Скандалы
Аляксей Дзікавіцкі, belsat.eu

Федэрацыя хакея дала задні ход: бел-чырвона-белыя сцягі можна праносіць на матчы

Заўзятарам дазволяць праносіць бел-чырвона-белыя сцягі на трыбуны, але нельга будзе імі размахваць, такое кампраміснае рашэнне прыняла Міжнародная федэрацыя хакея.

Гэта стала вынікам кампаніі пратэсту, якую разгарнулі беларусы. Яны крытыкавалі забарону карыстання бел-чырвона-белымі сцягамі на матчах. Яе ўвялі з падачы лукашэнкаўскіх чыноўнікаў. У адказ у Стакгольме адбыўся пікет у падтрымку бел-чырвона-белых сцягоў.

Падчас пікету ад шведскіх журналістаў стала вядома, што Міжнародная хакейная федэрацыя дазволіла праносіць бел-чырвона-белыя сцягі на матч, але іх рэкамендуецца трымаць на плячах, размахваць імі нельга.

Нагадаем, 5 траўня на матчы Беларусь-Славенія, які праходзіў у Швецыі ў рамках Чэмпіянату свету па хакеі, за спробу развярнуць вялізны бел-чырвона-белы сцяг двум хлопцам-беларусам паліцэйскія выкруцілі рукі і вывелі іх з арэны.

Днём раней на матчы Беларусь - Чэхія беларускія заўзятары развярнулі гіганцкі бел-чырвона-белы сцяг і харугвы з выявай герба «Пагоня».

Арганізатары чэмпіянату свету ў Швецыі выклікалі на трыбуны, дзе сядзелі беларускія заўзятары, паліцыю. Калі паліцыя паспрабавала згарнуць бел-чырвона-белыя сцягі, на абарону беларусаў усталі шведскія заўзятары. У выніку забароненыя ўладамі сімвалы засталіся на трыбунах да канца матчу.