодамі. Яна прымала непасрэдны ўдзел у распрацоўцы Канцэпцыі пераходу БССР да рыначнай эканомікі. Разам з іншымі дэпутатамі працавала над стварэннем Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, законаў для спецыяльнай сесіі Вярхоўнага Савета 24-25 жніўня 1991 года, якая атрымала сімвалічную назву «сесія Незалежнасці».

Фота Радыё Свабода

Колькі словаў пра сцяг у залі Вярхоўнага Савета. Вось як той момант узгадваў у адным з інтэрв’ю Зянон Пазняк:

— Калі я ўзяў сцяг, убачыў яе такое хваляванне, што яна хацела гэты сцяг несці, і гэта было лагічна — яна жанчына і гэта было б прыгожа. І я кажу: «Галіна, сцяг панясеш ты». І яна з гэтым сцягам увайшла ў залу. Мы ўсе разам увайшлі, але сцяг быў у яе руках.

Дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня Валянцін Голубеў прыгадваў іншы эпізод, звязаны са сцягам. Калі дакладна, гаворка пра прыняцце ў 1991-м нацыянальнай сімволікі ў якасці дзяржаўнай:

— На наступны дзень, 20 верасьня, раніцай, калі я прыйшоў у Вярхоўны Савет, яшчэ да пачатку сэсіі, Галя Сямдзянава ўжо была ў пакоі апазыцыі. Яна прынесла свой вялікі бел-чырвона-белы сьцяг і прас. І калі я прыйшоў, яна яго на стале прасавала, каб ён быў роўненькі, каб вывесіць яго перад пасяджэньнем 20 верасьня 1991 году ў залі Вярхоўнага Савету.

Магла быць міністрам абароны

Калегі-дэпутаты бачылі ў Галіне Сямдзянавай выдатнага кандыдата на пасаду міністра абароны. Сяргей Навумчык у свой час здолеў перканаць скептычна настроеных генералаў, што міністр Сямдзянава, у адрозненне ад іх калегаў-вайскоўцаў, змагла б выбіць неабходны для войска бюджэт.

Галіна Сямдзянава на адным з Соймаў БНФ. Фота vytoki.net

Дэпутатка ўзначальвала створаны Беларускім звязам вайскоўцаў камітэт «Вяртанне» і рэгулярна наведвала Міністэства абароны, якое яшчэ зусім нядаўна было штабам Беларускай вайсковай акругі. Камітэт займаўся вяртаннем беларускіх вайскоўцаў, што на той час служылі за мяжой, у «гарачых кропках». А таксама іх уладкаваннем на радзіме. Усяго дзякуючы працы камітэта і асабіста Сямдзянавай у Беларусь вярнуліся чатыры тысячы беларускіх афіцэраў.

Тагачасны міністр абароны Павел Казлоўскі, які спрычыніўся да масавага звальнення з войска сябраў БЗВ, урэшце здаўся перад рашучасцю і прынцыповасцю Сямдзянавай. Ды ячшэ і падначаленым наказаў лішні раз не турбаваць яе — сабе даражэй. 

Выступала за раўнапраўе жанчын і мужчын

У Вярхоўным Савеце Галіна Георгіеўна пазмагалася за пасаду старшыні пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета па справах жанчын, аховы сям’і, мацярынства і дзяцінства. Яе супернікам быў галоўны ўрач Смалявіцкага раёна Пётр Міцько, за якога ўрэшце і прагаласавала большасць дэпутатаў.

Але прамова Сямдзянавай перад галасаваннем запомнілася многім і надоўна. Яе словы былі рэвалюцыйнымі на той час. Дэпутатка казала пра неабароненасць жанчын у тагачасным грамадстве, пра няроўнасць і дыскрымінацыю, істотную розніцу ў заробках. Яна выступала за кардынальнай змены існага становішча.

Дзень Волі-93, Галіна Сямдзянава справа ад Васіля Быкава. Фота Радыё Свабода

Пасля расколу БНФ Галіна Сямдзянава засталася ў партыі, якую ўзначаліў Вінцук Вячорка. Была намесніцай старшыні партыі, узначальвала рэвізійную камісію. У верасні 2011-га Галіны Георгіеўны не стала, яна памерла пасля цяжкай хваробы.

— Калі мы прыйшлі ў Вярхоўны Савет, яна ведала пра БНФ толькі паводле назвы. І як адбываўся яе шлях далучэньня — яна зразумела, што мы больш аргумэнтаваныя, што за намі гістарычная праўда. Яна да гэтага сама прайшла пэўны этап, далучылася і была адной з самых лепшых, самых працаздольных і адказных сярод дэпутацкай апазыцыі. Страта яе вельмі вялікая, — казаў у памяць пра калегу колішні дэпутат-адраджэнец Лявон Баршчэўскі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(76)