Экономика
Яўген Васількоў, «Наша Нiва»

Еўрасаюз сарве Беларусі кантракт на 1,5 млрд доллараў?

Еўропа ўзгадала пра санкцыі на беларускіх экспарцёраў зброі.

Найбольш рэальным відам эканамічных санкцый выглядае эмбарга на экспарт беларускай зброі. Гаворка вядзецца пра дзейнасць кампаній «Белтэхэкспарт» і «Белзнешпрамсэрвіс». Даходы ад іх, на думку еўрапейскіх экспертаў, могуць пералічвацца на асабістыя рахункі беларускіх чыноўнікаў.

Апошні еўрапейскі кліент — Славакія

На «Белзнешпрамсэрвіс» ў 2004 годзе ўжо накладаліся санкцыі. Тады ЗША абвінавацілі 14 арганізацый па ўсім свеце ў незаконным продажы зброі Ірану і наклалі двухгадовую забарону на гандаль з гэтымі суб’ектамі. Санкцыі накладаліся не на краіну, а менавіта на канкрэтную кампанію.

Тым не менш, продаж беларускай зброі працягваўся. Інфармацыю пра кантракты на пастаўкі зброі збіраюць некалькі арганізацый, у тым ліку ААН (з 2001 года) і Стакгольмскі міжнародны інстытут даследавання праблем міру.

Апошнія гады не надта прыбытковыя для беларускіх прадаўцоў зброі.

У 2009 годзе кліентамі беларускіх кампаній былі Судан, які купіў тры штурмавікі Су-5, Уганда, якая атрымала 23 танкі Т-55, і Азербайджан. Каўказцаў зацікавілі штурмавікі і гаўбіцы.

У 2008-м сярод кліентаў заўважаныя Сірыя, Расія і ўсё тыя ж Азербайджан і Судан.

У 2007 годзе ўдалося атрымаць грошы з Арменіі, Эрытрэі і Судана. Як бачна, ніводнай еўрапейскай краіны ў пераліку няма.

Апошняя пакупка такога кшталту прыходзіцца на 2005 год — тады Славакія набыла два ваенна-транспартныя верталёты Мі-8.

Няўлічанае Перу

Мяркуецца, што найбольш прыбытковым для Беларусі быў перыяд з 1992-га па 2001 год, які не адсочваўся статыстыкай ААН. Па падліках даследчай службы кангрэса ЗША, толькі за 1998—2001 гг. Беларусь прадала зброі на $1 мільярд і займала 11-е месца ў свеце. Самым актыўным пакупніком тады выступала Перу. Туды прадавалі зброю і тэхніку, якая засталася на тэрыторыі Беларусі з савецкіх часоў.

Патэнцыйны ісландскі аблом

Санкцыі маглі б прайсці міма Беларусі незаўважна, калі б не патэнцыйны кантракт, інфармацыя пра які з’явілася ў верасні мінулага года. Прыватная кампанія ECA Program заключыла з «Белтэхэкспартам» дамову на пастаўку 15 самалётаў Су-27. Кошт пастаўкі ацэньваўся ў $1,5 мільярда. Кампанія вяла перамовы аб арэндзе ў Ісландыі закансерваванай авіябазы ў Кефлавіку, каб выкарыстаць яе для трэніровак ВПС розных краін. Разглядалася магчымасць у будучым набыць у Беларусі яшчэ 18 такіх самых самалётаў.

Ісландыя актыўна збліжаецца з ЕС, таму, не выключана, можа далучыцца да агульных санкцый.

Але Еўрасаюз не можа ўплываць на афрыканскія краіны, найбольш зацікаўленыя ў беларускай зброі. Магчыма, грошы давядзецца перадаваць праз іншую валюту, а не даляр ці еўра, і праз іншыя банкі, а не еўрапейскія і амерыканскія.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)