Коктейль
Руслан Гарбачоў, Юлія Аляксандрава

Фестываль «Be2gether». Дзень першы (фотарэпартаж)

Жыхары Вільні адчулі сябе чужымі ў родным горадзе, неба Нарвілішак для беларусаў стала такім жа значым, як неба Аўстэрліца для Андрэя Балконскага, а фронтмэн найпапулярнейшага гурту Gogol Bordello замест паходу на прэс-канферэнцыю адпачываў у бары. Пра гэтае і шмат што іншае — у рэпартажы "Салідарнасці" з першага дня фестывалю "Be2gether", які стартаваў на літоўска-беларускай мяжы 12 чэрвеня.

Значная частка беларускіх удзельнікаў міжнароднага фестывалю, як і раілі арганізатары, дабіраліся ў Нарвілішкі праз Вільню, ад чаго мясцовыя жыхары адчулі пэўны дыскамфорт. Віленскі аўтавакзал амаль на дзень аказаўся забітым даўгімі чэргамі беларусаў. Абарыгены, што да іх далучаліся, на свае пытанні на літоўскай мове ў цэнтры сталіцы Літвы часцей за ўсе натыкаліся на шчыры адказ "Чаго?", які акрамя нямой сцэны нічога выклікаць у іх не мог.

Сам жа фэст, які стартаваў у другой палове дня, сустрэў яго наведвальнікаў з Літвы, Беларусі, Польшчы і чорт ведае адкуль бясконца шэрым небам і дажджом, які моцна падмыў першыя ўражанні ад выступу гуртоў. Але пасля каштавання літоўскіх алкагольных напояў на фэсце запанавала святочная атмасфера, і ноч пад дажджом, здаецца, стала для ўладальнікаў наметаў чарговай забавай.

Хэдлайнеры першага дня фестывалю Gogol Bordello сваім выступам даказалі, што ўсе выпрабаванні наведвальнікаў фэсту таго былі варты. Бліскучы эмацыйны выступ уразіў усіх. Не менш эфектна выглядаў поўны "танцпол" людзей, якія танчылі ў дажджавіках і гумовых ботах (якія, напэўна, можна назваць самай папулярнай і моднай вопраткай сярод фестывальшчыкаў і нават сімвалам фестывалю).

А фронтмэн гурту здзівіў не толькі на сцэне, але і за яе межамі. Замест таго, каб накіравацца да двух дзесяткаў журналістаў на прэс-канферэнцыю, адправіўся ў бліжэйшы бар, што знаходзіцца ў Нарвілішскім замку.

У суботу грамада сушыць вопратку і зубы, і з нечаканнем чакае адрыву ад "Ляпіса Трубяцкога" і Clawfinger.

Але пра гэта — ужо ў наступных матэрыялах "Салідарнасці" з месца падзей.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)