Удзельнікі «Чарнобыльскага шляху» ў Вільні прынеслі да пасольства РФ «ядзерную бомбу», каб вярнуць яе назад Расіі
Традыцыйнае шэсце са старымі і новымі сэнсамі прайшло ў Літве, Польшчы, Германіі і іншых краінах.
У сталіцы Літвы на Лукішскай плошчы сабраліся беларусы, каб яшчэ раз нагадаць свету пра жудасныя наступствы катастрофы на ЧАЭС і выказацца супраць ядзернай зброі ў Беларусі.



Падтрымаць акцыю і выказаць салідарнасць і падтрымку нашым суайчыннікам прыйшоў таксама кіраўнік групы Сейма Літвы «За дэмакратычную Беларусь» Жыгімантас Павілёніс.
Сярод прысутных быў і кіраўнік Украінскага дома ў Вільні Пятро Пірагоў. У сваім выступу ён працытаваў словы Кастуся Каліноўскага і заклікаў змагацца з супольным ворагам.


Падчас мітынгу выступоўцы прыгадалі палітзняволеную праваабаронцу Марфу Рабкову, якая родам з Добруша і мае «чарнобыльскі след» — новаўтварэнне ў шчытападобнай залозе.
Перад прысутнымі выступіла і Святлана Ціханоўская. Яна працытавала словы нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч пра тое, што «абрынуўся не рэактар, абрынулася сістэма» і падкрэсліла, што размяшчэнне ў Беларусі расійскай ядзернай зброі — прамы шлях да страты суверэнітэту.


Пасля мітынгу ўдзельнікі акцыі рушылі да пасольства РФ — з трыма гіганцкімі сцягамі і сімвалічнай «ядзернай бомбай», каб вярнуць яе назад Расіі.

А так прайшлі акцыі беларусаў у іншых краінах свету.
Як паведамляе «Немецкая Волна», ў Берліне людзі прайшлі маршам ад Галерэі Іст-Сайд да Boxhagener Platz. Натоўп скандаваў «Не забывайце Чарнобыль», «Вызваліце Украіну», «Стоп расійскі ядзерны тэрарызм».


Беларусы выйшлі таксама на «Чарнобыльскі Шлях» у Варшаве. Перад маршам прайшоў мітынг, дзе выступілі Міхал Каміньскі, Аліна Коўшык, Павел Латушка, Віталь Рымашэўскі, Вячаслаў Сіўчык і Вячаслаў Барок, паведамляе Reform.by.

Беларусы Нью-Ёрку зладзілі акцыю ля будынку Штаб-кватэры ААН, паведамляе «Новы Ч*с». Акцыі таксама адбыліся ў Батумі і ў Брусэлі.



Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное