Комментарии
Аляксандр Класкоўскі, «Народная воля»

Еўропа падвесіла санкцыі, а Лукашэнка — мытны саюз

Афіцыйны Мінск хоць і гразіўся, але не стаў бадацца з Еўрасаюзам. Рашэнне Рады ЕС ад 17 лістапада не скасоўваць, а толькі замарозіць яшчэ на год візавыя санкцыі супраць шэрагу беларускіх начальнікаў (іначай кажучы, падвесіць пытанне, каб мець нейкія рычагі ўздзеяння) тут пракаментавалі стрымана. Вуснамі МЗС дзяжурна ўпікнулі Брусель за падвойныя стандарты, але фантанаваць абурэннем не сталі. Тутэйшае начальства, па-першае, само выдатна разумее, што вялікіх пернікаў на ніве дэмакратызацыі не зарабіла. А па-другое, банальна патрэбны заходнія грошы. Так што, трохі падзьмуўшыся, яно прадоўжыць свой “прагматычны дыялог” з Еўрасаюзам.

Затое нарабіла фурору нарада ў пытаннях мытнага саюза, якую Аляксандр Лукашэнка зладзіў таксама 17 лістапада. Пастаўлены на вушы ўрадоўцы: афіцыйны кіраўнік у сваёй кароннай манеры папярэдзіў: калі меркаваны мытны хаўрус з Расіяй і Казахстанам ударыць па айчыннай эканоміцы — хай наракаюць на сябе! Пэўна ж натапырыліся і важныя персоны ў Маскве. Іх чарговы стратэгічны праект можа ляснуцца.

Ва ўсякім разе ўрачыстае падпісанне дакументаў, прызначанае на 27 лістапада ў беларускай сталіцы, нечакана апынулася пад пагрозай. Масква добра памятае чэрвеньскі дэмарш імпульсіўнага беларускага партнёра: тады ён сваім байкотам саміта АДКБ падвесіў іншы праект крамлёўцаў — стварэнне Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання.

Зараз Лукашэнка можа аналагічна падвесіць мытны саюз, падазраючы, што той фарміруецца “пераважна на расійскіх умовах”. Са слоў афіцыйнага кіраўніка, “у нас на сёння няма ніякай пэўнасці ні ў пытанні пра скасаванне экспартных мытаў на нафту, якія ўжывае Расія, ні па адзіным цэнаўтварэнні на прыродны газ”.

Карацей, тутэйшае кіраўніцтва наважылася было ўлезці ў праект, каб атрымліваць танныя энергарэсурсы (вечная мара!). Але схамянулася: каб не ўлезці ў пятлю!

Які ж прагноз? Відавочна, што беларускі афіцыйны кіраўнік зараз спрабуе ў сваім фірмавым стылі выбіць у Крамля саступкі: а іначай сапсуем вам усю маліну з тым мытным саюзам! Магчыма, дакументы аб яго стварэнні так-сяк падпішуць. А вось потым можа паўтарыцца эпапея з будаўніцтвам саюзнай дзяржавы. Хто ў лес, а хто па дровы. Мінск будзе ўпірацца рогам у кожным выпадку, калі правілы мытнага саюза стануць чапляць яго інтарэсы. Будзе тармазіць кожнае нявыгаднае для сябе рашэнне гэтак жа віртуозна, як ужо другі год марынуе пытанне пра Абхазію ды Паўднёвую Асецію.

А зараз пра другі чыннік. Днямі заклапочанасць у сувязі са стварэннем мытнага саюза выказала ўплывовая Канфедэрацыя еўрапейскага бізнесу. Яна засцерагаецца негатыўных наступстваў для шэрагу галін эканомікі Старога Свету. І сёння Мінск мусіць прыслухоўвацца да такіх галасоў.

Нядаўна я стаў відавочцам, як у кулуарах ХІІ Мінскага форуму кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей па-сяброўску гутарыў з адным ну вельмі важным нямецкім бізнесоўцам. Увогуле, афіцыйны Мінск не любіць гаварыць пра дэмакратыю, а вось пра грошы — з задавальненнем. Еўрапейскі бізнес ужо ўпэўнена адчыняе дзверы ў кабінеты высокага тутэйшага начальства. І вылучае аргументы куды болей дзейсныя, чым тыя, скажам шчыра, сімвалічныя (камарыны ўкус!) санкцыі.

Заходнікі болей не спадзяюцца на нейкую “каляровую рэвалюцыю” ў Беларусі. Як і на чароўную дэмакратычную метамарфозу тутэйшага рэжыму. Але відавочна, што патрэба ў заходніх крэдытах, інвестыцыях, тэхналогіях штурхае беларускую ўладу на асцярожныя эканамічныя рэформы і збліжэнне з Еўропай. Аналітыкі прадказваюць, што рана ці позна зрухі пяройдуць і на палітычную надбудову.

Ужо сёння айчынныя фінансы трымаюцца на плыву фактычна за кошт заходніх ін’екцый — траншаў крэдыту МВФ. Дык, можа, там, дзе не спрацоўвалі рэзкія рэзалюцыі Еўрапарламента, спрацуе цынічна-гумарыстычная формула “бабло перамагае зло”?

Што ж да мытнага саюза, дык загваздка, як бачым, не толькі ў эканамічных супярэчнасцях. Ёсць і іншы чыннік — геапалітыка. І гэта фактычна прызнаў на згаданай нарадзе Лукашэнка: “...Нельга забываць, што ўдзел Беларусі ў мытным саюзе набывае геапалітычны сэнс, прытым глыбокі”.

Незалежныя аналітыкі ад пачатку папярэджвалі: мытны саюз — гэта найперш палітычны праект Крамля, і ён адсячэ Беларусь ад выгадаў збліжэння з ЕС. Можна страціць прывабную магчымасць утварыць зону свабоднага гандлю з Еўрасаюзам у межах яго новай праграмы “Усходняе партнёрства”.

Прэзідэнт Мядзведзеў у нядаўнім пасланні Федэральнаму сходу даў знішчальную ацэнку сыравіннай эканоміцы сваёй хворай еўразійскай краіны. Дык пратрэм вочы: з кім і нашто мы ладзім той мытны саюз? Расійская нафтагазавая соска не вырашыць задачу мадэрнізацыі нашай эканомікі. Наадварот — закансервуе адсталую мадэль. Перспектыўныя інвестыцыі, перадавыя тэхналогіі можа даць толькі Еўропа.

Карацей, выбар між Усходам і Захадам становіцца для нашай дзяржавы ў практычную плоскасць. За год пацяплення стасункаў з Бруселем беларускае кіраўніцтва, пры ўсёй сваёй зацятасці ў пытаннях палітычнай лібералізацыі (а як жа, разгонімся!), паспела адчуць эканамічныя перспектывы заходняга вектара. Таму і чухае патыліцу над геапалітычнай дылемай. Сёння, адрозна ад перыяду глухой самаізаляцыі, Мінску ёсць што страчваць у Еўропе, і гэта ўжо прагрэс. Але пляскаць у ладкі рана. Мы топчамся на гістарычным раздарожжы.

“Безумоўна, еўрапейская інтэграцыя для нашай краіны — болей перспектыўны і натуральны варыянт, — мяркуе мінскі аналітык Андрэй Фёдараў. — Але дзеля ўтрымання ўлады і неадкладных выгад кіраўніцтва Беларусі лічыць за лепшае трымацца палітыкі арэляў”.

Адзін нямецкі палітолаг далікатна назваў гэта “геапалітычным шпагатам”. Кажучы ж па-народнаму, Беларусь стаіць раскіракай. Марнуе гістарычны час праз хітрамудрыя манеўры кіроўнай вярхоўкі. Мы, без варыянтаў, еўрапейская нацыя. І сёння абсалютна відавочна: толькі анахранічная сістэма аднаасобнай улады тормозіць вяртанне нашай краіны ў еўрапейскае рэчышча.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)