Политика

Фрыдман: Мэркель лічыла Беларусь зонай расейскага ўплыву, новы нямецкі ўрад можа гэта зьмяніць

Нямецкі гісторык Аляксандар Фрыдман прагназуе на Радыё Свабода магчымыя вынікі нямецкіх выбараў, аналізуе «прарасейскую» пазыцыю Бэрліна ў беларускім і ўкраінскім пытаньнях і тлумачыць, чаму яна можа істотна зьмяніцца пасьля выбраньня новага ўраду.

— Давайце спачатку абмяркуем магчымыя вынікі выбараў у нямецкі Бундэстаг, якія адбудуцца ў нядзелю, 26 верасьня, як яны выглядаюць паводле сацыялягічных дадзеных. Наколькі я разумею, найбольшы рэйтынг у сацыял-дэмакратаў, і цалкам магчыма, што яны здолеюць стварыць кааліцыю зь «зялёнымі» і лібэраламі. Наколькі магчымым зьяўляецца менавіта такі вынік?

Аляксандар Фрыдман

— Такі вынік зьяўляецца цалкам магчымым. Сацыял-дэмакраты, паводле самых апошніх апытаньняў, зьяўляюцца лідэрамі, але іхная магчымая перамога ня будзе ўпэўненай, каля 25 адсоткаў. Хрысьціянскія дэмакраты адстаюць ад іх усяго на 2-3%, так што ў гэтым сэнсе ўсё вельмі хістка.

Што тычыцца магчымай кааліцыі сацыял-дэмакратаў разам зь лібэраламі і «зялёнымі»... Праблема тут, мабыць у тым, што калі ўзяць зялёных і сацыял-дэмакратаў, то гэта натуральныя партнэры, якія ўжо падкрэсьлівалі, што жадаюць працаваць разам. Трошкі цяжэй будзе дамовіцца зь лібэраламі з Свабоднай дэмакратычнай партыі, бо СДП традыцыйна супрацоўнічала з хрысьціянскімі дэмакратамі.

Сытуацыя можа скласьціся так, што калі лібэралы адмовяцца ад уваходу ў такую кааліцыю, то сацыял-дэмакраты і «зялёныя» могуць пайсьці на кааліцыю з партыяй «Левыя».

— Чым бы вы патлумачылі фэномэн Ангелы Мэркель, якая кіравала Нямеччынай 16 гадоў, што даволі незвычайна для заходнеэўрапейскай краіны? І тое, што цяпер ейная партыя хрысьціянскіх дэмакратаў не зьяўляецца лідэрам гонкі, ці не азначае, што немцы трошкі стаміліся ад яе кіраваньня?

— Па-першае, калі паглядзець на нямецкую гісторыю, то Мэркель — гэта ня першы чалавек, які так доўга знаходзіцца ва ўладзе. Іншыя канцлеры, прадстаўнікі хрысьціянскіх дэмакратаў, таксама: Гельмут Коль кіраваў 16 гадоў, Конрад Адэнаўэр — 14 гадоў, так што такая традыцыя прысутнічае.

Безумоўна, Мэркель была пасьпяховым канцлерам, ёй удалося кансалідаваць грамадзтва, праводзіць узважаную палітыку, эканамічнае разьвіцьцё было станоўчым, і большасьць насельніцтва было ёю задаволеная. Немцы не стаміліся ад той палітыкі, якую яна праводзіла, але, магчыма, яны трошкі стаміліся ад самой Мэркель. Людзі хочуць, каб на чале краіны былі новыя асобы, гэта назіраецца.

— Нямеччына заўсёды праводзіла даволі актыўную палітыку ў дачыненьні да незалежнай Беларусі. Пачынаючы ад місіі АБСЭ Віка да сустрэчы нарманскай чацьвёркі ў Менску, да спробы Мэркель дазваніцца да Лукашэнкі ў жніўні 2020 году. Чаму так атрымалася? Проста таму, што Нямеччына — самая магутная і аўтарытэтная краіна Эўразьвязу, ці Бэрлін мае нейкае адмысловае стаўленьне да беларускай тэмы?

— У часы Мэркель Нямеччына набывала вагу ў Эўразьвязе. І калі Брытанія пакінула Эўразьвяз, Германія і Францыя адназначна сталі асноўнымі краінамі Эўразьвязу, якія і вырашаюць яго замежную палітыку.

Другі момант — гэта эканамічнае супрацоўніцтва, цесныя эканамічныя сувязі Нямеччыны з краінамі Ўсходняй Эўропы і постсавецкай прасторы.

І яшчэ адзін важкі момант для нямецкай палітыкі — гістарычна-маральны. Усходняя Эўропа — менавіта тыя тэрыторыі, якія падчас Другой сусьветнай вайны знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй і дзе нацысты праводзілі сваю злачынную палітыку генацыду. Таму гістарычная адказнасьць таксама ўплывае на нямецкую палітыку. Немцы, напрыклад, вельмі актыўна на ўзроўні дзяржавы і прыватных фондаў займаліся чарнобыльскай праблематыкай.

— І ў гэтай актыўнай усходняй палітыцы многія абвінавачваюць Бэрлін у прарасейскай накіраванасьці. Бо Нямеччына ў некаторых рэгіянальных канфліктах (напрыклад, расейска-ўкраінскім) спрабуе граць ролю «мадэратара», пасярэдніка, а не займае адназначна антырасейскую пазыцыю, як многія патрабавалі. Ці можна сказаць, што пры новым урадзе сацыял-дэмакратаў і «зялёных» гэтае стаўленьне можа зьмяніцца?

— Трэба ўлічваць наступнае. Нямеччына сапраўды мае цесныя сувязі і эканамічныя інтарэсы з Расеяй. Таму рэгіянальная палітыка, якую праводзіў урад Мэркель, была ў тым, каб ня выйсьці на канфлікт з Расеяй. «Так, мы падтрымліваем дэмакратычны рух у Беларусі і Ўкраіне, мы змагаемся за правы чалавека, але мы ведаем, што побач знаходзіцца Расея, і расейскія інтарэсы трэба ўлічваць».

Гэтае «ўлічваньне інтарэсаў Расеі» асабліва ўзмацнілася пасьля ўкраінскага крызісу. Да гэтага палітыка была значна больш адназначнай, немцы падтрымлівалі Эўрамайдан, падтрымлівалі празаходнія сілы ва Ўкраіне, першапачаткова даволі моцна падтрымлівалі Парашэнку. Але калі адбылася анэксія Крыму і вайна ў Данбасе, гэта зьмяніла палітыку Бэрліна. Яна стала больш абачлівай, назіралася лінія на тое, каб ня выйсьці на новае процістаяньне з Расеяй.

І калі здарыліся беларускія падзеі, жнівень 2020 году, то палітыка Бэрліну была наступная: «Мы супраць Лукашэнкі, ён павінен сысьці, мы патрабуем вызваленьня палітвязьняў, уводзім санкцыі». Але з другога боку, і ў Бэрліне, і ў Парыжы яшчэ ў жніўні 2020 году вырашылі, што беларускі крызіс немагчыма разьвязаць без Расеі. І ўсё, што рабіла Мэркель (часам з Макронам, часам без Макрона) — гэта спробы дамовіцца з Масквой. Сесьці з Крамлём за стол перамоваў і знайсьці нейкае выйсьце, паважаючы інтарэсы Расеі.

Яны ж з заходняга боку заўсёды падкрэсьлівалі, што ніхто не зьбіраецца зацягваць Беларусь у сфэру заходніх інтарэсаў, у заходнія саюзы. Усе разумеюць, што гэта зона інтарэсаў Масквы. Ніхто ня будзе імкнуцца выкінуць Маскву зь Беларусі. Але ж трэба вырашаць праблему. Маўляў, хай гэта будзе іншы прарасейскі кіраўнік — але ж не Лукашэнка зь ягонымі выбрыкамі і жорсткасьцю.

— Але ж гэтая пазыцыя не прынесла таго выніку, на які была разьлічаная. Пуцін сам прызнаваўся, што яму заходнія лідэры гавораць паўплываць на Лукашэнку, а ён кажа ім — гаварыце з самім Лукашэнкам. Ці не здаецца, што такая нямецкая стратэгія ўперлася ў пэўны тупік? І ці магчыма, што новы ўрад, які будзе створаны пасьля выбараў, будзе ставіцца да беларускага крызісу зусім па-іншаму?

— Мэркель падчас свайго апошняга, разьвітальнага візыту ў Маскву падымала беларускае пытаньне, але відавочна, што нічога не атрымалася. Мэркель ці сёньняшні лідэр хрысьціянскіх дэмакратаў Армін Лашэт, ці лідэр сацыял-дэмакратаў Улаф Шольц — гэта палітыкі сталага ўзросту, ім за 60, гэта людзі, якія «вырасьлі падчас „халоднай вайны“». Яны ўспрымаюць постсавецкую прастору як тэрыторыю, дзе ў Расеі асаблівыя інтарэсы, якія трэба ўлічваць.

Але ў наступным нямецкім урадзе, хутчэй за ўсё, міністэрства замежных справаў Нямеччыны будзе ў руках партыі «Зялёныя». І гэта ўжо зусім іншае стаўленьне да беларускага і ўкраінскага пытаньня. Гэтай партыяй кіруюць больш маладыя людзі. Анналене Бэрбак, якая прэтэндуе на пасаду канцлера, але хутчэй за ўсё, атрымае пасаду міністра замежных справаў, трошкі за 40. Яны не глядзяць на Беларусь і Ўкраіну як на натуральную зону інтарэсаў Расеі.

Мне думаецца, што калі наступны нямецкі ўрад будзе сфармаваны той кааліцыяй, пра якую мы гаварылі (сацыял-дэмакраты, лібэралы і «зялёныя»), то замежная палітыка Нямеччыны істотна зьменіцца. Яна будзе менш прагматычнай, каштоўнасьці будуць адыгрываць большую ролю. Яны будуць больш рашуча патрабаваць вызваленьня палітвязьняў, больш жорсткіх санкцыяў (ужо патрабуюць). У пазыцыі лібэралаў і «зялёных» шмат адрозьненьняў — але не ў беларускім пытаньні.

— А як «зялёныя» і сацыял-дэмакраты могуць адрэагаваць на мігранцкі крызіс, створаны афіцыйным Менскам — з улікам таго, што гэта моцна «праэмігранцкія» партыі. Ці ня могуць яны трапіць у тую «гуманітарную» пастку, якую ствараюць беларускія ўлады, і пачаць крытыкаваць Польшчу і Літву за іхнае нежаданьне прапускаць мігрантаў?

— З аднаго боку, ёсьць нямецкія законы, якія кажуць, што людзі, якія прэтэндуюць на прытулак, павінны мець шанец яго атрымаць. З другога боку, ёсьць настроі насельніцтва, якія пасьля мінулага мігранцкага крызісу 2015 году даволі насьцярожаныя. Таму амаль усе партыі абыходзяць тэму ўцекачоў і тэму беларуска-польскай мяжы. Але калі выказваюцца, то там найперш ідзе крытыка Лукашэнкі за тое, што ён стварыў гэты крызіс і выкарыстоўвае мігрантаў.

Тыя ж «зялёныя» застаюцца верныя сваім прынцыпам і крытыкуюць Польшчу і Літву за тое, як яны ставяцца да ўцекачоў. Зразумела, што пасьля выбараў яны пра гэта будуць гаварыць усё больш. Але і для «зялёных» відавочна, што Лукашэнка ўсё гэта арганізаваў; ён галоўны, хто нясе адказнасьць за тое, што адбываецца зь мігрантамі.

Яшчэ адзін момант, які варта згадаць, — гэта чыньнік Марыі Калесьнікавай, якая для нямецкіх палітыкаў адыгрывае асаблівую ролю. Для немцаў яна галоўная палітзьняволеная, усе астатнія менш вядомыя. Яна немцам блізкая, яна тут жыла, яны яе разумеюць, нямецкія палітыкі неаднаразова пра яе выказваліся.

Калі б Лукашэнка пажадаў зрабіць хоць нейкі крок да паразуменьня зь немцамі, ён павінен вызваліць найперш Калесьнікаву. Калі б Калеснікава выйшла на волю, можа, тады крытыка нямецкіх палітыкаў была б не такой моцнай. Але, пакуль яна за кратамі, процістаяньне будзе толькі ўзмацняцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(28)