Экс-выкладчык БДУ»: «Кафка б наўрад ці здолеў штосьці дадаць. Працэс залішне цэльны»

Філосаф Павел Баркоўскі – пра тое, што адбываецца ў судзе па «справе студэнтаў».

Архіўнае фота. З сайта Прававая ініцыятыва

– Другі дзень запар на студэнцкім працэсе зачытвалі матэрыялы справы, – пiша публіцыст. – Гэта выглядае настолькі бездапаможна, што нават вялікага жадання каментаваць няма. Калі, напрыклад, цікавасць для следства выклікае, што фігурантка справы падзялілася з кімсьці сваім персанальным мэйлам, ці што пасля аналізу праінсталяваных на персанальным кампутары гульняў ніякай інфармацыі цікавай следству не знайшлося – гэта пра ўзровень доказнай базы.

Большую частку часу яны, як падаецца, прысвячаюць таму, каб даказаць, што студэнцкія акцыі і пратэсты былі (трэба бачыць шырокія вочы канваіраў, якія назіраюць за відэаматэрыяламі з сотнямі студэнтаў і воклічамі «Жыве Беларусь!»), і што ў іх абавязкова мусяць быць арганізатары.

Затое той факт, што ў справе з’явіліся новыя матэрыялы, падшытыя пасля таго, як з ёй пазнаёміліся падсудныя і адвакаты, пракурору і суду цікавы не вельмі. Ну што там, і не такое бывае.

Вяршыня крыміналістыкі – сённяшняе пасляабедзеннае паседжанне (23 чэрвеня, – С.). Праглядалі відэадоказы. Такое ўражанне, што следчых забанілі ў гугле, і гэта фатальна. Бо знайсці ў якасці доказаў каля 5 відэафрагментаў на парталах youtube і onliner, а таксама 2(!) відэа з партала tut.by у якасці сведчання пра тыя акцыі студэнтаў, што адбыліся. Ну, гэта нават крыўдна.

А дзе падзеліся ўсе вашыя ціхары і супрацоўнікі пры выкананні з відэакамерамі, што актыўна здымалі пратэст? Дзе сотні відэа на тг-каналах. Нават відэакамеры стацыянарнага назірання аказаліся ўсяго ў некалькіх універсітэтаў, і тое, што там паказвалі было далёка не галівудскім блакбастарам (таму пераглядалі на хуткаснай перамотцы). Карацей за медыяпісьменнасць нашым следчым 3 балы з 10.

Суд, праўда, далёка ад іх не адышоў. Палёны ўіндаўз і неактуалізаваныя відэакодэкі ледзьве не сарвалі прагляды відэаконтэнту на караню. Што ўразіла: добрыя хадатайніцтвы за студэнтаў з боку адміністрацыі вну. Нават Гігін пастараўся і падпісаў вельмі добрую паперку.

Адміністрацыя відавочна прыхоўвала свае тылы, але факт застаецца фактам. Затое начальнікі СІЗА бачаць у нашых студэнтах мацёрых экстрэмістаў і парушальнікаў парадку. Нават дзіву даешся назіраючы за іх стромкімі постацямі за шклом.

Яны вельмі радуюцца ўсім, хто прыйшоў і шчыра пасміхаюцца сэрцайкам ці V-ам з боку глядачоў. Некаторыя засяроджана назіраюць за працэсам, але збольшага цікавяцца тымі, хто прыйшоў падтрымаць да іх з волі. У некаторых студэнтаў абвастрэнні хранічных хвароб, але хіба можна пакінуць пад хатнім арыштам такіх злосных тэрарыстаў.

Упарта шукаюць вонкавых лялькаводаў і арганізатараў. Але апроч скампраметаванага ЧУ і асобных актывістаў, што цяпер пераважна за мяжой, знайсці нікога не могуць…

22 чэрвеня зачытвалі цытату з аднаго паведамлення Іллі Трахтэнберга, дзе ён  нагадвае, што заўжды варта быць гатовым да затрымання і што сам ён ведае, чым зоймецца за кратамі. Смяецца ўся заля, таксама і фігурант. Налепкі БЧБ і Пагоняй – лепшыя сябры следчых і галоўныя доказы віны затрыманых.

Што яшчэ можна сказаць пра гэты Працэс. Што Кафка б наўрад ці здолеў да яго штосьці дадаць. Залішне цэльны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(29)