Скандалы

Экс-палітвязню Аліневічу інкрымінуюць падпалы ў Салігорску і Мазыры. Пакаранне аж да расстрэлу

Пра гэта піша блізкі да спецслужбаў тэлеграм-канал «Жёлтые сливы». Апублікавана відэа допыту анархіста Дубоўскага.

Былы палітвязень Ігар Аліневіч

Дубоўскі тлумачыць, што ён і Аліневіч жылі за мяжой, але вырашылі прыехаць у Беларусь, каб паўдзельнічаць у супраціве. У пачатку кастрычніка яны праз лес перайшлі ўкраінска-беларускую мяжу, піша Наша Ніва.

На тэрыторыі Беларусі яны сустрэліся яшчэ з двума анархістамі — гэта былі Г. Разановіч і С. Раманаў. Учацвярых вырашылі атакаваць будынкі сілавых ведамстваў.

У якасці першай цэлі абралі Салігорск, тут кінулі кактэйлі Молатава ў будынкі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз і пракуратуры. Каля будынка пракуратуры загарэліся аўтамабілі.

Пасля лясамі рушылі на поўдзень краіны, урэшце апынуліся ў Мазыры. Тут быў атакаваны будынак ДАІ.

Ні ў Салігорску, ні ў Мазыры ніводны чалавек не пацярпеў.

У канцы кастрычніка анархісты вырашылі сысці з Беларусі і былі затрыманыя у Ельскім раёне каля ўкраінскай мяжы.

Іх дзеянні кваліфікаваныя па ч. 3 арт. 289 КК як акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай. Санкцыя гэтага артыкула — пазбаўленне волі на тэрмін ад дзесяці да дваццаці пяці гадоў, або пажыццёвае зняволенне, або смяротнае пакаранне.

У пачатку 2010-х Аліневічу інкрымінавалі напад на расійскае пасольства, Генштаб, казіно «Шангры Ла», на офіс банка «Масква-Мінск» і ЦІП на Акрэсціна. Яго судзілі па артыкулах 339 (Хуліганства, здзейсненае групай асоб) і 218 Крымінальнага кодэкса (Пашкоджанне маёмасці небяспечным спосабам і ў асабліва буйным памеры). Ён быў прысуджаны да 8 гадоў зняволення, але памілаваны праз 5 гадоў.

Праваабаронцы тады заявілі, што хоць Аліневіч і здзейсніў злачынства, суд адбываўся з шэрагам парушэнняў, а рашэнне па справе было палітычна матываваным.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.5(19)