Филин

Сяргей Васілеўскі

Фрыдман: Калі словы Яшына пра вызваленне палітвязняў – праўда, то гэта непрыемная сітуацыя для беларускіх дэмсілаў

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у каментары Филину – пра заяву расійскага апазіцыянера наконт прычыны нядаўніх вызваленняў беларускіх палітвязняў.

Ілля Яшын агучыў сваю версію пра прычыны цэлай хвалі вызвалення палітвязняў у Беларусі.

— Як мне патлумачылі, ён (Лукашэнка) літаральна абменьвае людзей на дэталі для самалётаў. У яго праблема з «Белавія», і яму трэба рамантаваць самалёт, яму патрэбныя нейкія дэталі, якія ён не можа атрымаць праз санкцыі. І ён літаральна абменьвае жывых людзей на дэталі для самалётаў.

Пры гэтым расійскі палітык дадаў, што ні Калеснікаву, ні Ціханоўскага, ні Бабарыку ні на якія дэталі Лукашэнка не абмяняе.

Пра рэалістычнасць версіі Яшына, магчымыя наступствы гэтай гісторыі, а таксама пра ролю ў ёй беларускіх дэмсіл Филин пагутарыў з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

— Наколькі праўдападобнай выглядае заява Іллі Яшына наконт асаблівасцяў вызвалення беларускіх палітвязняў?

— Давайце пачнем з таго, адкуль у яго можа быць такая інфармацыя. У прынцыпе, гэта могуць быць кантакты з прадстаўнікамі Захаду, якіх у яго шмат. Яшын не адносіцца да катэгорыі балбатуноў. Звычайна ён адказвае за свае словы. Я думаю, што ён абапіраецца на досыць надзейныя крыніцы інфармацыі.

Што тычыцца гэтай версіі, то яна выглядае цалкам лагічнай. Бо Лукашэнка — гэта не той чалавек, які пойдзе на такія крокі толькі дзеля самаго працэсу.

Канечне, можна сабе ўявіць, што ён пайшоў на гэта, каб стварыць атмасферу даверу. Я пра гэта раней неаднаразова казаў, калі яшчэ не было інфармацыі пра тое, што ён мог атрымаць за вызваленне людзей.

Маўляў, глядзіце — я магу пайсці на такія і такія крокі. Паразмаўляйце са мной, прапануйце мне штосьці сур’ёзнае, а тады мы можам дамовіцца і наконт іншых.

Цяпер жа выглядае, што Лукашэнку, цалкам магчыма, спатрэбіліся гэтыя запчасткі. Можа для «Белавія», а можа гаворка пра ягоны асабісты самалёт. Атрымаць гэтыя запчасткі не атрымліваецца, хоць гэта трошкі дзіўна выглядае, бо яны ўсё ж добра падрыхтаваліся да абыходу санкцый.

У дадзеным выпадку выглядае, што абыйсці іх усё ж не атрымліваецца. Таму ён і мог пайсці на такі варыянт, калі ён вызваляе пэўную колькасць палітвязняў, а яму за гэта дазваляюць атрымаць тыя запчасткі.

Тут, праўда, са словаў Яшына незразумела, ці яму дазваляюць набываць неабходныя дэталі, ці наўпрост іх яму перадаюць. Але агулам гэта выглядае цалкам лагічна. У мяне няма асаблівых сумневаў у верагоднасці такога сцэнара.

Я ўжо прыводзіў гістарычныя прыклады. Гісторыя палітвязняў — гэта вядомая традыцыя ў сацыялістычных краінах. Асабліва гэта характэрна было для сатэлітаў СССР — Румыніі, ГДР. Улады тых краінаў разглядалі палітвязняў у якасці рэсурсу. Яны заўжды былі гатовыя іх вызваляць, але толькі ў абмен на нешта.

У гэтым сэнсе Лукашэнка дзейнічае цалкам у рэчышчы гэтай традыцыі. Я нават не ўпэўнены, што ён, ці тыя, хто яму раіць такі абмен, знаёмыя з румынскай ці гэдээраўскай традыцыяй. Гэта хутчэй сутнаснае падабенства такіх рэжымаў, якія ў падобных сітуацыях дзейнічаюць аднолькава.

Таму я цалкам магу сабе ўявіць, што Яшын тут мае рацыю. Паўтаруся, Лукашэнка не той чалавек, які будзе нешта рабіць за проста так.

— Калі словы Яшына з’яўляюцца праўдай, то што можна сказаць пра беларускія дэмсілы ў дадзенай сітуацыі? Бо збоку выглядае, што яны альбо не ведаюць пра гэтыя акалічнасці, у адрозненне ад расійскай апазіцыі. Альбо ведаюць, але па нейкай прычыне маўчаць.   

— Па-першае, для беларускіх дэмсілаў гэтая гісторыя абсалютна непрыемная. І яна непрыемная ў першую чаргу ў сувязі з паводзінамі Захаду. Бо тут адразу ж узнікае пытанне: чаму Захад ідзе на такія здзелкі з Лукашэнкам? Які ў яго матыў?

Дарэчы, тут вельмі цікавы момант, бо Яшын пра гэта нічога не казаў. І для мяне гэта тут досыць слабое месца ў ягоных словах. Бо мне, шчыра кажучы, не зразумелая матывацыя Захаду ў гэтай гісторыі.

Міжнародны дзень салідарнасці з Беларусьсю ў Варшаве, жнівень 2024-га

Навошта абыходзіць уласныя санкцыі? Каб вызваліць людзей? Ну добра, Захад заўсёды імкнуўся паспрыяць вызваленню палітвязняў. І ўсё ж такі, навошта ісці на здзелку на ўмовах Лукашэнкі? Бо, выглядае, што ён кажа, што яму патрэбна, а не Захад. Таму гэтае пытанне для мяне адкрытае.

Калі мы па-ранейшаму сыходзім з таго, што Яшын мае рацыю, то што ў такім выпадку даводзіцца рабіць дэмакратычным сілам? Казаць, што Захад гуляе ва ўласную гульню, у якой яны не ўдзельнічаюць?

Што ён абыходзіць уласныя санкцыі? Бо гэтая гісторыя і Захад пакажа не ў самым лепшым святле. Бо ён, атрымаецца, гатовы кропкава супрацоўнічаць з такім рэжымам.

А паколькі дэмсілы арыентуюцца на Захад, то навошта ім падстаўляць сваіх партнёраў ды яшчэ пры гэтым дэманстраваць сваю слабасць. Я пакуль не бачыў, ці былі наконт заявы Яшына заявы Ціханоўскай ці Латушкі.

Беларускія дэмсілы ўжо траплялі ў вельмі непрыемную сітуацыю, калі быў вялікі абмен палітзняволенымі паміж Захадам і Расіяй, і ім давялося прызнаць, што яны былі па-за дужкамі тых перамоваў. І яшчэ раз дэманстраваць тое, што яны не маюць сур’ёзнага палітычнага ўплыву, ім было б вельмі непрыемна.

Тут цікава было б пачуць ад Яшына, якія ў яго былі крыніцы інфармацыі. Бо ён пра гэта сказаў проста, нібы між іншым. Цікава было б высветліць, пра якія краіны Захаду гаворка.

Калі дапусціць, што справа найперш датычыць самалёта Лукашэнкі, то гэта «Боінг», які вырабляюць у ЗША. У «Белавія», здаецца, няма еўрапейскіх самалётаў, там амерыканскія і бразільскія.

Таму пытанне, напэўна, не ідзе пра Еўропу, а пра Злучаныя Штаты. А што тычыцца ЗША, то там знаходзіцца цяпер іншы расійскі апазіцыянер Уладзімір Кара-Мурза. Ён і мог быць адной з крыніцаў інфармацыі. Пытанні, канечне, застаюцца, але версія ўсё адно выглядае лагічнай.

 — Калі дапусціць, што гэта праўдзівыя звесткі, наколькі ўразлівая гэта інфармацыя для лукашэнкаўскага рэжыма? Наколькі непажаданым можа быць для яго апублічванне гэтых звестак?

— У прынцыпе, з пункту гледжання Лукашэнкі ў апублічванні інфармацыі пра абмен людзей на запчасткі для самалётаў нічога дрэннага няма. Бо тут жа хоць нешта атрымалі. Пра гэта і той жа Васкрасенскі кажа: мы можам выпусціць гэтых людзей і штосьці за іх атрымаць.

Калі ж мы сыходзім з таго, што ўсё гэта праўда, і яны хацелі б працягваць гэты працэс, бо ці мала што яшчэ ім можа спатрэбіцца, то я думаю, улады хацелі б гэта рабіць без лішняга розгаласу, без падрабязнасцяў.

Тут можна прывесці яшчэ адно гістарычнае параўнанне. Камбінацыі, якія праводзілі ў ГДР і Румыніі, не былі сакрэтам на Захадзе. Тая ж заходненямецкая прэса пісала пра іх. Было вядома, што гэтыя краіны зарабляюць на такім гандлі.

Але ў самой ГДР пра гэта не гаварылі, гэта былі абсалютна сакрэтныя аперацыі, якія праводзіліся па партыйнай лініі, альбо па лініі «Штазі» — у пераважнай большасці выпадкаў. У выпадку Румыніі — па лініі «Секурытатэ». Думаю, і ў выпадку Беларусі прадстаўнікі рэжыму дзейнічаюць паводле гэтай традыцыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.5(54)