Филин

Юлія Кот

Фрыдман: «Выглядае так, што Пуцін не збіраецца спыняцца, і заходняя дапамога выклікала адваротную рэакцыю — памкненне весці барацьбу да апошняга»

Палітычны аглядальнік у інтэрв’ю Филину — пра перспектывы мірных перамоў Украіны і Расіі, «сакральныя даты» для Крамля і знікненне слова «мір» з першамайскіх плакатаў.

Кіраўнік МЗС Украіны Зміцер Кулеба ў інтэрв’ю Foreign Affairs зазначыў, што ёсць два спосабы прымусіць Расію да добрасумленных перамоў аб міры: поспех на полі бою і ціск кааліцыі краін, які вымусіць Крэмль змяніць паводзіны.

На думку міністра, нейкія камунікацыі з Масквой магчымыя толькі пасля чэрвеньскага саміту міру ў Швейцарыі. Платформай, якая «пачне будучы мірны працэс», назваў чаканы  саміт і Уладзімір Зяленскі.

Але ці варта ўскладаць на гэтую падзею вялікія спадзевы, ці большую ролю для мірных перамоў будуць мець пастаўкі заходняга ўзбраення і яго паспяховае выкарыстанне Украінай?

Што Крэмль можа прад’явіць як ваенны поспех да 9 мая? І чаму ў Расіі з традыцыйных першамайскіх заклікаў знікла слова «мір», а ў Беларусі гэты наратыў застаўся?

Расстаўляем некаторыя акцэнты тыдня з палітычным аглядальнікам, гісторыкам Аляксандрам Фрыдманам.

— Датычна таго, што сказаў Кулеба — можна пагадзіцца, калі ў Расіі будуць сур’ёзныя праблемы на полі бою, гэта можа падштурхнуць расійскі бок да нейкіх кампрамісаў, — зазначае аналітык у каментары «Филину». — Але я не ўпэўнены, што гэта так спрацуе ў сённяшніх абставінах.

Нават не выключаў бы, што цяпер, калі яны атрымаюць значныя праблемы на фронце, то могуць прымяніць іншую — хімічную, біялагічную, нават ядзерную зброю.

Калі ж казаць пра міжнародны ціск — тут насамрэч яшчэ менш варыянтаў. Заходні ціск прысутнічае цяпер, але мы бачым, што вынікі яго абмежаваныя. Кітай — так, сапраўды мог бы націснуць, магчымасці ў яго ёсць. Але, зноў жа, на сёння я не перабольшваў бы ніякія магчымасці націснуць на Расію так, каб яна прыняла ўмовы, якія вылучае Кіеў.

Ацэньваючы значэнне паставак заходняй зброі, Аляксандр Фрыдман канстатуе, што ў іх зацікаўленая не толькі Украіна, але і заходні бок, на сёння гэта — неабходнасць. Бо калі не будзе зброі — гэта падвышае шансы на перамогу Расіі, а гэта значыць падаўжэнне вайны. Адзіна слушнага выйсця тут няма.

І еўрапейскія і амерыканскія палітыкі паступова гэта разумеюць: што можна, канешне, з Расіяй размаўляць, але гэта нічога не дае — яны не жадаюць размаўляць.

Яны па-ранейшаму, мне здаецца, жадаюць гуляць ва-банк. Гледзячы на тое, як РФ адбудоўвае сваю ваенную прамысловасць, мэты відавочныя: альбо не толькі Украіна, але і Захад выконваюць усе іх патрабаванні, а калі гэтага не ўдаецца дамагчыся мірным шляхам, яны будуць працягваць дзейнічаць ваеннымі мерамі.

Раней Захад зыходзіў з таго, што калі Расіі зрабіць балюча — вельмі балюча, — то Пуцін як чалавек рацыянальны, спыніцца і скажа: «Усё, я не магу дасягнуць сваіх мэтаў, трэба з гэтым завяршаць».

А выглядае насамрэч так, што Пуцін не збіраецца спыняцца, і заходняя дапамога выклікала адваротную рэакцыю — памкненне весці барацьбу да апошняга. Так што мы маем справу з канфліктам, у якога, прынамсі станам на сёння, няма выйсця.

Ён можа цягнуцца вельмі доўга і скончыцца без пэўнага выніку, проста быць замарожаным, як гэта было ў карэйскай вайне, альбо скончыцца перамогай аднаго з бакоў. Але кампрамісу, у якім мог бы суіснаваць і той, і іншы бок, не бачыцца — і гэта вымушае Захад працягваць пастаўляць зброю і гаварыць аб сваёй гатоўнасці ўключацца ў канфлікт усё больш (маю на ўвазе заявы Макрона пра магчымую адпраўку французскіх салдат ва Украіну).

А ў цяперашніх вельмі цяжкіх абставінах, дадае аналітык, Захаду трэба размаўляць нават не пра перамогу, а пра тое, што Украіна — толькі першая лінія супрацьстаяння, і пакуль яна трымаецца, трэба выбудоўваць іншыя — мабыць, польскую, потым нямецкую і г.д.

Што ж да Расіі, то Пуціну досыць лёгка працягваць гэтую вайну, мяркуе Аляксандр Фрыдман — з грамадствам, якое не абураецца і не выступае масава супраць вайны, з арміяй, якую ёсць адкуль папаўняць, са спецслужбамі і прапагандай, якія працуюць на «выкрыццё фейкаў», гаспадар Крамля працягвае рабіць тое, што хоча.

Намёкі на перамовы і кампраміс — хутчэй, палітычныя хітрыкі, бо ўся астатняя рыторыка сведчыць пра гатоўнасць весці вайну да апошняга.

— Аналітыкі адзначаюць, што Масква спрабуе прасунуць свае войскі як мага далей на тэрыторыю Украіны. А што Крэмль можа падаць як чарговую «перамогу» да 9 мая, і наогул, ці не пераацэньваецца важнасць «сакральных дат» для Пуціна?

— Трэці раз ідуць размовы пра тое, што да 9 мая будзе нешта асаблівае, маўляў, настолькі гэтая дата важная і сымбалічная, што нешта да яе мусіць быць зроблена. І кожны раз чаканні і прадчуванні не спраўджваліся: Пуцін выходзіў са сваімі шэрымі прамовамі, вайну НАТО не абвяшчаў, і ўсе ўздыхалі з палёгкай, што нічога такога не адбылося.

Шчыра кажучы, не ўпэўнены, што такія мэты пастаўлены на самым версе расійскай уладнай піраміды.

Тое, што выканаўцы вырашылі паміж сабой: варта паказаць нейкі вынік, бо Шойгу, Пуціну і ўсім іншым будзе прыемна — цалкам можа быць. Але гэта на ўзроўні генералаў, палкоўнікаў, якія кіруюць на фронце — а непасрэдна Пуцін наўрад ці «замовіў», каб яму да 9 мая здабылі ў падарунак Часаў Яр.

Стратэгічна гэты горад, канешне, важны, але ён не такі вялікі і яго абавязковае ўзяцце да пэўнай даты я б не перабольшваў.

Выканаўцы будуць намагацца паказаць поспехі, кідаць усё новых вайскоўцаў на стратэгічна важныя кірункі. Але ўсё ж не думаю, што Пуцін адмыслова гэтага чакае, каб у сваёй прамове на 9 мая сказаць, што вось, мы «вызвалілі Часаў Яр».

— І яшчэ пра адну «сакральную» дату, 1 мая. У Расіі з традыцыйных першамайскіх лозунгаў знікла слова «мір», а вось у бліжэйшага саюзніка, Беларусі, гэты наратыў застаўся. Чаму? Беларускія ўлады працягваюць лавіраваць паміж «мірным небам» і «старэйшым братам»?

— У Расіі ёсць абсалютны кантэкст, там «мір» успрымаецца як параза. Таму яны вырашылі гэта прыбраць, можа, таксама і каб прадэманстраваць сваю ваяўнічасць. Што цікава, яны ж не толькі выкраслілі слова «мір», а яшчэ і адчынілі на Паклоннай гары ў Маскве выставу трафейнай тэхнікі — хоць лагічна было б адчыніць яе не да свята працы 1 мая, а 9-га, у дзень Перамогі, але ім так не цярпелася.

Адпаведна ўсёй той рыторыцы, паводзінам і духу мілітарызму, які распаўсюджаны ў Расіі — які мір, для міра не месца. Выкрэсліваючы слова, яны паказваюць, што мір ім не патрэбны.

І яшчэ, думаю, баяліся, што пад лозунгам «Мір, труд, май» могуць пайсці нейкія антываенныя акцыі, чаго ў Крамлі відавочна не жадалі.

Што да Лукашэнкі — відавочна, на яго тут ціску няма. Мяркую, у Маскве ўсё роўна, з якімі заклікамі і плакатамі выходзяць у Беларусі на 1 мая. Але Лукашэнка — чалавек, перш за ўсё, савецкі. І яго падначаленыя, калі нешта робяць ідэалагічна значна, арыентуюцца і на расійскія наратывы, але перадусім на савецкія.

читайте также

Таму Першамай у Беларусі — больш савецкі. Пачуцці ж беларусаў, думаю, Лукашэнку не цікавяць, для яго больш важныя ўласныя ўяўленні: калі на 1 мая было заўсёды «Мір, труд, май», так і павінна заставацца.

Да таго ж Лукашэнка выкарыстоўвае кожную магчымасць, каб паказаць сваю самастойнасць, што ён не ўсё тое самае выкарыстоўвае, што робіць Расія. Гэты ж вектар, дарэчы, назіраецца і ў ягонай прапагандзе: маўляў, мы з Расіяй браты, саюзная дзяржава, але і ім ёсць, чаму ў нас павучыцца, вось тут і тут мы лепш.

Так што гэтае разыходжанне наратываў не стала сенсацыяй. Такой стала б (але, думаю, гэтага не будзе), калі на 9 мая яблыневыя стужкі, якія выкарыстоўваюцца ў Беларусі, будуць заменены на георгіеўскія, ці будзе шэсце «Бессмяротнага палка», ці накіруецца Лукашэнка ў Маскву — вось гэта цікавыя маркеры залежнасці. Але, лічу, пэўныя праявы самастойнасці беларускія ўлады тут паспрабуюць захаваць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2(36)