«Еўрапейцы ўжо заблыталіся ў тым, каго з беларусаў слухаць»
Жонка Міколы Статкевіча лічыць, што Лукашэнка зноў абыграў усіх сваіх апанентаў, што беларусы здольныя самаарганізоўвацца без удзелу палітычных лідараў.
“Не хацела б каментаваць заявы, зробленыя ў Брусэлі”, — адразу чую ад Марыны Адамовіч. Мы размаўляем з ёй пра тое, кім цяпер, больш чым праз два гады пасля Плошчы, насамрэч з’яўляюцца палітзняволеныя. Таварам для гандлю, альбо закладнікамі патавай сітуацыі.
— Спадарыня Марына, пасля Плошчы ўжо мінула больш за два гады. Частку палітвязняў за гэты час вызвалілі, іншыя застаюцца за кратамі. Што яшчэ змянілася за гэты час акрамя колькасці палітзняволеных?
— Яшчэ ў канцы траўня 2012 года я прымала віншаванні з тым, што Мікола хутка будзе на волі. Таму я не веру сігналам, не веру абяцанкам. Толькі справам і абмяркоўваць магу толькі справы. Нягледзячы на гульні рэжыму з Захадам, на сігналы аб магчымых зменах, мне падаецца, што Лукашэнка зноў здолеў выйграць час. Сігналы гэтыя ідуць ужо больш за год. І еўрапейцы прыкметна знізілі інтэнсіўнасць сваіх патрабаванняў у чаканні пераменаў. І не толькі яны — беларускае грамадства таксама…
— Якой вы бачыце рэакцыю на сігналы афіцыйнага Мінска? Яна ёсць?
— Я бачу, што Еўрасаюз ускладае надзеі на нейкія намёкі і завярэнні беларускіх уладаў. За апошнія паўтара года санкцыі ЕС не былі пашыраныя. І гэта нягледзячы на тое, што пяцёра палітвязняў трапілі ў турму. Пяцёра з адзінаццаці. Гэты факт можа ацвярэзіць любога рамантыка.
— Вы часта бываеце за мяжой. Сустракаецеся з важнымі палітыкамі. Гэта дае нейкі плён? Вам удаецца сказаць тое, што хацелася б?
— На жаль, у большасці выпадкаў, гэта сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці заходніх краін, а не з тымі людзьмі, якія насамрэч уплываюць на палітыку адносінаў з Беларуссю. Ведаеце, я мушу канстатаваць, што колькасць няўзгодненых пасылаў ад беларускіх арганізацый і палітыкаў настолькі вялікая, што бедныя еўрапейцы ў іх проста заблыталіся. Беларусы не змаглі дамовіцца аб агульнай пазіцыі хаця б па адным пытанні… Гэта не мы, не я, змусілі Еўропу рашуча адрэагаваць на парушэнне правоў чалавека ў Беларусі. Гэта была іх рэакцыя. А цяпер я думаю, ЕС насамрэч разгубіўся — каго слухаць, на каго глядзець. Я ўдзячная за тое, што Захад мае больш-менш вызначаную пазіцыю нават нягледзячы на тое, што яе не маюць беларусы.
— Чаму розныя беларускія сілы не маюць адзінай пазіцыі па пытанні палітзняволеных? Гэта сведчыць аб перавазе ўласных амбіцый над праблемай, альбо немагчымасць дамовіцца — наша нацыянальная рыса?
— Я ўжо даўно перастала задаваць сабе гэтае пытанне. Успрымаю як дадзенасць, як факт. Думаю, што тут ўсе складнікі маюць месца быць. А галоўнае — адсутнасць волі да перамогі, адсутнасць праграмы, па якой дэмакратычныя дзеячы збіраюцца перамагаць. Ніхто не ведае сёння, што будуць рабіць дэмакратычныя сілы далей.
— Як вы думаеце, ці існуе праблема беларускіх палітвязняў у свядомасці шараговых грамадзян краіны? Людзі пра іх ведаюць?
— Беларусы здольныя самаарганізоўвацца без удзелу палітычных лідараў. Ніколі не забуду тую хвалю салідарнасці, якая была пасля падзей Плошчы. Калі ля управы БНФ стаялі чэргі з жадаючых дапамагчы арыштаваным і іх родным. Не забуду рэакцыі мінчан на тэракт 11 красавіка. Яна карэнным чынам адрозніваецца ад таго, як паводзілі сябе масквічы пасля тэрактаў у тым жа Дамадзедава.
Людзі падтрымлівалі палітвязняў летам 2011 года, калі выходзілі на вуліцы і плошчы гарадоў падчас акцый “маўклівага пратэсту”… Таму я пра беларускае грамадства ўсё ж лепшай думкі прытрымліваюся, гэта падтрымлівае падчас такога агульнага дэпрэсіўнага стану…
Інфармацыі мала пра палітвязняў. Такой, якую было б складана ігнараваць, прапусціць. Таму людзі часам здзіўляюцца даведаўшыся, што, аказваецца, яшчэ не ўсіх выпусцілі пасля Плошчы. Трэба таксама гаварыць, што пакуль у краіне будуць палітзняволеныя, адносіны з ЕС значна не палепшацца, эканамічнай дапамогі не будзе.
— Але акрамя ЕС яшчэ ёсць Масква. Якая падтрымлівае афіцыйны Мінск незалежна ад наяўнасці альбо адсутнасці палітзняволеных.
— Так, гэта наўпрост уплывае. Гэта адзіная магутная падпорка існуючай сітуацыі. Нягледзячы на, я б сказала, часовыя “сямейныя” разборкі паміж Мінскам і Масквой. І, на вялікі жаль, нашы дэмакратычныя сілы амаль не працуюць ва ўсходнім накірунку. Усе петыцыі, “дамы”, інфармацыйныя цэнтры — яны накіраваныя на Захад і адкрываюцца на Захадзе.
— Вы мяркуеце, што праваабаронцы і палітыкі могуць плённа працаваць ва ўсходнім кірунку? Гэта ўвогуле магчыма?
— Не толькі магчыма, але і неабходна. Нягледзячы на тое, што сітуацыя там імкліва набліжаецца да нашай. У Расіі жыве вельмі шмат беларусаў. Каля мільёна чалавек. І гэта як працоўная эміграцыя апошніх гадоў, так і ўплывовыя людзі. Іх нельга ігнараваць. Я разумею, што з імі значна цяжэй працаваць, чым на пляцоўках у інтэрнэце, альбо ў Варшаве. Але гэта трэба рабіць.
— Наколькі змянілася ваша жыццё за апошнія два гады? Па сваёй волі, альбо супраць яе — але вы сталі медыйнай асобай.
— Я была публічнай і раней, але ў сваёй галіне. Удзельнічала ў дэмакратычным руху. Была адной з заснавальнікаў “Беларускага кнігазбору”, працавала і ў “Вясне” на самым пачатку яе стварэння. Мне хапала гэтага, і не я не думала пра грамадскую публічнасць. На пачатку спрабавала яе пазбегнуць, але з часам зразумела, што не атрымаецца. Што трэба ездзіць, гаварыць, што калі не я, то гэтага ніхто не будзе рабіць.
— Як шмат вашага часу гэта забірае? Можна ўвогуле сказаць, што нейкі час вы займаецеся праблемай палітвязняў, праблемамі Міколы, а нейкі маеце для сябе?
— Мы з дзяўчатамі, калі сустракаемся іншы раз, размаўляем, то здзіўляемся — як так, што я занятая цэлы дзень, вечар, нават ноч часам… Думаеш, што я зрабіла? Але ад гэтага немагчыма адключыцца. Усе думкі, усе дзеянні у адным кірунку скіраваныя. Яшчэ пасля Плошчы мы, родныя палітвязняў, аб’ядналіся. Падтрымлівалі адна адну… Палітвязняў становіцца менш, але ўлады пачынаюць пераследаваць іншых людзей. Тут не расслабішся.
— Раней ці пазней, але палітзняволеныя выйдуць на свабоду. У тым ліку, і Мікола Статкевіч. Чым будзеце займацца, калі палітвязняў у краіне не стане?
— Калі думаю аб гэтым, то ўзгадваю характарыстыку, дадзеную Міколу адміністрацыяй Шклоўскай калоніі. Там гаварылася, што ён “на шлях выпраўлення не стаў” і што, “пасля вызвалення мае намер весці злачынны лад жыцця”. Не ведаю, калі выйдзе ён, калі выйдуць іншыя хлопцы…
Нашы мары хай застануцца пры нас. Яны чыстыя, светлыя. Мы з Міколам ніколі не развітваліся больш, чым на два-тры дні і верым, што хутка будзем разам.
Читайте еще
Избранное