Еўрапарламент заклікае Савет ЕС хутчэй увесці новыя санкцыі. Сярод прапаноў — абмежаваць доступ зборнай Беларусі ў Токіа

Пра гэта гаворыцца ў праекце рэзалюцыі ЕП. Галасаванне па рэзалюцыі плануецца сёння, паведамляе Еўрарадыё.

Падставай для такой пастаноўкі пытання стала сітуацыя з вымушанай пасадкай самалёта Ryanair у Мінску 23 траўня. З борта самалёта тады знялі і затрымалі журналіста Рамана Пратасевіча і ягоную дзяўчыну Сафію Сапегу.

«Заклікаем Савет ЕС як мага хутчэй пашырыць спіс асоб і арганізацый, на якія распаўсюджваюцца санкцыі ЕС, уключыўшы туды адказных за перахоп і прымусовую пасадку рэйса Ryanair, а таксама за затрыманне Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі», — гаворыцца ў праекце рэзалюцыі.

У чацвёрты пакет санкцый, на думку аўтараў дакумента, таксама павінны быць уключаныя асобы, «датычныя да электаральных махінацый і парушэння правоў чалавека», суддзі і супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія маюць дачыненне да затрымання ўдзельнікаў пратэстнага руху.

Пад санкцыі павінны патрапіць і тыя, «хто працуе на рэжым у сферы прапаганды, СМІ, дэзінфармацыі і распальвання нянавісці, уключаючы Марата Маркава, які браў інтэрв'ю ў Рамана Пратасевіча».

Вялікая частка рэзалюцыі прысвечана эканамічным санкцыям супраць Беларусі. Еўрадэпутаты прапаноўваюць Еўракамісіі і дзяржавам-членам ЕС адмовіцца ад любой фінансавай падтрымкі беларускага рэжыму: ніякіх крэдытаў беларускім банкам і інвестыцый у інфраструктурныя праекты або прадпрыемства. Зноў падымаецца пытанне аб выключэнні краіны з сістэмы SWIFT.

Акрамя таго, прапануецца ўвесці і сектаральныя санкцыі, «якія закранаюць гандаль сырой нафтай і нафтавымі прадуктамі, калійную, сталеліцейную і дрэваапрацоўчую прамысловасць».

Эканамічныя санкцыі, на думку аўтараў рэзалюцыі, «павінны быць істотнымі і, наколькі гэта магчыма, мець неадкладнае ўздзеянне на беларускі рэжым».

Аўтары рэзалюцыі таксама прапануюць вывучыць ролю Расіі «ў тэрарыстычных актах, учыненых беларускім рэжымам». «Актам дзяржаўнага тэрарызму» ў дакуменце, у прыватнасці, называецца інцыдэнт з самалётам Ryanair.

«Калі будзе палічана, што гэта мела месца, любы грамадзянін Расіі, які прама ці ўскосна мае дачыненне да аперацыі, павінен быць падвергнуты санкцыям», — гаворыцца ў праекце рэзалюцыі.

Еўрапарламент таксама прапануе Інтэрполу больш уважліва аналізаваць запыты ад Беларусі і не дапускаць таго, каб беларускія ўлады выкарыстоўвалі гэтую арганізацыю ў палітычных мэтах.

Акрамя таго, еўрадэпутаты выступаюць таксама за прыпыненне членства Беларусі ў міжнародных спартыўных арганізацыях. Яны прапануюць абмежаваць доступ зборнай краіны на міжнародныя спаборніцтвы, у тым ліку Алімпійскія гульні ў Токіа.

Сярод іншых прапаноў: пазбавіць беларускае тэлебачання правоў на трансляцыю матчаў чэмпіянату Еўропы па футболе і перадаць гэтыя правы тэлеканалу «Белсат».

У праекце рэзалюцыі еўрадэпутаты ў чарговы раз заявілі аб непрызнанні Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі і нагадалі, што лічаць цяперашні рэжым у краіне «нелегітымным, незаконным і злачынным».

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.8 (оценок:17)