Филин

Юлія Кот

Фрыдман: «Гісторыя вакол саміту завяршылася нічыёй»

Палітычны аглядальнік — пра тое, што хвалявала Лукашэнку больш за саміт у Швейцарыі.

У гэтыя выходныя ў Швейцарыі адбыўся саміт міру. Двухдзённая канферэнцыя з удзелам больш як 90 краін свету, насуперак чаканню крамлёўскіх прапагандыстаў, не правалілася, хоць і прарыўной у сэнсе адзінадушнага асуджэння расейскай агрэсіі і сцэнарыю  завяршэння вайны ва Украіне не стала. Выніковае камюніке саміту падпісалі 80 краін і чатыры міжнародныя арганізацыі.

Расію і Беларусь на мерапрыемства чакана не запрасілі, а «прапанову» Уладзіміра Пуціна завяршыць вайну фактычна праз здачу ўсіх тэрыторый анексаваных РФ рэгіёнаў і адменай санкцый праігнаравалі. Хоць у перспектыве Швейцарыя не выключыла перамоў з Расіяй і нават паабяцала не арыштоўваць Уладзіміра Пуціна, калі Масква будзе выконваць статут ААН — але проста сёння гэта выглядае малаверагодным.

Беларусь жа, падаецца, на палях саміту не згадвалася наогул — ні ў пазітыўным, ні ў негатыўным ключы. Пра тое, што гэта значыць для рэжыму Лукашэнкі і наколькі непрыемны момант для беларускіх уладаў тое, што камюніке падпісалі нібыта «сяброўскія» краіны — Турцыя, Венгрыя ды шэраг іншых, Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

Аляксандр   Фрыдман

— Тыя краіны, якія для Лукашэнкі важныя як стратэгічныя партнёры і з якімі развівае адносіны, якраз не падпісалі камюніке (Бразілія, Індыя) альбо не прысутнічалі на саміце (Кітай), — зазначае аналітык. — У гэтым сэнсе нічога нечаканага акурат не адбылося.

Тое, што Беларусь не запрасілі — непрыемна, вядома ж, але зразумела. Тут, дарэчы, цікавы момант: вось калі б Расію запрасілі, а яго не, тут Лукашэнка мог гучна абурыцца. Але такі варыянт амаль немагчыма сабе ўявіць.

Затое Лукашэнка паўдзельнічаў у расійскай прапагандысцкай кампаніі ў сувязі з самітам, калі агучваў неабходныя для Пуціна рэчы і заклікаў звярнуць увагу на важныя для Крамля рэчы. Тут ён сваю ролю адыграў.

Наогул, лічыць Аляксандр Фрыдман, цяжка назваць швейцарскі саміт паспяховым ці непаспяховым — бо гэта пытанне чаканняў. Сур’ёзных зрухаў не адбылося, але на іх і не варта было разлічваць, затое мела месца пэўная кансалідацыя краін вакол Захаду, і гэтых краін нямала.

— Усё ж такі прыехаў, напрыклад, прэзідэнт Аргенціны, — звяртае ўвагу палітычны аглядальнік, — і Аргенціна далучылася да фармату Рамштайну, нават збіраецца пастаўляць нейкія ўзбраенні. Хоць гэта нельга назваць нечаканасцю, усё ж Хаўер Мілей — праамерыканскі палітык.

Адметна, што былі на саміце і розныя афрыканскія краіны, якім трэба было заявіць пра сваю прысутнасць. Тая ж Самалі — натуральна, для іх удзел у рашэнні датычна вайны ва Украіне — рэч важная, надзвычайная.

Але ў цэлым не думаю, што гэты саміт нейкім чынам паўплывае на беларускі рэжым і пазіцыю Лукашэнкі. Той разумее, што мірныя ініцыятывы, якія распрацоўваюцца і абмяркоўваюцца зараз, не маюць перспектыў для рэалізацыі. Таму паказальнае стаўленне беларускага боку: яны нават ніяк не адрэагавалі на саміт.

Вядома, дзяржаўная прапаганда гэта абвесціла «правалам», але ні МЗС, ні сам Лукашэнка не выказаліся. Ды і ў прапаганды сёння іншая праблема: як выкруціцца з футбольным матчам Украіна-Румынія, які паказваць увогуле не збіраюцца.

— Сярод падпісантаў камюніке ёсць краіны, з якімі Беларусь старанна сябруе: тыя ж Cлавакія, Венгрыя, Турцыя. Гэта выклік для беларускіх уладаў, ці ў параўнанні з пазіцыяй ключавых партнёраў рэч неістотная?

— Перадусім, гэта абсалютна чакана. Уплыў Масквы прынамсі на Венгрыю, на маю думку, моцна перабольшаны.

Прадстаўнікі Венгрыі могуць з’ездзіць у Мінск, паразмаўляць з беларускім бокам і атрымаць нейкія прэферэнцыі наконт будаўніцтва АЭС — бо «Расатам» будуе ў Венгрыі атамную электрастанцыю, а вопыт беларускіх спецыялістаў не запатрабаваны ў свеце, то чаму б яго танна не выкарыстаць. Але лічыць, што кіраўніцтва Венгрыі — расійскія агенты ці марыянеткі, — гэта не так, яны проста шукаюць, дзе і як рэалізаваць уласныя інтарэсы.

У турэцкім выпадку — так, яны падпісалі камюніке. Але адначасова Турцыя выказваецца пра неабходнасць удзелу Расіі ў мірным працэсе, і публічныя заявы іх вельмі дыпламатычныя. Для Турэччыны гэта звычайная гісторыя: яны, напрыклад, не ўводзяць санкцыі, не пастаўляюць зброю, але адначасова падкрэсліваюць, што Украіна павінна вярнуцца ў межы 1991 года.

Таму я, хутчэй, звярнуў бы ўвагу, што частка краін прыехала на саміт, але вагалася: калі яны не падпішуць выніковае камюніке, ці змогуць атрымаць нешта ад Масквы. Наколькі я разумею, у апошні момант адклікалі свае подпісы Ірак і Іарданія — напэўна, нешта цікавае ім было прапанавана.

— Тое, што беларускае пытанне, відаць, наогул не ўздымалася ў гаворцы пра магчымыя кампрамісы — гэта для беларускага рэжыму хутчэй добра, бо захоўваецца статус-кво?

— Так, ён і захоўваецца. Лукашэнка да такой сітуацыі падрыхтаваны: не запрасілі — то не давялося адмаўляцца, не згадвалі ні ў якім ключы — ну і ладна, значыць, Украіна таксама не зацікаўленая прасоўваць антылукашэнкаўскі наратыў.

Нават думаю, што Лукашэнка не сачыў за падзеямі саміту. У яго на гэтых выходных былі іншыя праблемы: як стрымаць сябе і не зрабіць новых выказванняў у армянскім накірунку або ў ізраільскім. А саміт для яго — пытанне другаснае.

Натуральна, ён жадаў бы сябе нейкім чынам праявіць, бо баіцца, што яго проста паставяць перад фактам. І калі будзе новая канферэнцыя, ініцыяваная, скажам, Кітаем, і яго запросяць — вядома, ён будзе ўдзельнічаць і намагацца выдаць усе свае аргументы пра тое, што «ў нас тут мяжа» і іншыя пункты пра значнасць Беларусі. Пакуль жа такі момант відавочна не настаў,  то ён маўчыць. Цікава, ці будзе выказвацца наконт пуцінскіх праектаў — пакуль таксама ніяк іх не каментаваў.

Рэзюмуючы — значэнне саміту міру ў Швейцарыі не варта перабольшваць, але і не трэба перамяншаць, беручы на ўзбраенне крамлёўскія наратывы, што «ўсё сарвалася». Нічога не сарвалася. Можна сказаць, што гісторыя вакол саміту завяршылася нічыёй.

Саміт адбыўся і быў досыць унушальным, у ім узялі ўдзел прадстаўнікі розных кантынентаў, Захад рашуча Украіну падтрымаў — у гэтым сэнсе ўсё нармальна. З другога боку, не адбылося радыкальнага прарыву, каб, скажам, Індыя і іншыя дзяржавы змянілі сваё стаўленне — але такая палітычная рэчаіснасць, што ў сённяшніх варунках чакаць прарыву не выпадае. Гульня працягваецца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.7(32)