Фільм «У субботу» усе ж такі пакажуць у Беларусі?

З дапамогай «Еўрарадые» беларускі «Кінавідэапракат» здолеў дамовіцца з прадзюсерам стужкі пра Чарнобыль.

Праваўладальнікі фільма “У суботу” рэжысёра Аляксандра Міндадзэ дамовіліся з мінскім “Кінавідэапракатам”. Таму стужку пра Чарнобыль неўзабаве могуць паказаць у Мінску.

“Мы дамовіліся, што ў нас няма ніякіх прэтэнзій, акрамя таго, што “без мяне мяне жанілі”, што называецца, – распавяла Еўрарадыё прадзюсер фільма Ліза Антонава. – Дамовіліся, што заўтра нам дашлюць праект дамовы, каб мы разумелі, на якіх умовах згаджаемся з імі працаваць”.

Нагадаем, што прэм’ера фільма павінна была адбыцца ў Мінску 24 сакавіка. Але праваўладальнікі забаранілі паказваць стужку, бо з імі... ніхто не дамовіўся.

“З якімі жа дыстрыб’ютарамі заключаў дамову беларускі “Кінавідэапракат”? – абураецца Ліза Антонава. – У нас ніхто не прасіў правоў. Мы проста ў інтэрнэце ўбачылі, што фільм стаіць ў афішы кінатэатра “Беларусь”, і патэлефанавалі туды, і сказалі, што паказ фільма ўвогуле немагчымы, пакуль не будуць набытыя правы на гэты паказ”.

Дырэктар мінскага “Кінавідэапракату” Васіль Коктыш кажа, што вёў перамовы з дыстрыб’ютарам – кампаніяй “Кіно без межаў”, але ёй ў выніку не далі правы на паказ фільма ў Беларусі. У самой жа кампаніі “стрэлкі пераводзяць” на прадзюсераў карціны.

“Мы прапанавалі стужку для пракату. Але потым высветлілася, што прадзюсеры нам не перадалі правы на Беларусь, – патлумачыла дырэктар “Кіно без межаў” Таццяна Румакіна. – Мы спрабавалі гэтым заняцца, але нам правоў так і не далі, і прадзюсеры сказалі, што будуць займацца самі”.

Цікава, што Васіль Коктыш пра існаванне праваўладальніка, студыі “Пасажыр”, і Лізы Антонавай даведаўся ад Еўрарадыё. Мы з радасцю падзяліліся з пракатчыкам тэлефонным нумарам прадзюсера. Васіль Коктыш здолеў паразмаўляць з праваўладальнікамі карціны і паабяцаў у пятніцу даслаць у Маскву праект новай дамовы. Гендырэктар “Кінавідэапраката” спадзяецца, што калі ўсё атрымаецца, фільм “У суботу” мінчане змогуць убачыць ужо 31 сакавіка ў кінатэатры “Беларусь”.

Рэжысёр карціны Аляксандр Міндадзэ з аптымізмам сустрэў навіну пра тое, што перамовы пачаліся і спадзяецца, што фільм усё ж даедзе да нашай краіны.

“Я думаю, гэта нейкае непаразуменне, шчыра скажу. І запэўніваю вас, што калі нармальна звярнуцца, то ўсе правы будуць адданыя без усялякага прамаруджвання. Таму што пра Беларусь ў мяне самыя пяшчотныя успаміны, адносіны. У мяне першая стужка была калісьці ў Беларусі, на беларускай студыі”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)