Политика

Галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савету 1995 году

I канец беларускага парлямэнтарызму – адзначае Iгар Карней з Радыё Свабода

На пачатку 1995 году Аляксандар Лукашэнка, незадоўга да таго абраны прэзыдэнтам Беларусі, агучыў ідэю рэфэрэндуму, вынікі якога паўплывалі на ўвесь далейшы ход беларускай гісторыі.

11 красавіка 1995 году ён выступіў у Вярхоўным Савеце з канкрэтнай прапановай плебісцыту па чатырох пытаньнях:

Аб наданьні расейскай мове статусу дзяржаўнай

Аб замене герба «Пагоня» і бел-чырвона-белага сьцяга новай сымболікай

Аб надзяленьні прэзыдэнта правам распускаць парлямэнт

Аб эканамічнай інтэграцыі з Расеяй.

Нягледзячы на супраціў з боку апазыцыйных парлямэнтароў, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што рэфэрэндум будзе праведзены ў любым выпадку — захочуць таго дэпутаты ці не.

Рэфэрэндум аб мове, сымболіцы і парлямэнце

Відэаапэратар Сяргей Чырык зафіксаваў супрацьстаяньне, якое імкліва нарастала паміж прэзыдэнтам і ягонымі апанэнтамі. Унікальныя кадры вясны 1995 году дэманструюць: пытаньні, вынесеныя Лукашэнкам на рэфэрэндум, дэмакратычнай супольнасьцю былі ўспрынятыя як курс на адмову ад нацыянальных каштоўнасьцяў і ўзурпацыю ўлады.

9 красавіка на прыступках будынка Вярхоўнага Савету на вуліцы Карла Маркса, 38 у Менску, куды потым пераехала адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі, дэпутаты з Апазыцыі БНФ правялі сустрэчу з выбарцамі. Выступоўцы заявілі, што прэзыдэнцкая ініцыятыва парушае Канстытуцыю і непазьбежна прывядзе да расколу ў грамадзтве. У наступныя дні людзі выходзілі на плошчу Незалежнасьці, патрабуючы адмовіцца ад рэфэрэндуму.

Дэпутацкая галадоўка пратэсту

Сваёй кульмінацыі напружанасьць дасягнула 11 красавіка, калі Лукашэнка з парлямэнцкай трыбуны заявіў, што рашэньне канчатковае і перагляду не падлягае. У адказ на гэта блізу двух дзясяткаў апазыцыйных дэпутатаў абвясьцілі галадоўку пратэсту, якая скончылася жорсткім разгонам і зьбіцьцём народных абраньнікаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(23)