Филин

Сяргей Васлеўскі

Фрыдман: Візіт у Манголію можа прынесці Лукашэнку сюрпрызы

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у каментары Филину расказаў пра тое, што можа чакаць беларускага правіцеля ва Улан-Батары.

Фота architectureguru.ru

1 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка паляціць у Манголію з чатырохдзённым візітам. Паводле афіцыйнага анонса, ён правядзе перамовы з мангольскім прэзідэнтам Ухнаагійнам Хурэлсухам у вузкім і пашыраным складах.

Перш за ўсё будуць абмяркоўвацца «магчымасці пашырэння ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай сферы, продаж на мангольскім рынку харчовай і прамысловай прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў, супраца ў аграрна-прамысловай сферы».

Адзначым, што апошнія публічныя звесткі сведчаць пра невысокі аб’ём гандлёвага абароту Беларусі і Манголіі: у 2021-м ён склаў усяго $ 43,5 млн.

Культурная частка візіта будзе ўключаць у сябе «знаёмства ​​з гісторыяй, самабытнымі традыцыямі і звычаямі народу Манголіі».

Пра тое, што можа чакаць госця з Беларусі ва Улан-Батары, Филину расказаў палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Аляксандр Фрыдман

— Пра што сведчыць геаграфія і працягласць гэтага візіту? Наколькі важны для Беларусі гэты накірунак, улічваючы сціплыя паказнікі таваразвароту?

— Давайце пачнем з таго, што ён пакідае Беларусь на такі працяглы тэрмін, а яшчэ ў сённяшніх умовах — па-першае, гэта можа сведчыць, што ён не лічыць, што нешта такое небяспечнае для яго можа адбыцца за гэты час ва Украіне.

Па-другое, ён сыходзіць з таго, што ягонае ўласнае становішча трывалае, што можна ад’ехаць на такі працяглы тэрмін у такую краіну.

І да ўсяго, гэта ўкладваецца ў ягоную логіку падобных візітаў у досыць экзатычныя краіны. Як у тую ж Экватарыяльную Гвінею ці Зімбабвэ. І тут ён для сябе мог вырашыць, што калі ўжо і ехаць у такую краіну, то трэба яе паглядзець, трошкі адпачыць.

Манголія — краіна з сацыялістычным мінулым. Таму ў яго яшчэ з савецкіх часоў, магчыма, ёсць пэўныя ўяўленні пра яе, гэты момант яму і цікавы. 

У прынцыпе, гэта візіт такога ж кшталту, як і наведванне Зімбабвэ і Экватарыяльнай Гвінеі, калі ён лічыць, што павінен пракласці шлях, даць імпульс для развіцця адносінаў.

Што датычыць эканамічнага аспекту, то гэта той жа выпадак, як і з рэштай экзатычных краін. Нешта прапанаваць, штосьці падпісаць, але нічога глабальнага.

Тым больш, што ў Лукашэнкі не тое становішча, каб шукаць штосьці глабальнае. Куды яго запрашаюць, дзе штосьці можна зрабіць, туды ён і ідзе.

Акрамя таго, той жа міністр замежных спраў Алейнік усё падрыхтаваў, ён ужо быў там. Таму гэта, канечне, экзатычны візіт, але ён цалкам укладваецца ў логіку сённяшняй знешняй палітыкі Беларусі.

— Вы звярнулі ўвагу на тое, што ў Манголіі Лукашэнку можа чакаць выпрабаванне гісторыяй гэтай краіны. Што яму давядзецца наведваць досыць неадназначны з пункту гледжання той жа Расіі музей, створаны для ўслаўлення «гераічнага заваявання сучасных расійскіх тэрыторый манголамі». Гэта можа сапсаваць яму ваяж?

— Вось тут і пачынаюцца цікавыя справы. Тут ёсць выразнае адрозненне паміж Манголіяй ды іншымі краінамі. Гэта ўсё ж дэмакратычная краіна, дзе існуюць дэмакратычныя інтытуты, праходзяць выбары.

Так, зараз пры ўладзе Мангольская народная партыя, якая была пры ўладзе ў савецкія часы. Гэтая партыя больш прыязна ставіцца да Расіі, прыслухоўваецца да яе.

Але ёсць і ўсе гэтыя мангольскія асаблівасці — з культам Залатой Арды, з культам Чынгісхана. І для ўсіх замежных палітыкаў, якія прыязджаюць туды, гэта абавязковая частка праграмы.

Для амерыканскіх ці еўрапейскіх палітыкаў гэта не з’яўляецца праблемай, бо гэта не праблематычная старонка іх гісторыі. А калі паглядзець на сённяшнюю Расію, то, канечне, стаўленне да спадчыны Чынгісхана і ягоных нашчадкаў у абедзвюх краінах абсалютна рознае.

Лукашэнка, відавочна, не той чалавек, які трымаецца традыцыі, што панаванне манголаў было нечым надзвычай добрым і пазітыўным, як гэта сёння ацэньваецца ў Манголіі.

Не кажучы ўжо пра мангольскую апазіцыю, для якой усё, што звязана з Чынгісханам, гэта культ. Яны гэта славяць, для іх Чынгісхан і ягоныя нашчадкі — гэта героі, якія стварылі вялікую мангольскую дзяржаву.

І вось тут будзе цікава паглядзець, як яны ў гэты гістарычны кантэкст будуць уключаць Лукашэнку. З аднаго боку, адмовіцца ад гэтых рэчаў у мангольскім кантэксце цяжка.

З другога — можна зрабіць пэўныя выказванні, якія мангольскім бокам могуць быць успрынятыя супярэчліва.

А ёсць яшчэ мангольская апазіцыя, былы прэзідэнт Элбэгдорж, які выказваецца ў падтрымку Украіны. І з гэтага боку варта чакаць выказванні наконт таго, хто да іх прыехаў.

То бок, гэта ўсё ж іншая сітуацыя. І сам гэты візіт тоіць у сабе патэнцыйныя непрыемнасці. Мне тут цікава будзе паглядзець, што будуць пісаць пра гэта манголы.

Бо лукашэнкаўскі бок відавочна будзе абыходзіць патэнцыйныя непрыемныя пытанні. Бо ім непатрэбна, каб гэта пабачылі ў Расіі, каб гэта пасля там раскруцілі.

Асабліва мне цікава будзе назіраць за сітуацыяй з музеем Чынгісхана, адчыненым у 2022-м. Ён вельмі кантраверсійны — і тое, як там разглядаецца постаць Чынгісхана, і як падаецца стварэнне мангольскай імперыі.

Не выключана, што Лукашэнку там давядзецца неяк адрэагаваць, выказацца. Але я думаю, лукашэнкаўцы будуць гэта фільтраваць. І мы гэта бачылі ў часе нядаўняга візіта міністра замежных спраў Венгрыі, калі далёка не ўсе выказванні Петэра Сійярта, не ўсе ягоныя жарты былі агучаныя.

— То бок, тут не тая сітуацыя, калі Лукашэнка не асабліва азіраўся на Ерэван, калі быў у гасцях у Аліева? На Расію ўсё ж давядзецца азірацца.

— Тут давядзецца азірацца, бо гэта ў прынцыпе не настолькі перспектыўная гісторыя, як у Азербайджане. І ўсё ж такі гэта хоць і азіяцкая, але дэмакратычная краіна, з дэмакратычнымі тэндэнцыямі і сваімі асаблівасцямі.

Так што тут Лукашэнку давядзецца паводзіцца асцярожна. І я думаю, што там гэта цудоўна разумеюць. Таму мангольскі бок будзе імкнуцца ўключыць яго ў трапныя і патрэбныя Манголіі кантэксты. Так што, паназіраем за мангольскай прэсай, будзе цікава.