Фотафакт. Кіраўнікі дыпмісій ЕС у Мінску развіталіся з латвійскімі калегамі
Паслу Латвіі ўлады Беларусі загадалі пакінуць краіну пасля вывешвання ў Рызе бел-чырвона-белага сцяга.
Фота European Union in Belarus
25 мая кіраўнікі дыпламатычных місій ЕС, што працуюць у Мінску, правялі сустрэчу.
— На жаль, нам давялося развітацца з шаноўнымі латвійскімі калегамі. Патрабаванне ўладаў Беларусі, каб усе латвійскія дыпламаты, акрамя аднаго, пакінулі Мінск, выклікае шкадаванне і з’яўляецца контрпрадуктыўным, — гаворыцца ў супольнай заяве.
Акрамя таго, кіраўнікі місій краін ЕС абмеркавалі развіццё падзей у галіне правоў чалавека:
— Мы паўтараем заклік Еўрапейскага саюза да ўладаў у Беларусі спыніць гвалт і незаконны пераслед і праз інклюзіўны нацыянальны дыялог забеспячыць суверэнную, бяспечную, дэмакратычную і квітнеючую будучыню Беларусі.
Нагадаем, што 24 мая мэр Рыгі Мартыньш Стакіс і міністр замежных спраў Латвіі Эдгар Рынкевіч замянілі чырвона-зялёны сцяг на бел-чырвона-белы каля гатэля, у якім жывуць зборныя па хакеі.
У выніку МЗС Беларусі прапанаваў паслу Латвіі і ўсім супрацоўнікам пасольства пакінуць краіну. У адказ Рыга выслала пасла і супрацоўнікаў амбасады Беларусі.
Читайте еще
Избранное