Беседка

Фатограф Андрэй Лянкевіч: «Беларусы фантастычныя – удзень ставяць свечку ў царкве, а ўвечары просяць у камяня здароўя!.. »

12 лістапада ў Інстытуце Гётэ ў Менску адбудзецца прэзэнтацыя кнігі фатографа Андрэя Лянкевіча «Паганства». Напярэдадні аўтар расказаў ў інтэрв’ю для блогу Глеба Лабадзенкі, чаму адышоў ад газетнай журналістыкі, як пачаў здымаць “бабулечак” і з якой містыкай сутыкнуўся падчас працы.

Андрэй Лянкевіч – модны мінскі фатограф, піша ў сваім блогу Глеб Лабадзенка. Яшчэ колькі гадоў таму Андрэй быў фотакорам, рабіў здымкі для газет. Потым яго працы пачалі з’яўляцца ў прэстыжных замежных выданнях. Здымкі яму сталі замаўляць міжнародныя агенцыі. І тут – Лянкевіч выдае фотаальбом “Паганства”. Што? Як? Чаму? Пра гэта мы пагутарылі з майстрам за філіжанкай кавы. Апроч выхаду кнігі, час для размовы быў дарэчны – блізкія Дзяды.

“У пэўны момант я зразумеў, што не належу сабе, мой час не належыць мне”

— Андрэю, паступова ад фотакора, які рабіў рэпартажныя здымкі для газеты, ты пераўтвараешся ў сур’ёзнага чалавека, які робіць іміджавыя фотапраекты. Адкуль у тваім маладым веку такія метамарфозы?

— Я не думаю, што гэта метамарфозы, што ёсць падзел між журналістыкай і праектамі. Я проста пачаў займацца суб’ектыўнай журналістыкай, шукаць адказы на пытанні. Як фатограф, я вельмі добра разумею, што ў Беларусі многія тэмы не раскрыты. Мне хочацца канцэнтравацца на вялікіх тэмах, выказвацца, даводзіць іх да завершаных формаў – як кнігі, выставы.

— Гэта не ад таго, што газетная журналістыка, у тым ліку і фатаграфія, — яна аднадзённая, аднамомантная?

— І гэта таксама. Але гэта проста абсалютна іншы стыль жыцця, іншае разуменне часу. Мне не хочацца жыць у такім тэмпе, мне хочацца належаць сабе. Я ў пэўны момант зразумеў, што я не належу сабе, мой час не належыць мне, я не належу сваім сваякам. Я хачу жыць гарманічна з сабой, з людзьмі, якія вакол мяне, з асяроддзем.

— А зараз ты працягваеш займацца рэпартажным фота, бегаць, высалапіўшы язык?

— Я раблю нейкія тэмы. Калі ёсць замовы, ад часопісаў нейкіх. Але гэта іншы падыход, іншая фатаграфія. Часопісная фатаграфія не мусіць быць фатаграфіяй “з навін”. Гэта не мусіць быць фатаграфія, за якой трэба бегчы. Гэта не той стыль, калі ты сядзіш у інтэрнэце ўвесь вольны час – і сочыш за тым, што будзе, за тым, што ёсць, за ты, што ты згубіў і не зрабіў.

“Усё пачалося са здымкаў Анатоля Клешчука ў “Звяздзе”…”

— Андрэю, гэтых бабулечак, зразумела, запісвалі фалькларысты, выцыганьвалі ў іх рушнікі-вышыванкі і г.д. Няўжо іх ніхто не даўмеўся пафоткаць?

— Я пачаў здымаць менавіта таму, што пабачыў – здымкаў зусім няшмат! Такіх, каб яны былі сабраныя, апісаныя і класіфікаваныя. Ёсць архіўныя фотаздымкі, ёсць рэпартажы, асобныя фатаграфіі маіх калег. Мне захацелася глыбей пайсці ў тэму. Чаму я і казаў пра розніцу між рэпартажным фота і працай такога кшталту. Бо ў гэтай сітуацыі я магу прыехаць у вёску на тры дні, паразмаўляць з людзьмі, выпіць іх самагону, быць у іх у хаце, быць імі. Гэта дазволіла мне зразумець, наколькі глыбокая тэма – што яна ўбірае не толькі традыцыі і абрады, але і сакральных жывёлаў, і сакральныя расліны, і месцы, і камяні, і капішчы. І проста сакральныя аб’екты – як валасы, скрыжаванні дарог…

— Я так разумею, што гэты альбом пабудаваны канцэптуальна – на гадавым коле?

— Так, гэта год з пункту гледжання традыцыйнага ладу жыцця, традыцыйнага быту беларусаў апошнія два-тры тысячагоддзі. Так дызайнер Сяргей Шабохін і прыдумаў – ён зрабіў, каб кніжка ішла як традыцыі і з’явы прыроды, як гэта змяняецца для чалавека. Бо сакральныя абрады прывязаныя да календару.

— Каб паказаць вось гэты Год, колькі гадоў табе спатрэбілася?

— Каля трох на фатаграфіі. А ад пачатку здымак да выхаду кнігі – каля чатырох. Гэта складаны шлях. Калі б ведаў, то падумаў бы яшчэ раз – ці хачу яго прайсці.

— А што было першым крокам да гэтай кнігі?

— Вы не паверыце — газета “Звязда”, з якой усё, можна сказаць, і пачалося! Я гадоў пяць ці шэсць таму ўбачыў фантастычны рэпартаж Анатоля Клешчука з вёскі Пагост пра абрад “Жаніцьба коміна”. Тады ў мяне быў шок: у нас у Беларусі існуюць традыцыі, якім столькі гадоў!..

“Паганства – гэта не рэлігія, а гарманічнае існаванне ў свеце прыроды”

— Андрэю, якая выснова трох гадоў тваіх вандровак-здымкаў? Вось Рыгор Барадулін кажа, што беларусы – гэта “хшчоныя паганцы”. Нас загналі ў касцёл-царкву, навучылі маліцца абразам… Але ўсё адно, як засуха – мы молімся Дажджбогу, як наадварот ліе – іншаму “адказнаму”... Як ты лічыш, наколькі паганства захавалася ў Беларусі ў арганічным выглядзе, а не ў выглядзе жэстаў, якія людзі робяць, не ўсведамляючы іх сэнс?

— Першыя цэрквы на Палессі з’явіліся ў XVII-XVIII стагоддзі. Пра што казаць? З’яўленне цэркваў на астатняй тэрыторыі Беларусі таксама датуецца XV-XVI стагоддзем. Вось і ўсё! Гэта адказ на вялікае пытанне: хрысціянства як інстытут прыйшло сюды 400-500 гадоў таму! А на Палессі – 200 ці 150! А перад гэтым існавала культура, якой 10-20 тысячагоддзяў. Зразумела, што людзі не могуць вось так хуценька змяніць свой лад жыцця, сваё стаўленне да навакольнага асяроддзя, да прыроды. Для мяне паганства – гэта не рэлігія, як можна сказаць пра хрысціянства, а – стыль паводзінаў, жыцця, гарманічнага існавання ў свеце. Гэта не калі паварочваюць рэкі ў іншы бок ці высякаюць дрэвы, бо трэба пабудаваць чарговы стадыён. Гэта разуменне таго, што пасля нас яшчэ прыдуць пакаленні. І прырода – яна жывая, яна разумее.

— Скажы, хто гэтыя людзі – каторыя сёння жэняць комін, а заўтра ідуць у царкву свечку ставіць?

— Гэты прыклад і ёсць фантастычны прыклад змены цывілізацый, змены культур! Гэта незвычайныя людзі! Іншая справа, што для іх слова “паганства” нічога не азначае. Я ўжо пачаў завозіць кніжку яе героям. І ў дзвюх вёсках былі два першыя пытанні: “А што такое “паганства?” Я тлумачыў: гэта вы! А для іх гэта “жаніцьба коміна”, традыцыя такая. Усё менш людзей, у чыіх вачах ты бачыш разуменне таго, што яны робяць…

— Для неабазнанага гарадскога чалавека паганства – гэта нешта кшталту чорна-белай магіі. Ты ж ужо прасунуты чалавек. Патлумач астатнім, што такое паганства.

— Вось тут я скажу вельмі простую рэч. Тое, што ёсць у кніжцы – не існуе ў рэальнасці. І гэта таксама трэба вельмі добра разумець. Бо фатаграфія – яна скажае прастору. Фатаграфія – гэта вельмі суб’ектыўны інструмент, які можна паварочваць у розныя бакі. І ў даденым выпадку я фатаграфаваў у нейкім сэнсе неіснуючае ў прасторы, але існуючае ў маім уяўленні, у маім адчуванні таго, што адбываецца. Таму гарадскія людзі, ці нават вясковыя людзі, якія прыедуць туды… У кніжцы, дарэчы, ёсць месцы і даты, калі можна прыехаць паглядзець і прыняць удзел у гэтых традыцыях. Але людзі прыедуць – і ўбачаць зусім іншую карцінку. Яны ўбачаць людзей у строях, карагод, спевы… Яны не ўбачаць тое, што ёсць у кніжцы. Гэта будзе звычайны фальклорны абрад са спевамі…

— А! Значыцца, спецыяльна для Андрэя Лянкевіча было нешта незвычайнае?

— Я проста так пабачыў гэта.

— Рабіў пастановачнае фота?

— Не, ніводная фатаграфія ў кнізе не пастановачная, усе дакументальныя! Калі фатограф выбірае фатаграфічную мову, ён наўмысна скажае прастору. Фатаграфіі чорна-белыя. А прастора для большасці з нас – каляровая. Здымкі ў кнізе квадратныя – а чалавек вокам бачыць значна шырэй…

“Мая бабуля зачыняла карову на ноч і казала, што суседка-ведзьма пераўтвараецца ў жабу і п’е малако”

— Андрэю, а што значыцца – “ёсць дата і месца”?! Няўжо гэта настолькі “неінтымная” рэч, што прыедзе любы чалавек – і зможа пабачыць абрад?

— У большасці вёсках гэта ўсё адкрыта, гэта свята. Прыязжаюць людзі з Інстытута культуры, проста цікаўныя пабачыць…

— На Купалле нават у нашай вёсцы, калі я быў маленькі, уначы бабулі голыя бегалі па полі. На такое ж не будуць запрашаць Інстытут культуры і Андрэя Лянкевіча!..

— На жаль, я пра такое нават не чуў, што такое захавалася! Напэўна ж, засталіся нейкія такія патаемныя рэчы, але мне яны таксама не адкрыліся. Я проста не сутыкнуўся з такім месцам. Я ведаю, што ёсць людзі, для якіх паганства існуе ў вельмі сакральным варыянце. Гэта збольшага маладыя людзі, неапаганцы. І яны не тое што фатографа – яны нікога, акрамя свайго кола людзей, не запрашаюць. Але мне ў дадзеным выпадку было гэта нецікава. Мне было цікава, калі няма людзей, якія збіраюцца спецыяльна – а ёсць тыя, якія збіраюцца, бо так збіраліся іх бацькі. І робяць гэта, бо так было заўсёды. Гэта – неперарванасць гісторыі, з якой у Беларусі была заўсёды вялікая праблема. Для мяне гэта было адказам на пытанне: адкуль бярэцца беларуская культура, куды яна ідзе, якая яна зараз?

— Што казаць, калі на мінскім капішчы свяшчэнны дуб быў спілаваны, а агонь затушаны толькі перад вайной…

— У цэнтры Мінска, я б сказаў, каля “Дынама”!

— Сапраўды. А ці ацалелі камяні, якім людзі і цяпер пакланяюцца ў Беларусі?

— Канешне! Іх шмат па ўсёй Беларусі! Гэта тое, пра што мы ўжо казалі – людзі ўдзень ідуць у царкву, а ўвечары едуць да Богавага камяня, прывозяць грошы, кладуць хлеб, размаўляюць з камянём, просяць у яго здароўя… Гэта і ёсць адказ, хто мы – паганцы ці хрысціяне? Сумесь, велізарная сумесь! Адзін з адказаў – чаму я пачаў гэтым займацца – бо мая бабуля зачыняла карову на ноч на замок і казала, што наша суседка, яна ведзьма, яна ў жабу пераўтвараецца і можа выпіць малако. І сапраўды, казала яна, вось тады я не зачыніла – і не было малака!.. А гэта было 15-20 гадоў таму! Гэта адказ, ці існуе паганства зараз. Мая мама да гэтага часу рапух, якія сустракаюцца ў нас на лецішчы, садзіць у вядро, каб яны там здохлі-высахлі.

— Ёсць паганскія звычаі, якія сёння ведае кожны беларус – Купалле, Дзяды, Каляды… А якія больш рэдкія ўдалося занатаваць табе?

— Для мяне адна з такіх цікавых з’яў – гэта абрад Русалле, які ёсць на Любаншчыне, дзе ён быў адроджаны спадаром Выскваркам, якому вялікі дзякуй. Можна сабе ўявіць, калі шэсць вёсак збіраецца ў адным месцы, каля берага ракі. І кожная вёска спявае песні, прэзентуе сваю Русалку, якія змагаюцца. Пасля гэтыя Русалкі выбіраюць галоўную Русалку, якая перамагае. Яны нясуць вянкі і кідаюць у ваду, пасля разрываюць на Русалцы галоўны вянок. А пасля гэтыя шэсць вёсак на адзіным вогнішчы смажаць яешню. Наколькі гэта сакраментальна! Зараз вёсак стала ці 10, ці 12 – яны ўжо падзяліліся, сустракаюць у дзвюх месцах. Яскравы прыклад, калі традыцыя, якая была згублена, зараз адноўленая – і працягваецца!..

— ЦІ шмат ты спаткаў містыкі падчас працы над кнігай?

— Вокладка кніжкі – абсалютна містычная. Там выяўлена кабета. І калі паглядзець пад адным ракурсам – у яе ёсць твар. А калі пад іншым – твар знікае. Як смерць. Чорная жанчына з белым тварам. Гэта не было запланавана і ўзнікла само сабой... Усе прэзентацыі кніжкі, якія былі запланаваныя, і я абвесціў персанальна – усе перанесліся, змянілі даты і месцы. У тэхнічнага дызайнера Сяргея Кандраценкі, які даводзіў кніжку да розуму, сапсаваўся манітор. Ён быў адвезены ў рамонт – дзе працаваў! А калі яго вярнулі назад – ён зноў не працаваў! І ўпершыню ў сваім жыцці мне спатрэбіўся адпачынак пасля працы. Гэта сапраўды было вычарпальна.

Фота аўтара і з кнігі Андрэя ЛЯНКЕВІЧА “Паганства”.

МАЙ НА ЎВАЗЕ

Мінская прэзентацыя “Паганства” адбудзецца 12 лістапада (пятніца) а 19-й гадзіне ў Гётэ-інстытуце па адрасе Веры Харужай, 25/3. Гэта па іншы бок ад апошняй “кукурузіны”, што каля Камароўкі. Плануецца прыезд герояў кніжкі – любімых бабцяў Андрэя Лянкевіча з вёскі Пагост Жыткавіцкга раёна. Калі пашанцуе, пабачыце “Жаніцьбу коміна”.

ДАВЕДКА

Андрэй ЛЯНКЕВІЧ нарадзіўся ў 1981 годзе ў Гродна. У 2004 годзе атрымаў ступень бакалаўра эканамічных навук у БДУ.У 2004-05 гадах вучыўся ў Каўказскім медыяінстытуце ў Ерэване ў межах праграмы "World Press Photo", якую скончыў на “выдатна”. Супрацоўнічае з міжнароднымі фотаагенцыямі. Выкладае курс фотажурналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Літва). Здымкі выходзілі ў такіх вядомых выданнях як "New York Times", "Le Figaro", "Newsweek", "Die Zeit", "Spiegel", "GEO", "International Herald Tribune", "Огонёк". Меў каля 50 выставаў у Беларусі, Аўстрыі, Бельгіі, Нямеччыне, Італіі, Літве, Польшчы, Амерыцы, Нарвегіі, Украіне, Францыі, Чэхіі, Швецыі, Эстоніі.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)