Фатографу забаранілі прайсці з фотаапаратам у Глыбоцкі райвыканкам

Дзяжурны міліцыянт спаслаўся на распараджэнне кіраўніка справамі дзяржустановы.

Зміцер Лупач, незалежны журналіст і прыватны прадпрымальнік, кіраваўся ў аддзел эканомікі, каб перадаць дакументы па сваёй прадпрымальніцкай дзейнасці. У сумцы меў фотаапарат «Nikon», які і стаў прадметам прэтэнзій дзяжурнага міліцыянера.
Спадар Лупач азадачаны тым, што адбылося:

— Я зайшоў у адміністрацыйны будынак з невялікай сумкай. Міліцыянер, які дзяжурыць пры ўваходзе, папрасіў паказаць, што там ляжыць. А ўнутры ляжаў фотаапарат, і міліцыянер заявіў, што «з прафесійнымі фотаапаратамі» ўваход у райвыканкам забаронены. Нібыта ёсць такое распараджэнне кіраўніка справамі райвыканкаму. Давялося пакінуць сумку сябру, з якім мы былі ўдвух, каб пайсці наверх са сваімі паперамі…

Заадно Зміцер Лупач вырашыў завітаць і да кіраўніцы справамі райвыканкаму. Каб распытаць, чым выклікана забарона фотаапаратаў у грамадскім будынку, дзе, дарэчы, месціцца не толькі райвыканкам, але і шэраг грамадскіх арганізацый, і мясцовы ЗАГС.

— Як быць у тым выпадку, калі давядзецца фатаграфаваць вяселле? Я ж зарэгістраваны прыватным прадпрымальнікам, і адзін з відаў маёй прадпрымальніцкай дзейнасці — гэта якраз фатаграфаванне… Але запытацца пра гэта ў кіраўніцы справамі райвыканкаму Іны Анатольеўны Пачопкі не атрымалася: мне сказалі, што яна пайшла на нараду. Потым яшчэ 2 гадзіны я тэлефанаваў да яе ў кабінет, і ўрэшце працоўны дзень скончыўся, а адказу я так і не атрымаў, — працягвае спадар Лупач.

На сайце райвыканкаму ён адшукаў яшчэ адзін тэлефонны нумар – «гарачай лініі» для аператыўнага вырашэння сацыяльна-бытавых праблем. Патэлефанаваў па ім, аднак аператыўнага вырашэння не адбылося: журналісту сказалі, што гэта нумар прыёмнай выканкаму, і што там ніколі не чулі пра распараджэнне наконт забароны «прафесійных фотаапаратаў».

Зноў-такі параілі звярнуцца непасрэдна да кіраўніцы справамі, на распараджэнне якой спасылаўся міліцыянер.

Зміцер Лупач вырашыў, што раз не атрымліваецца «па-добраму», то заўтра ён пойдзе афіцыйным шляхам: звернецца ў выканкам з афіцыйным запытам: якую канкрэтна фотатэхніку там лічаць «прафесійнай», і чым выкліканы такія надзвычайныя захады перасцярогі. Бо ён не выключае, што забарона мае не агульны характар, а прызначаецца для яго асабіста, таму што ў райцэнтры яго добра ведаюць у якасці незалежнага журналіста і чалавека з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.

 

Чытайце таксама: За фото железнодорожного вокзала милиция может задержать на три часа

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)