Филин

Сяргей Васілеўскі

Фрыдман: «Сумняваюся, што Трамп нават ведае, дзе тая Беларусь знаходзіцца»

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у каментары Филину разважае пра наступствы выбараў прэзідэнта ЗША.

Аляксандр Фрыдман

— Пра Трампа часта кажуць, што ён больш бізнесмен, чым палітык. Ці могуць гэтыя ягоныя якасці камерсанта прынесці плён беларусам?

— Я думаю, што яму Беларусь нецікавая. Я не ўпэўнены, што Трамп увогуле ведае, дзе Беларусь знаходзіцца. Беларусам ад Трампа, мне падаецца, нічога асаблівага чакаць не даводзіцца. Бо ён і ягоны ўрад будуць дзейнічаць досыць прагматычна.

Іх не будуць цікавіць праблемы свабод і правоў чалавека. Пэўная крытыка на адрас беларускага рэжыму будзе гучаць, але яна будзе мець хутчэй фармальны характар.

Што тут дрэннага для Лукашэнкі? Ён відавочна захапляецца Трампам, ён хацеў бы перазапусціць стасункі са Злучанымі Штатамі, але ён ім нецікавы.

Калі ў першую кадэнцыю Трампа яшчэ былі класічныя рэспубліканскія палітыкі кшталту Пампео ці Болтана, якія спрабавалі выцягнуць Беларусь з абдымкаў Расіі, аслабіць такім чынам Маскву, то сёння такіх ілюзій у Вашынгтона няма.

Я думаю, што гэтая адміністрацыя прызнае, што Беларусь з’яўляецца зонай уплыву Расійскай Федэрацыі і, імкнучыся дасягнуць кампраміс з Масквой, яны не будуць нічога рабіць на беларускім напрамку.

То бок, сур’ёзнай цікавасці не будзе, бо няма магчымасцяў нешта змяніць. Акрамя таго, Лукашэнка — не тая фігура, з якой можна будзе весці нейкія справы.

А што тычыцца дэмакратычных сілаў, то ім прыйдзецца вельмі складана. Бо адміністрацыя Байдэна падтрымлівала іх, сыходзячы з ліберальных каштоўнасцяў. Бо яе прадстаўнікі выдатна ведалі, што магчымасці дэмсілаў паўплываць на падзеі ўнутры Беларусі вельмі абмежаваныя.

Але падтрымка была, бо яна мела такі каштоўнасны характар. Гэта тыя людзі, якія падзяляюць нашыя заходнія каштоўнасці, таму мы ім павінны дапамагаць. А для Трампа гэта ўсё — пусты гук, у яго няма каштоўнасцяў. Для яго пытанне ў тым, што гэтыя людзі яму могуць прынесці. Яны ўплываюць на сітуацыю ў Беларусі? Яны могуць прынесці перамены ў сваёй краіне?

Паколькі прапанаваць Трампу беларускія дэмсілы мала што могуць, то і выбудоўваць нейкія ўзаемаадносіны будзе вельмі складана. Фармальная падтрымка на словах будзе прысутнічаць. А чакаць чагосьці большага няма падстаў. Таму я тут не бачу пазітыўных трэндаў ні для лукашэнкаўцаў, ні для дэмакратычных сілаў.

— У Ізраілі, мяркуючы па ўсім, святкуюць перамогу Трампа. Чаму так здарылася?

— Гэта сапраўды так. Згодна апытанняў большасць выступае за Трампа. І нічога надзвычайнага ў гэтым няма. Бо ён і падчас свайго першага тэрміна падтрымліваў Ізраіль. Патрымліваў аднабакова.

Ён пайшоў на такі сімвалічны крок, як перанос амбасады ЗША з Тэль-Авіва ў Іерусалім. Тым самым ён прызнаў увесь Іерусалім як сталіцу Ізраіля. Гэта крок, які вельмі спадабаўся ізраільцянам, асабліва правым палітыкам.

Яны разлічваюць, што пры Трампе будзе больш падтрымкі і менш крытыкі ў бок Ізраіля. Больш паставак зброі і, магчыма, супольная акцыя супраць таго ж Ірана.

Таму ізраільскі бок мусіць быць цалкам задаволены. Асабліва прэм’ер Нетаньяху, у якога добрыя стасункі з Трампам.

Альтэрнатыва ў асобе Харыс для Ізраіля была досыць дрэннай. Бо сярод палітыкаў-дэмакратаў часцей гучыць крытыка ў ізраільскі бок. Так было і пры сённяшняй адміністрацыі Байдэна, і ў часы Абамы, калі гэтая крытыка была яшчэ больш жорсткай.

І калі б цяпер да ўлады прыйшла дэмакратка Харыс, сітуацыя для Ізраілся разгарнулася б у бок той самай абамаўскай палітыкі. Абама, як вядома, выступаў за стварэнне палестынскай дзяржавы, што ізраільцянам, натуральна, не падабалася.

Таму ізральскі бок цалкам задаволены гэтымі вынікамі. А для Нетаньяху зараз галоўнае — дачакацца Трапма, каб выступіць супраць ворагаў Ізраіля супольна з амерыканцамі.

Тут ёсць яшчэ адзін цікавы момант. Пакуль няма канчатковай выніковай статыстыкі, але папярэдныя апытанні сведчылі, што амерыканскія габрэі будуць галасаваць за Трампа.

Гэта досыць новая з’ява, бо традыцыйна яны аддаюць свае галасы за дэмакратаў. І выглядае на тое, што Трампу, з яго падтрымкай Ізраіля, а таксама з ягонай крытыкай антысемітызму ў ЗША, гэтым разам удалося атрымаць істотную частку галасоў амерыканскіх габрэяў.

— Сярод украінскіх экспертаў пануе змрочны настрой. А ў Маскве, калі прыгадаць першую кадэнцыю Трампа, ужо апякліся на ім. Што гэтая перамога дае Украіне, і што — Расіі?

— Пачну з Украіны. Тут варта глядзець на тое, што і як казаў пра вайну Трамп. А таксама ягоны віцэ-прэзідэнт Вэнс. Улічваючы паважаны ўзрост Трампа, роля Вэнса, ягоны ўплыў на знешнюю палітыку ЗША будзе расці. Таму да яго ўсім нам варта прыгледзецца больш пільна.

І ў тым сэнсе, што Трамп і Вэнс казалі пра Украіну, для ўкраінцаў усё выглядае досыць змрочна. Той жа Вэнс адкрыта казаў, што ваенную падтрымку Украіны неабходна спыняць, што Кіеў мусіць адмовіцца ад акупаваных Расіяй тэрыторый. Рэспубліканцы, як вядома, выступалі супраць паставак зброі. І зараз яны маюць свайго прэзідэнта, яны будуць кантраляваць і Сенат, і Кангрэс. Таму ўсё гэта пакуль выглядае дрэнна і змрочна для Украіны.

Выглядае на тое, што Кіеў будуць прымушаць да перамоваў на ўмовах Трампа. Таму ягоная перамога для ўкраінцаў — гэта пакуль што дрэнная навіна. Падкрэслю — пакуль.

Цяпер да Расіі. Калі Пуцін заяўляў, што фаварытам Крамля з’яўляецца Камала Харыс, то многія эксперты не ўспрынялі гэта ўсур’ёз. Маўляў, гэта ўсё словы былога супрацоўніка КДБ. Я ж лічу, што, магчыма, гэта так і ёсць.

Бо асаблівасцю Харыс з’яўляецца прадказальнасць. Расейцам было зразумела, якую палітыку яна будзе праводзіць. Так, гэта не сябар, гэта вораг Расіі, але вораг прадказальны і зразумелы.

Што тычыцца Трампа, то ягоная рыторыка больш прымальная для Масквы. Але ён акурат непрадказальны, ніхто не ведае, якую палітыку ён насмрэч будзе праводзіць. Ён прапануе Крамлю пэўны кампраміс, але я не думаю, што гэта тое, з чым Расія зможа пагадзіцца.

А калі Масква не захоча ўдзельнічаць у мірных перамовах на умовах Трампа, то ягоная палітыка можа хутка змяніцца. І ад перамоваў ён можа перайсці да падтрымкі Украіны. Менавіта ён быў тым прэзідэнтам ЗША, які пачаў пастаўляць зброю ўкраінцам.

Трамп будзе прымушаць Украіну і Расію да пэўнага кампрамісу на сваіх умовах. Але можа здарыцца так, што кампраміс можа апынуцца непрымальным і для Кіева, і для Масквы.

І калі ён будзе адрынуты, то можа здарыцца так, што палітыка Трампа зменіцца карэнным чынам. І тады Украіна атрымае такую падтрымку ад ЗША, на якую ад адміністрацыі Байдэна яна не магла і разлічваць. Таму тут ёсць такі чыннік непрадказальнасці.

Чаму ў Расіі могуць быць прычыны для незадаволенасці вынікамі выбараў. Мне падаецца, што ў Крамлі быў разлік на перамогу Харыс. Перамогу не такую пераканаўчую, як мы бачым у Трампа.

І што Трамп гэтую перамогу не прызнае, што прывядзе да канфліктаў і крызісу ў ЗША, магчыма, да ўжывання зброі.

І тады Масква скарыстаецца цяжкім становішчам у Злучаных Штатах, каб дасягнуць сваіх мэтаў ва Украіне. Таму што Вашынгтону будзе не да Украіны.

Цяпер жа відавочна, што такога сцэнара падзей не будзе. Байдэн пакуль застаецца да інаўгурацыі, ваенная дапамога Кіеву працягнецца. І такога, што Украіну кінуць у гэтыя месяцы, не будзе.

Адпаведна, прасунуцца на фронце, як гэтага хацелі ў Крамлі ў выпадку крызісу ў ЗША, наўрад ці атрымаецца. А што будзе потым, якія будуць перамовы і ці будуць яны ўвогуле — гэта пытанне адкрытае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.5(69)