Филин

Сяргей Васілеўскі

Фрыдман: «Захад не пераадолеў свой страх перад Расіяй. Ён яго яшчэ пераадольвае»

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у каментары Филину падсумаваў вынікі жахлівага 2022-га і ацаніў перспектывы наступнага года.

Аляксандр Фрыдман

— Мяркуючы па апублікаваных заходнімі СМІ дакументах, расійскія войскі планавалі захапіць Кіеў менш, чым за суткі. Нават не за хвалёныя тры дні. На Захадзе на самым пачатку прыблізна так і ацэньвалі шансы Украіны выстаяць. І вось вайна ўжо пераваліла за тры сотні дзён. На вашу думку, які галоўны ўрок мы ўсе можам вынесці з гэтай гісторыі, з жахлівага 2022 года?

— Відавочна, што Украіна да падзей лютага 2022-га была недаацэненай краінай. Усе тыя працэсы, што адбываліся там пасля Еўрамайдана, вынікі іх былі недаацэненыя на Захадзе, а таксама і многімі ўкраінскімі экспертамі.

Гэта дачытыць і стану ўкраінскага войска, і стану ўкраінскага грамадства, гатоўнасці яго супрацьстаяць гэтай агрэсіі. На фоне негатыўных гісторый пра ўсюдыісную карупцыю, неэфектыўнасць рэформаў рэальны стан грамадства мала хто ўспрыняў і нават зразумеў.

Глыбіня сапраўдных пераўтварэнняў стала зразумелая і бачная менавіта ў гэтым годзе. Калі стала відавочна, што Украіна змагаецца насуперак усяму, і змагаецца паспяхова.

Што тычыцца Расіі, то моц яе войска была істотна пераацэненая. Усе гэтыя пагрозы, што расейцы маюць моцнае войска, што яны могуць вырашыць любое пытанне і праблему ваенным шляхам, так і засталіся пагрозамі. На самай справе гэта быў блеф, які рэальнаму стану рэчаў не адпавядаў.

Таму правал расійскіх войск, палітычная ізаляцыя Расіі — гэта сведчанне таго, што перасцярогі, якія гучалі ў самым пачатку года і ў першыя дні вайны, былі перабольшаныя. Так, мы маем справу з ядзернай дзяржавай, але сённяшняя Расія — гэта Калос на гліняных нагах. Мы бачым гэта, і з кожным днём вайны гэта робіцца ўсё больш відавочным.

Калі казаць пра Захад, то прыгадаем свежае выказванне Зяленскага пра тое, што заходнія краіны пераадолелі свой страх перад Масквой. Было б вельмі добра, калі б гэта было насамрэч так. Я ўсё ж гляджу на гэта куды больш скептычна. Я б не сказаў, што Захад пераадолеў гэты страх. Ён яго пераадольвае. І дзякуючы Украіне заходні свет, я тут маю на ўвазе і еўрапейскія краіны, і ЗША, пачынае іншымі вачыма глядзець на Усходнюю Еўропу, на постсавецкую прастору.

Вось гэты погляд праз прызму Расіі, заўсёднае ўлічванне расійскага фактару, перасцярогі адносна таго, што Масква здольная на жорсткія крокі, адыходзяць у мінулае. Адносіны да Расіі пераасэнсоўваюцца, і гэта дае пэўны шанец усім краінам на постсавецкай прасторы на выйсце з расійскага ценю.

— Вайна, натуральна, не спыніцца ў ноч на 1 студзеня. Невядома колькі яна яшчэ будзе працягвацца, тут ніхто не дасць рады з дакладнымі прагнозамі. І ўсё ж, ці згодныя вы з меркаваннем, што менавіта ў 2022-м быў перадвырашаны яе сыход?

— Мы гэта пабачым у наступным годзе. Магчыма, тое, што мы бачым сёння, што адбылося цягам гэтых дзесяці месяцаў, і вырашыць лёс гэтай вайны.

Вайна сапраўды можа скончыцца досыць раптоўна, калі пойдуць нейкія працэсы ў расійскім палітычным кіраўніцтве. Ці нешта адбудзецца з расійскім войскам, калі яно па нейкіх прычынах перастане падпарадкоўвацца. Тэарэтычна і такое магчыма.

Асэнсаванне ролі гэтага году стане зразумелым, як і ў выпадку, які мы разглядалі вышэй. Стан украінскага грамадства, ягоная воля да супраціву, сталі зразумелыя толькі з пачаткам вайны.

Калі казаць пра ўсе гэтыя прадказанні, то вельмі цікава сёння сачыць за заходняй аналітыкай. Напрыклад, тыя людзі, якія напрыканцы 2021 года казалі, што вайны не будзе, нягледзячы на ўсе публікацыі і папярэджанні, цяпер сцвярджаюць, што вайна ў 2023-м не скончыцца.

Мы не ведаем гэтага. Натуральна, яна не скончыцца ў 2022-м. Шчыра кажучы, не выглядае, што яна скончыцца і ў 2023-м, тут будзе хутчэй пытанне інтэнсіўнасці баявых дзеянняў. І ўсё ж, я б так адназначна не адказваў бы на пытанне, скончыцца ці не скончыцца вайна ў наступным годзе.

Выглядае, што яна будзе працягвацца. Але тут гаворка пра самыя розныя палітычныя і эканамічныя чыннікі. Шмат што залежыць ад пазіцыі такіх гульцоў, як Злучаныя Штаты, Вялікабрытанія ды іншыя еўрапейскія краіны.

Ці будуць яны пастаўляць зброю? Хутчэй за ўсё так, канечне. Пытанне толькі — якую, якой якасці і ў якой колькасці? Ці пашырыцца вайна таксама на іншыя тэрыторыі? На тую ж тэрыторыю Беларусі, ці Малдовы, што абсалютна не выключана.

Магчыма, самае галоўнае і самае жахлівае ў гэтай вайне мы ўжо і перажылі. А магчыма гэта толькі пачатак, і нас чакаюць куды больш страшныя падзеі.  

— У самым пачатку вайны, калі стала зразумела, што Беларусь у яе ўцягнутая ў якасці суагрэсара, многія выказвалі спадзяванне, што ў гэтым ёсць і шанец для краіны — канчатковы крах рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі. Як выглядае становішча і перспектывы Беларусі напрыканцы гэтага года?

— Прынцыпова нічога не змянілася. Для Пуціна вынік вайны відавочна будзе вырашальным. Будучыня ў яго можа быць толькі ў тым выпадку, калі Расія ў той, ці іншай ступені атрымае перамогу. Гэта не азначае, натуральна, што параза ў вайне аўтаматычна прывядзе да краху пуцінскага рэжыму. Але ў любым выпадку зацягванне вайны і яе неспрыяльны для Расіі вынік пагоршаць становішча Пуціна.

А Лукашэнка ў гэтым сэнсе прывязаны, ён удзельнічае ў гэтай вайне. Пакуль гэта ўзровень суагрэсара, але гэты стан можа змяніцца ў кожны момант.

Так, шанец пэўны ёсць, але не трэба гэта разглядаць як пэўны аўтаматызм. Што параза ў вайне аўтаматычна прывядзе да краху рэжыму Пуціна, а следам абрынецца і рэжым Лукашэнкі.

Тут жа пытанне ў тым, што будзе гэтай паразай. Выкананне тых мэт, што ставіць перад сабой Крэмль — ці ўзяцце ўсёй тэрыторыі Украіны пад свой кантроль, ці, прынамсі, утрыманне ўжо захопленых тэрыторый — гэта будзе перамогай Расіі. Усё астатняе — паразай.

Вяртанне да стану 24 лютага будзе паразай. Я ўжо не кажу пра страту кантролю над акупаванай тэрыторыяй Данбасу. Альбо вяртанне да межаў 1991 года.

Цяжка сабе ўявіць, што Расія вернецца да межаў 1991-га, а Пуцін пры гэтым захавае ўладу. Гэта малаверагодны сцэнар, але тэарэтычна і гэта магчыма.

Калі гэта здарыцца, то і палітычнаму рэжыму ў Расіі, і беларускаму рэжыму будзе захавацца куды цяжэй.

Што датычыць Лукашэнкі, калі разглядаць гэтую гісторыю ад пачатку вайны, то для яго ўсё склалася трошкі лепш, чым можна было чакаць. Бо ўсё ж санкцыі ў дачыненні да Расіі працягваюць уводзіць, а супраць Беларусі — не.

Захад пакуль чакае. Калі ўдзел Беларусі ў вайне будзе супастаўны расійскаму, калі на тэрыторыю Украіны пойдзе беларускае войска, то Мінск атрымае такія ж санкцыі, як і Масква. І пакуль Лукашэнка не пайшоў на гэта, ці яго да гэтага не змусілі, у яго застаецца пэўны шанец.

Нават у выпадку паразы расійскага войска і, адпаведна, аслаблення Расіі, ён мае шанец пагандлявацца з Захадам наконт свайго кантраляванага сыходу, а ў залежнасці ад абставін, і пра сваю палітычную будучыню.

Самы ж аптымальны для прыхільнікаў дэмакратычнай Беларусі варыянт — крах абодвух рэжымаў — магчымы ў выніку татальнай паразы Расіі ў вайне і выхаду да межаў узору 1991 года.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.2(55)