Экс-баявік «ЛНР» зь Беларусі распавёў, як пазьбег крымінальнага перасьледу на радзіме
«На Данбасе ў мяне была форма беларускага войска, я толькі збоку казацкі шаўрон прышыў», — сьцьвярджае ў інтэрвію Свабодзе былы баявік так званай «ЛНР» зь Беларусі. Карэспандэнт Свабоды сустрэўся зь беларусам-баевіком, якія вярнуўся з акупаванай тэрыторыі Данбасу на радзіму.
Радзівон Кургузаў, 23-гадовы жыхар вёскі Дуброўка, што пад Мар’інай Горкай, зь лютага па чэрвень 2015 году ўдзельнічаў ва ўзброеным канфлікце на Данбасе на баку «ДНР» і «ЛНР», але пазьбег крымінальнага перасьледу на радзіме. Цяпер ён жыве ў Беларусі, перабіваецца часовымі заробкамі і абяцае ваяваць супраць беларускага Майдану, калі той раптам адбудзецца.
Пра свой удзел у ваенным канфлікце і абставіны вяртаньня ў Беларусь Радзівон Кургузаў расказаў Свабодзе.
«Па тэлевізары вельмі шмат паказвалі пра «апалчэньне»
Перад тым, як адправіцца ў лютым 2015-га на Данбас, Радзівон Кургузаў 1,5 года адслужыў у беларускім войску — у пажарнай камандзе.
Менавіта ў войску ў яго і зарадзілася ідэя паехаць на Данбас: сюжэты расейскага тэлебачаньня пра вайну на паўднёвым усходзе Ўкраіны зрабілі вялікае ўражаньне на Радзівона.
«У нас звычайна прыходзіў начальнік пажарнай каманды, уключаў тэлевізар і глядзеў. Хто быў вольны ў гэты момант, ззаду стаялі і глядзелі таксама. Я быў сярод такіх. Па тэлевізары вельмі шмат паказвалі пра „апалчэньне“. Акрамя таго, яшчэ ў войску я пачаў сьпісвацца з „апалчэнцамі“ — проста „УКантакце“ знайшоў. Папрасілі дапамогі, патлумачылі, што там робіцца, паказалі відэа. Пасьля войска працы не было, я ў лютым сабраўся і вырашыў паехаць».
На Данбас Кургузаў прыехаў у той жа форме, у якой дэмабілізаваўся з Узброеных Сілаў Беларусі. «Я ўзяў з сабой форму, у якой служыў. На Данбасе ў мяне была форма беларускага войску, я толькі збоку казацкі шаўрон прышыў», — тлумачыць ён.
Спачатку Кургузаў трапіў у Казацкую нацыянальную гвардыю атамана Мікалая Казіцына, у горад Перавальск Луганскай вобласьці. Быў пастаўлены ў штабную варту, потым трапіў кулямётчыкам у «ваўчыную сотню» (атрад, які займаўся прыкрыцьцём зэнітных установак).
Калі кіраўніцтва «ЛНР» пачало зачышчаць казацкія атрады, Кургузаў сьпешна зьехаў у Данецк.
«Там пачалося раззбраеньне казакоў як незаконнага бандфармаваньня. Я тады напісаў рапарт аб звальненьні і рвануў у бок Данецку. Зьехаў своечасова— нашых усіх раззброілі і на чарнухінскую зону адправілі. Там яны адседзелі некалькі месяцаў, і іх адпусьцілі. А я трапіў у Данецку ў 1-ю Славянскую брыгаду (залічылі мэханікам у экіпаж танка)».
Як сьцьвярджае Кургузаў, за пяць месяцаў знаходжаньня на Данбасе ён так ні разу і ня ўзяў удзелу ў рэальным баі. На перадавой быў усяго раз: у самым пачатку, пасьля Дэбальцаўскай бітвы, іх падразьдзяленьне выяжджала зьбіраць трафэі. Непасрэдна пад абстрэлам фактычна таксама ня быў ніколі: толькі пару разоў мэтрах у трохстах ад іх ірваліся міны.
«Пакуль я там быў, я ні разу ня выехаў на баявыя дзеяньні. Звычайна проста хадзілі ў нарады, варту, патрулі», — кажа ён.
«Далі падпісаць паперу, што ў баявых дзеяньнях ня ўдзельнічаў»
Нарэшце Кургузову надакучыла такая служба і ён вырашыў вярнуцца ў Беларусь, дзе яго амаль адразу сустрэлі супрацоўнікі КДБ.
«Я прыехаў дадому дзесьці апоўначы, — згадвае ён, — А на наступны дзень у абед да мяне прыяжджаюць праваахоўнікі — міліцыянт і маёр КДБ. Прыехалі, павіталіся, паціснулі руку, пагутарылі са мной. Праз тыдзень выклікалі ў Пухавіцкі аддзел КДБ, зноў пагутарылі, запісалі паказаньні. Сказалі, што будуць весьціся сьледчыя дзеяньні. Потым прыехалі, правялі ператрус у хаце. Напэўна, яшчэ 3-4 разы выклікалі. Задавалі адны і тыя ж пытаньні: у якім падразьдзяленьні знаходзіўся, ці ваяваў наогул, дзе праходзіў падрыхтоўку і хто навучаў. Ставіліся добра. Ніхто ня ціснуў. Звычайнае чалавечае стаўленьне. У апошні раз, калі выклікалі (ужо дзесьці паўгода прайшло пасьля вяртаньня) далі падпісаць паперу, што мяне праверылі, у баявых дзеяньнях я ня ўдзельнічаў, складу злачынства няма».
Зрэшты, і пасьля гэтага супрацоўнікі КДБ Кургузава не забываюць, хоць і нельга сказаць, каб трывожылі: «Тэлефануюць пэрыядычна, пытаюцца, дзе працую, што і як. Ды і ўсё».
Тое, што для яго ўсё ў выніку абышлося без крымінальнай справы, Кургузаў тлумачыць проста: грошай за службу ў «ЛНР-ДНР» ён не атрымліваў (значыць, складу злачынства паводле артыкулу «найміцтва» нібыта няма) і непасрэдна ў баях удзелу ня браў.
Хоць у роднай вёсцы, кажа Кургузаў, сымпатыі ў асноўным на баку «ДНР-ЛНР», ягоную паездку на Данбас родныя, сябры і проста аднавяскоўцы сустрэлі без разуменьня.
«Кажуць, дурань. Хоць бывае, што спʼяна і пахваляць: малайчына, маўляў, што зьезьдзіў», — успамінае былы баец «ДНР-ЛНР».
На пытаньне, ці не шкадуе ён, што езьдзіў у зону баявых дзеяньняў, Кургузаў адказвае, не задумваючыся: «Не, не шкадую. Пагаварыў, пазнаёміўся зь людзьмі. Убачыў на свае вочы, як там усё».
«Я дапамагу людзям, якія будуць супраціўляцца Майдану»
Супраць незалежнасьці Беларусі Радзівон Кургузаў не выступае, але калі краіна раптам далучыцца да Расеі, то нічога страшнага ў гэтым ня будзе, лічыць ён.
— Мы раней былі адной дзяржавай, гэта было нядаўна. Быў СССР, і ўсе людзі кажуць — значна лепш жылі! Лепш бы заставаўся СССР — гэта ж была першая дзяржава ў сьвеце.
— А адкуль ты ведаеш, што ў СССР усё было так добра?
— Я, вядома, ня жыў тады, але мне бацькі расказвалі.
— Калі Майдан здарыцца ў Беларусі, якія будуць твае дзеяньні?
— Я цалкам падтрымліваю цяперашнюю ўладу. І мае дзеяньні будуць у падтрымку яе, а ня тых людзей, якія будуць гэты пераварот рабіць.
— А канкрэтна? Ты будзеш падтрымліваць, моўчкі седзячы ў хаце, ці нейкімі актыўнымі дзеяньнямі?
— Я прыеду, дапамагу тым людзям, якія будуць супраціўляцца Майдану — вазьму ўдзел, буду садзейнічаць тым жа праваахоўным органам, што падтрымліваюць цяперашнюю ўладу.
— Ці возьмеш ты ў рукі зброю ў выпадку Майдану?
— Калі будзе пагроза мірнаму насельніцтву нашай краіны, я ў любым выпадку вазьму зброю, каб абараняць яго.
— Ты дапускаеш, што можаш стаць байцом «Магілёўскай народнай рэспублікі», калі здарыцца беларускі Майдан і ён пераможа?
— Так.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное