​​​​​​​Эплбаўм: «Атмасфера ў Беларусі цяпер горшая, чым была ў 1980-ых»

Амерыканская журналістка з беларускімі каранямі і лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі Эн Эплбаўм распавяла, як дзесяцігоддзе таму з Лукашэнкам спрабавалі дамовіцца, і чаму рэжым агулам не перамог.

— Што б Лукашэнка ні хацеў зрабіць, якія б ні былі яго намаганні адрадзіць нешта накшталт савецкай таталітарнай культуры, яно правалілася і не мела поспехаў, бо было дастаткова людзей, якія хацелі чагосьці іншага, — кажа журналістка ў інтэрв’ю Жыццё-маліна. — Як мы ведаем, цяпер гэтыя людзі па-за межамі краіны, ці то ў турме, ці вымушаны маўчаць.

Эн Эплбаўм

На нейкі перыяд часу гэта перамога, ён усё яшчэ пры ўладзе. Але ці значыць гэта, што ён пераканаў усіх у краіне, што ён вялікі, што яго сістэма — добрая? Я так не думаю.

Перамога з пункту гледжання таго, чаго хацеў дамагчыся Савецкі Саюз, была ня проста ў тым, каб задушыць іншадумства, а каб ліквідаваць яго ў свядомасці, вычысціць дрэнныя ідэі, каб яны не распаўсюджваліся. Гэта была іх ідэя. Я не веру, што ў Лукашэнкі гэта атрымалася.

Журналістка адказала на пытанне, што будзе дрэнным сцэнаром для Беларусі.

— Дрэнны сцэнар для Беларусі ўжо быццам і перад намі, праўда? Мы ў гэтым пункце. Лукашэнка пры ўладзе, ён трансфармаваў сябе з кіраўніка калгаса ў дыктатара, а з людзьмі ў беларускіх турмах, думаю, абыходзяцца больш брутальна, чым у расійскіх.

І тое, што ён выгнаў лепшых людзей з Беларусі, што людзі, якія засталіся, баяцца размаўляць — гэта вельмі дрэнны сцэнарый. Але гэта наколькі я магу меркаваць, бо даўно там не была.

Атмасфера ў Беларусі цяпер горшая, чым была ў 1980-ых. Апошняе дзесяцігоддзе камунізму было даволі вольным у большай частцы Савецкага Саюзу, асабліва далёка ад Масквы. І мне здаецца, што цяпер сітуацыя горшая, чым была тады.

Мне казалі, што ў людзей там ёсць розныя падводныя плыні, яшчэ ёсць спосабы самаарганізацыі, што там ёсць маўклівая апазіцыя, але я не ведаю, якія ў гэтага перспектывы.

Натуральна, усё, што выглядае як перамога для Украіны, будзе вельмі добра і для Беларусі. Гэта, думаю, зменіць многае.

Эплбаўм распавядае, што Польшча калісьці спрабавала перацягнуць Лукашэнку на заходні бок.

— Дзесяцігоддзе таму быў перыяд, калі здавалася, быццам магчыма перацягнуць Лукашэнку калі не ў заходні лагер, то як мінімум дамовіцца з ім, каб рэжым паслабіўся, каб людзям было прасцей падарожнічаць.

І тады акурат мой муж (Радаслаў Сікорскі — С.) быў міністрам замежных спраў Польшчы, ён сустракаўся некалькі разоў з Лукашэнкам. Было шмат намаганняў, каб перацягнуць яго на свой бок, і выглядала, што ён чакаў, хто дасць яму лепшую прапанову: Еўрасаюз ці Расія.

Ва Украіне, дарэчы, таксама так было нейкі час. Шмат гадоў гэта было праблемай ва Украіне, бо Януковіч таксама так рабіў: іграў у геапалітычную гульню з Расіяй і Еўрасаюзам, пакуль ня выявілася, што насамрэч выбару ў яго не было. Ён быў расійскай марыянеткай.

Як мінімум нешта падобнае здарылася з Лукашэнкам, бо гульня, у якую ён гуляў, скончылася, і давялося рабіць выбар: ён абраў саюз з Расіяй.

Пры ўсім гэтым амерыканская журналістка пазітыўна глядзіць на будучыню.

— Я ня веру ў песімізм, бо быць песімісткай некарысна. Калі я скажу вам, што ўсё жудасна і мы хутка памрэм, вы адкажаце мне, што трэба здацца.  

Я прафесійна абавязаная быць аптымісткай. Я бачу мноства крокаў для паляпшэння сітуацыі. Думаю, што магчыма перамагчы ў вайне ва Украіне, і думаю, што Беларусь можа змяніцца. Спадзяюся на гэта.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(16)