Спорт

Футбалісты “Дынама-Брэст” адбілі свайго фаната ў міліцыі

Дынамаўскі капітан Віктар Сокал заступіўся за хлопца, якога збівалі дубінкамі проста на футбольным полі.

Адразу пасля таго, як галкіпер “Дынама-Брэст” Юрый Цыгалка адбіў пенальці ў выкананні варатара барысаўскага “БАТЭ” Аляксандра Федаровіча і прынес свайму клубу Кубак Беларусі па футболе, узрадаваныя дынамаўскія фанаты рвануліся на поле віншаваць сваіх куміраў.

На газоне апынуўся толькі адзін фанат “Дынама”. Натуральна, гэта не спадабалася міліцыі, якая ахоўвала стадыён. Міліцыянты пачалі супакойваць заўзятараў у сваёй характэрнай манеры — дубінкамі. Хто ведае, чым бы гэта скончылася, калі б на дапамогу сваім фанатам не прыйшлі дынамаўцы Андрэй Цэван ды Віктар Сокал.

Еўрапейскае радыё паглядзела на гэтую сітуацыю вачыма галоўнага трэнера “Дынама-Брэст” Уладзіміра Геваркяна. Ён ухваліў учынак сваіх футбалістаў і назваў іх малайцамі:

Уладзімір Геваркян: “Я бачыў, што нашы пабеглі да заўзятараў, а я заставаўся на футбольным полі! Здаецца, там “адсякалі” дубінкамі, ці яшчэ нешта. Гэта няправільна, але… калі нашыя абаранілі іх — яны малайцы! Калі мы ўжо фатаграфаваліся, заўзятары стаялі побач і фатаграфаваліся разам з намі”.

Заўзятары “Дынама-Брэст” называюць сябе “Blue-White Devils”. Фанацкая групоўка заўжды збіраецца ў 9-м сектары брэсцкага стадыёна. Аматары футбола з горада над Бугам ганарацца самым вялікім у Беларусі банерам і піратэхнікай, праз ужыванне якой спыняюцца футбольныя матчы.

27 траўня міліцыянты даволі жорстка памялі “бела-сініх” — спачатку на полі, а пасля і на трыбунах. Па тлумачэнні мы звярнуліся ў гарадскі аддзел міліцыі Ленінскага РУУС, куда са стадыёна “Дынама” маглі б прывезці затрыманых фанатаў.

Супрацоўнік гарадскога аддзела міліцыі Ленінскага РУУС: "Проста яны зрабілі памылку: пачалі выскокваць на стадыён… Мы цяпер гуманна ставімся да іх: спынілі, нікога не затрымлівалі. Адправілі назад у сектар".

Мама аднаго з заўзятараў — Івана Клейдзіна, да якой датэлефанавалася Еўрарадые, — сцвярджае, што ён вярнуўся дадому збіты. Распавядае прэс-аташэ брэсцкага “Дынама” Эдуард Белямук:

Эдуард Белямук: “Я толькі на форуме зараз чытаю, што там была бойка. АМАП працаваў дубінкамі, ну а заўзятары адмахваліся сцягамі”.

Героем сутычкі за фанатаў стаў капітан брастчан, паўабаронца Віктар Сокал:

Віктар Сокал: “Я гэтага хлопца не ведаю. Проста ўбачыў, што нашага заўзятара б’юць. Падыйшоў і кажу: хлопцы, так і так, ціпа, усё нармальна! І… звычайныя пачуцці — я проста прыбраў міліцыянтаў, каб яны не білі чалавека, і ўсё”.

Ва ўсім свеце футбольныя фанаты выбягаюць на зялёны газон. Паўсюдна іх супакойваюць паліцыянты: ловяць, выводзяць пад рукі, нават выносяць з поля. Але толькі ў Беларусі заўзятараў лупцуюць дубінкамі.

Дзіўна, але на збіванне футбольных фанатаў не знайшлося месца ў выніковым пратаколе фінальнай гульні за Кубак Беларусі. Гэта значыць, што інцыдэнт вычарпаны, і ніякіх высноў з сітуацыі ніхто рабіць не збіраецца.

Брэсцкія футбольныя заўзятары і міліцыянты сустрэнуцца на іншым стадыёне. Але ці апынецца побач Віктар Сокал, каб спыніць бойку?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)