Коктейль
Руслан Гарбачоў, Юлія Аляксандрава

Фестываль «Be2gether». Кульмінацыя (фотарэпартаж)

Перажыўшы дажджлівую ноч з пятніцы на суботу 6 тысяч наведвальнікаў міжнароднага музычнага фэсту ў Нарвілішках (Літва) узялі рэванш у свайго не вельмі святочнага настрою і адарваліся па поўнай. Доўгачаканае сонца асвяціла ім «Ляпіса Трубяцкога», The Toobes, Тouch and Go, Clawfinger, а таксама балота адборнай гразі і залётных касмічных стварэнняў – рэпартаж «Салідарнасці» з другого дня фэсту «Be2gether».

Тон суботняй праграмы фестываля задаў яго арганізатар, літоўскі бізнесмен Гедрыус Клімкявічус, які, па словах мясцовых жыхароў, уваходзіць у пяцёрку найбагацейшых літоўцаў.

На прэс-канферэнцыі Клімкявічус з задаволенай усмешкай паведаміў: па папярэдніх дадзеных у першыя суткі фестываль наведалі каля 6 тысяч чалавек, з якіх каля 2 тысяч чалавек прыехалі з Беларусі – такім чынам, нашых было ў 4 разы болей чым, на мінулым фэсце. Бінесмен адзначыў, што ў наступным годзе арганізатары будуць старацца зацікавіць яшчэ больш беларусаў.

На скаргі наведвальнікаў фэсту з Беларусі, якія па дарозе ў Нарвілішкі з Вільні вымушаны былі рабіць перасадку, Гедрус Клінкявічус адказаў: «Часам нязручнасці прыносяць яшчэ больш энергетыкі».

Гэтыя словы цалкам падыходзілі і ў адносінах да капрызных нябёсаў: суботняй раніцай пасля сканчэння дажджу наведвальнікі фэсту усе свае сілы кінулі на адрыў падчас канцэртаў The Toobes, Тouch and Go…

Clawfinger…

і іншых гасцей «Be2gether». І стала зразумела, што не так шмат трэба чалавеку для шчасця.

Другі дзень знана адрозніваўся ад папярэдняга колькасцю забаў і гатоўнасцю прыняць у іх удзел. Бойкі ў брудзе, калектыўнае маляванне, гульні…

Новыя зоркі беларускай альтэрнатыўнай сцэны The Toobes, якія толькі-толькі выпусцілі дэбютны альбом, выступалі ў сярэдзіне дня ў клубе танцавальнай музыкі і пасля сканчэння канцэрта шчаслівымі не выглядалі. Хлопцы адзначылі, што ім, канечне, прыемна было пабачыць запоўнены танцпол, але яны спадзяваліся выступіць на адной з двух вялікіх сцэн...

У працяг беларускага пытання, скажам, што ні аднаго гурта на «Be2gether» не чакалі з такім нецярпеннем, як «Ляпісаў». За дзесятак хвілін да яго выступу публіка ўжо стаяла на галовах і літаральна пасля першых акордаў «Трубяцкога» прыйшла ў экстаз.

А над натоўпам луналі бел-чырвона-белыя сцягі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)