Экономика

«Эмісійных грошай не будзе, беларускіх талераў — таксама. Дэнамінацыя магчыма, але не раней як праз год»

Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Надзея Ермакова адказала на пытанні чытачоў «Звязды». Вось на што мы звярнулі ўвагу.

— Спадарыня Ермакова, да вас ёсць некалькі вострых пытанняў. Зараз у нас заробкі налічваюцца ў мільёнах. Мабыць, для дзяржавы, ды і для людзей, "весці" разлікі такімі буйнымі сумамі не зусім зручна. Ці плануецца ў сувязі з гэтым правесці дэнамінацыю? Я недзе чула, што ўжо раней была надрукавана новая беларуская валюта — талеры. Гэта сапраўды так? Ці не пацерпяць ад дэнамінацыі звычайныя людзі? (Вольга Новік, г. Мінск)

— Адразу аб талерах. Такой надрукаванай валюты ў нас няма, ды і не было ніколі. Гэта звычайныя чуткі.

Што датычыць дэнамінацыі, то, на мой погляд, у сярэдзіне наступнага года мы можам пачынаць разглядаць гэтае пытанне. Чаму толькі ў наступным годзе, а не зараз? Сапраўды, даходы насельніцтва растуць, цэны таксама павялічваюцца. Нярэдка нам прыходзіцца мець справу з лічбамі, якія ўтрымліваюць шмат нулёў. Аднак, усе гэтыя нулі пакуль укладваюцца ў камп'ютары і калькулятары, а грашовыя купюры — змяшчаюцца ў нашы кашалькі. Але самае галоўнае, што для правядзення дэнамінацыі неабходны адпаведныя эканамічныя ўмовы, перш за ўсё — нізкі ўзровень інфляцыі. Таму сённяшняя сітуацыя ў эканоміцы, на фінансавым і валютным рынках пакуль не дазваляе нам весці размову аб хуткай дэнамінацыі.

Фота «Звязда»

Што датычыць наступстваў дэнамінацыі, то ад яе ніхто не павінен пацярпець, паколькі гэта працэс, хутчэй, тэхнічны, звязаны са звычайным "адкідваннем" нулёў. Таму ў любым выпадку баяцца дэнамінацыі не трэба. Тым больш, паўтаруся, сёння гэтае пытанне пакуль не актуальнае.

— Мы з мужам здымаем кватэру ў сталіцы за долары. Днямі, калі набывалі долары ў абменніку (трэба было 250 USD), стаялі пэўны час у чарзе, бо людзі больш куплялі валюту, чым здавалі. Няўжо ў банкаў зноў існуюць цяжкасці з валютай? (Таццяна Самсонава, г. Мінск)

— Сапраўды, апошнім часам насельніцтва стала больш купляць замежнай валюты. Каб высветліць, на якія мэты яна набываецца, нашы спецыялісты ў мінулыя выхадныя зрабілі выбарачнае апытанне сярод пакупнікоў валюты. Дык вось, частка з іх, як і вы, набывалі долары для бягучых разлікаў. Хаця тут варта адзначыць, што ўсе, хто разлічваецца за здымную кватэру доларамі, робіць гэта нелегальна, бо ў дагаворы аб арэндзе прыватнага жылля замежная валюта фігураваць не можа.

Акрамя таго, апытанне паказала, што пэўная частка людзей купляе валюту і ад страху абясцэньвання ўласных зберажэнняў. Аднак хацелася б падкрэсліць, што сёння працэнтная стаўка па дэпазітах у беларускіх рублях значна вышэй, чым па валютных укладах. Гэта значыць, захоўваць зберажэнні ў нацыянальнай валюце больш выгадна, чым у замежнай.

Асобныя грамадзяне хвалююцца, што пасля парламенцкіх выбараў наш рубель можа абясцэніцца. У Нацыянальнага банка такіх апасенняў няма, паколькі ні ў эканоміцы, ні ў фінансавай сферы няма аб'ектыўных прычын для рэзкага змянення сітуацыі. Таму да павышэння попыту на наяўную валюту мы ставімся спакойна — людзі маюць права самастойна распараджацца сваімі грашыма.

— Якой будзе стаўка рэфінансавання ў апошніх лічбах снежня? (Сяргей Каржанеўскі, г. Бабруйск)

— Чакаецца, што яна будзе не вышэй за 25—26 працэнтаў гадавых.

— А ніжэй яна не будзе?

— Не, не будзе. Стаўка рэфінансавання вызначаецца, зыходзячы з узроўню інфляцыі. Сённяшнія тэмпы росту цэн пакуль не дазваляюць нам разлічваць на больш значнае зніжэнне стаўкі рэфінансавання.

— Я чуў, што аб'ёмы жыллёвага будаўніцтва скарачацца не будуць. Значыць чакаецца "росквіт" і льготнага крэдытавання? А для гэтага трэба шмат грошай. Ці не пачне таму Нацбанк друкаваць вялікую колькасць грошай, якія нічым не будуць забяспечаны? Гэта ж можа прывесці да новай хвалі гіперінфляцыі... (Алесь Шыбут, г. Гродна)

— Нацыянальны банк не будзе друкаваць нічым не забяспечаных грошай — гэта забаронена на заканадаўчым узроўні. Мы спынілі выдзяленне "доўгіх" крэдытаў камерцыйным банкам. У гэтым проста няма неабходнасці. Наадварот, у асобных банкаў зараз ёсць залішняя ліквіднасць, і Нацбанк яе выводзіць з рынку. Сёлета мы ўжо знялі лішняй ліквіднасці ў аб'ёме каля

10 трлн рублёў. І гэта нармальная практыка ўсіх цэнтральных банкаў свету — такім чынам галоўныя банкі рэгулююць колькасць грошай, якая знаходзіцца ў абарачэнні. Калі будзе з'яўляцца неабходнасць падтрымаць той ці іншы банк грашыма на кароткі тэрмін, Нацбанк мае права гэта зрабіць. Але гэта будуць дарагія грошы, якія сёння каштуюць 50 працэнтаў гадавых.

Друкаваць эмісійныя грошы ні на якія дзяржаўныя праграмы Нацбанк таксама не будзе, у тым ліку і па жыллёвым будаўніцтве. Ільготнае крэдытаванне будаўніцтва будзе скарачацца, хаця агульны аб'ём узвядзення жылля не паменшыцца. Ёсць у людзей грошы для будаўніцтва. Дзяржава будзе фінансаваць толькі стварэнне інфраструктуры.

У наступным годзе асаблівая ўвага будзе надавацца развіццю індывідуальнага будаўніцтва. Аднак і па гэтай лініі не прадугледжана дадатковага льготнага крэдытавання. Перавага будзе надавацца выкарыстанню ўласных сродкаў, а таксама камерцыйным крэдытам.

— Надзея Андрэеўна, я звяртаюся да вас па просьбе сваёй бабулі, якую турбуе магчымасць кампенсацыі "згарэлых" укладаў савецкага перыяду. У бабулі на кніжцы было больш за 4 тысячы рублёў... (Ганна Саламаха, г. Мінск)

— Тут я вас не ўзрадую. Ні сёлета, ні ў 2013-м, ні ў 2014-м гадах кампенсацыі "савецкіх" укладаў не будзе. Кампенсацыя згубленых укладаў можа фінансавацца толькі з рэспубліканскага бюджэту, а не шляхам эмісійнага друкавання грошай. Пакуль наш бюджэт не прадугледжвае адпаведных выплат насельніцтву. Аднак пытанне з парадку дня не знята. Дзяржава не адмовілася ад ідэі кампенсацыі ўкладаў савецкіх часоў. Але для гэтага патрэбны адпаведныя фінансавыя рэсурсы, якія неабходна зарабіць у эканоміцы.

— Добры дзень! У мяне пытанне, якое, напэўна, ужо ўсіх турбуе. Хацелася б ведаць, ці будзе ў нас дэвальвацыя ў найбліжэйшы час. Ужо ж некалькі разоў казалі аб зарплаце ў 500 долараў. І ўсе ведаюць, чым гэта скончылася. Зараз гэтыя абяцанні ўзнавіліся. (Марына, г. Мінск)

— Па-першае, зарплату ў 500 долараў ніхто не абяцае. Прэзідэнтам пастаўлена задача перад урадам і кіраўнікамі прадпрыемстваў забяспечыць магчымасць зарабіць такую зарплату. Даць яе проста так ніхто не абяцае. Таму ніхто незаробленую зарплату нікому не дасць. І дэвальвацыі не будзе таксама. Мы летась зрабілі вельмі сур'ёзную дэвальвацыю. Перадумоў, каб рабіць такі крок яшчэ зараз, няма.

Інфляцыя за восем месяцаў гэтага года складае 14,6%. Увогуле на 2012 год прагназуецца інфляцыя не вышэй за 22%. Таму няма ніякай неабходнасці рабіць дэвальвацыю. На 2013 год інфляцыя прагназуецца на ўзроўні 12%. Зноў-такі не будзе патрэбы ў дэвальвацыі. А заробак у 500 долараў — гэта патрабаванне да ўрада, да кіраўнікоў прадпрыемстваў, каб у людзей была магчымасць такую зарплату зарабіць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)