Экспэрт: Мэркель магла прапанаваць Лукашэнку гуманітарную дапамогу на мяжы
Ці наблізіў званок Мэркель вырашэньне міграцыйнага крызісу? Радыё Свабода адказала дырэктарка міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC Policy Institute Алена Кудзько.
Кудзько:
Пакуль міграцыйны крызіс дакладна ня вырашаны.
Лукашэнка дастаткова ўклаўся ў гэты крызіс, і ён марыць аб вялікіх саступках з боку ЭЗ.
Але не выглядае, што ЭЗ іх гатовы прапанаваць.
Я ня думаю, што размова ішла пра поўнае зьняцьцё санкцыяў.
Мэркель магла прапанаваць гуманітарную дапамогу на мяжы.
Магчыма, была прапанова не забараняць лізінг самалётаў для «Белавія», а ўзамен Беларусь спыніла б гэтыя «турыстычныя» паездкі да мяжы.
Ня выключана, што размова ішла пра тое, што ЭЗ адкрые сваю паветраную прастору для «Белавія».
Магчыма, нехта ў камандзе Лукашэнкі лічыць, што можна паўтарыць тое, што было ў 2015–2016 гадах, калі Нямеччына паабяцала краінам Цэнтральнай Эўропы, што мігранты могуць прайсьці ў Нямеччыну, якая іх прыме.
Я не выключаю, што Нямеччына можа прыняць частку тых мігрантаў, якія знаходзяцца на мяжы.
Але гэта можа адбыцца толькі ў тым выпадку, калі паток спыніцца.
У беларускай інфармацыйнай прасторы гэтай тэлефоннай гутарцы надаецца значна больш увагі, чым у эўрапейскай прасторы.
Супярэчнасьці ў міграцыйным пытаньні паміж «новай» і «старой» Эўропай сьціраюцца.
Гэта ўжо не 2015 год, тады намеры Вугоршчыны будаваць сьцяну на мяжы, адмова Ўсходняй Эўропы дзяліць мігрантаў па квотах спараджалі мэнтальныя падзелы паміж Усходняй і Заходняй Эўропай. Цяпер сытуацыя іншая.
Пасьля 2015 году такія краіны, як Аўстрыя, Нямеччына, лепш ведаюць кошт інтэграцыі вялікай колькасьці мігрантаў.
Заходнія палітыкі таксама разумеюць, што адбываецца на мяжы — гэта сплянаваная атака з жахлівым выкарыстаньнем людзей.
Справа ня толькі ў Лукашэнку, Эўразьвяз ня можа сабе дазволіць падаць сыгнал іншым ахвотным — маўляў, калі ласка, стварайце міграцыйныя крызісы, мы вам заплацім.
Літва і Польшча абараняюць мяжу Эўразьвязу, і гэта ўсьведамляюць і ў Нямеччыне.
Але супярэчнасьці ёсьць.Будаваць ці не будаваць сьцяну? І хто за гэта будзе плаціць?
Ёсьць таксама супярэчнасьці наконт удзелу эўрапейскай службы памежнай варты Frontex у ахове польска-беларускай мяжы.
Польшча адмаўляецца ад гэтага.
Гэта міт, што Эўразьвяз даўно зарокся размаўляць з Лукашэнкам пра што б там ні было.
Пазыцыя ЭЗ такая, што ён гатовы размаўляць з кім заўгодна.
Пытаньне ў тым, ці можа другі бок прапанаваць нешта канкрэтнае для размоваў.
Читайте также
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное