Политика

«Еўропа не павінна казаць Беларусі – у вас няма дэмакратыі, да пабачэння»

Старшыня Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч прадстаўляе Беларусь на кангрэсе Еўрапейскай народнай партыі (EPP) у Мадрыдзе.

– Па ўзроўню развіцця эканомікі, інфраструктуры, асабістай культуры, узроўню адукацыі Беларусь належыць да Еўропы. І наша гісторыя аб гэтым сведчыць: беларусы маюць тысячагадовую гісторыю стварэння сваёй дзяржавы, другімі ў Еўропе пераклалі на сваю мову Біблію, прынялі Канстытуцыю у XVI cт., адстойвалі незалежнасць і годнасць у паўстаннях і войнах, – заявіў Мілінкевіч у выступе перад дэлегатамі з'езда.

Пры гэтым, па словах старшыні Руху «За Свабоду», «нашыя суседзі ўжо вярнуліся ў Еўропу, або праз пакуты і ахвяры імкнуцца ў еўрапейскую сям'ю, а Беларусь застыла ў нявызначанасці».

– Што мусіць рабіць Еўропа? – запытаўся Мілінкевіч. – Першы лозунг – цярпенне, бо размова ідзе не аб перамозе дэмакратаў на чарговых выбарах, якіх няма, бо галасы на іх лічыць выключна улада, а пра змену постсавецкага менталітэту і нацыянальнае адраджэнне.\

– Ні ў якім выпадку Еўропа не павінна казаць: у вас няма дэмакратыі – да пабачэння, як будзе, прыходзьце, – падкрэсліў Аляксандр Мілінкевіч.

Па ягоных словах, ЕС «патрэбная доўгатэрміновая стратэгія працы з Беларуссю, а не часовая тактыка».

Мэта дыялогу, дадаў старшыня Руху «За Свабоду», перш за усё, – «болей Еўропы у Беларусі», «трэба захаваць у беларусаў «смак Еўропы» і еўрааптымізм».

– Не можа быць так, што беларусы атрымліваюць больш за ўсіх у свеце шэнгенскіх візаў i адначасова плацяць за гэта самую высокую цану у свеце, – падкрэсліў Мілінкевіч.

Ён прапанаваў дзейнічаць двума шляхамі: максімальная адкрытасць для грамадства і пакрокавае набліжэнне з афіцыйным Мінскам. Па словах беларускага палітыка, трэба інвеставаць у рэформы у Беларусі, у малы бізнес, правы чалавека, грамадзянскую супольнасць, еўрапейскую адукацыю, культуру для фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці, а «перш за усё ў моладзь: яна наша надзея, а надзея моладзі ёсць Еўропа».

Рэакцыяй на гэтую прамову сталі доўгія апладысменты. Па словах Аляксандра Мілінкевіча, сярод сябраў каштоўнаснай партыі такі падыход – найлепшы, «бо дае не толькі маральную пазiцыю, але i iнструмент уплыву».

– Наша незалежнасць і еўрапейская перспектыва – каштоўнасці для ЕРР, – заявіў старшыня Руху сайту Pyx.by.

Адзначым, што на кангрэсе EPP, які распачаўся 21 кастрычніка ў Мадрыдзе і працягваецца сёння, акрамя Аляксандра Мілікевіча Беларусь таксама прадстаўляюць Павел Севярынец, Анатоль Лябедзька і Віталь Рымашэўскі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)