Политика
Андрэй Елісееў, euroradio.fm

Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі

У 13.20 па мінскім часе абсалютная большасць дэпутатаў Еўрапейскага парламента прагаласавала за праект рэзалюцыі па Беларусі, узгоднены пяццю палітычнымі групамі Еўрапарламента. Рэзалюцыя заклікае беларускія ўлады гарантаваць свабоду выказвання і аб'яднанняў, зарэгістраваць партыю Беларуская Хрысціянская дэмакратыя, забяспечыць належныя ўмовы дзейнасці для недзяржаўных арганізацый і незалежных СМІ.

У рэзалюцыі еўрадэпутаты выражаюць вялікую занепакоенасць нядаўнімі парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі супраць актывістаў грамадзянскай супольнасці, у асаблівасці Саюза палякаў, і выказваюць салідарнасць з беларусамі, чые грамадзянскія правы парушаюцца.

Дэпутаты таксама заклікаюць вызваліць палітычнага актывіста Андрэя Бандарэнку, вязняў сумлення Івана Міхайлава і Арцёма Дубскага,

зняць абмежавальныя захады супраць Тацяны Шапуцькі і адмовіцца ад кантролю за інтэрнэтам.

Еўрапарламент падкрэслівае, што Беларусь можа атрымаць максімальныя выгоды ад Еўрапйескага партнёрства ў тым выпадку, калі адбудуцца рэальныя змены ў забеспячэнні асноўных свабодаў, дэмакратыі, вяршэнства права і пашаны правоў чалавека, у асаблівасці правоў нацыянальных меншасцяў.

Да таго ж, пры прагрэсе ў сферы дэмакратыі і правоў чалавека Беларусь будзе мець шэраг іншых выгодаў: фінансавыя інструменты Еўрасаюза, аднаўленне ў Агульнай сістэме прэферэнцый, ратыфікацыя Дамовы аб партнёрстве і супрацоўніцтве, атрыманне настцпнага транш крэдыту ад МВФ.

Асобным пунктам рэзалюцыя адзначае, што далейшыя парушэнні правоў чалавека і вяршэнства права ў Беларусі могуць прывесці да перагляду пазіцыі ЕС, уключна з прыняццем санкцый.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)