Политика

Ева Някляева: «Рэпрэсіі ў Беларусі сталі штодзённасцю. І такім жа штодзённым стаў гераізм супрацьстаяння»

10 траўня ў Хельсінкі, сталіцы Фінляндыі, у Нацыянальным тэатры адбудзецца «Вечар свабоды Беларусі».

Са сцэны тэатра прагучаць вершы Някляева, аповяд аб сённяшняй сітуацыі ў Беларусі, пра абставіны гучных судовых працэсаў над экс-кандыдатамі ў прэзідэнты. У акцыі прымуць удзел фінскія акцёры, музыкі, рэжысёры. Гэта будзе адкрыты для ўсіх наведвальнікаў вечар.

– Фіны ведаюць пра Беларусь і шмат, і мала, – распавяла адна з арганізатараў акцыі Салідарнасці з Беларуссю Ева Някляева. – З аднаго боку, ад прадстаўнікоў МЗС мы ведаем, што ніколі яны не атрымлівалі столькі пасланняў ад фінскіх грамадзян, як пасля 19-га снежня. Ні з якой нагоды, што б у свеце ні здаралася, – не было такой бурнай рэакцыі. Фіны пішуць свайму міністру, сваім прадстаўнікам ва ўладных органах аб тым, што ім важна, што адбываецца ў Беларусі, і просяць вельмі канкрэтна: каб праблематыка Беларусі заставалася ў спісе важных праблем фінскай замежнай палітыкі. А з іншага боку, калі фіну распавядаць пра тое, што хтосьці сядзіць у турме, ці адбывае адміністрацыйны тэрмін, – то фін прадставіць сабе ўтульную практычна камеру, ёгурт на сняданак, свежую садавіну ...

Вось чаму так важна расказаць пра тое, як сёння выглядаюць звычайныя будні звычайных беларусаў. Я выбрала некалькі апавяданняў відавочцаў, з блогаў, якія былі напісаныя пасля 19 снежня. Фінскія акцёры будуць зачытваць гэтыя тэксты. На нашай мэце – паказаць, што ў Беларусі цяпер не абстрактны крызіс. Беларусь на карце Еўропы цяпер – нейкае гета. Еўрапейцы часцяком не ведаюць, дзе Беларусь знаходзіцца на мапе. Занадта доўга наша дзяржава была закрытай. Каб аб краіне нешта ведалі, трэба наладзіць плынь інфармацыі пра яе. І мы вечарам 10 траўня распавядзем аб звычайных людзях звычайнай чалавечай мовай. Каб стала больш зразумелым, што ёсць будзённасьцю Беларусі сённяшняй. Як гэтай будзённасцю сталі ў Беларусі зло і рэпрэсіі. І як адначасова будзённым стаў гераізм супраціву.

Са сцэны Нацыянальнага тэатра прагучаць сведчанні рэпрэсаваных пасля 19-га снежня звычайных грамадзян Беларусі, якія прыйшлі на мірную акцыю ў Дзень выбараў.

– Як дамагаліся, каб у прыбіральню пусцілі. Як дамагаліся, каб адвакат прысутнічаў на судзе, які доўжыўся ад 3 да 10 хвілін. Як спаць у камерах прыходзілася па чарзе, бо людзей у камеры размяшчалі, як селядца ў слоік. Як збівалі. Як забіралі «на суткі» з бальнічных палат ... Бо фіны зусім не ўяўляюць працэс нашых затрыманьняў.

Прагучаць на Вечары Свабоды Беларусі і вершы Уладзіміра Някляева, перакладзеныя на фінскую паэтам Юккам Малінэнам (Jukka Mallinen).

– Яны пазнаёміліся і пасябравалі, калі тата жыў у Фінляндыі. Гэтыя вершы пастаўленыя фінскім рэжысёрам у жанры мастацкага чытання. Адгукнуліся і музыкі, джазавае трыо.

Ева Някляева адзначае, што ў Фінляндыі нядаўна былі выбары і змяніўся кабінет міністраў.

– З дапамогай гэтай акцыі мы б хацелі, у тым ліку, прыцягнуць увагу да праблематыкі Беларусі цяперашняга кабінета міністраў. Нагадаць пра тое, што адносіны з Беларуссю, дапамога Беларусі дэмакратычнай, – стала традыцыйнай часткай палітыкі Фінляндыі. Мы папросім прысутных падпісацца пад калектыўным лістом-«напамінам» да ўраду. Аб тым, што тэма беларускай палітыкі па-ранейшаму важная.

Напярэдадні Вечары Свабоды Беларусі адбылася прэс-канферэнцыя для фінскіх журналістаў. У яе рамках, з дапамогай skype, пра тое, як праходзяць суды над удзельнікамі перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі, распавёў кіраўнік выбарчага штаба Някляева Андрэй Дзмітрыеў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)