Политика

«Эканамічны шантаж Масквы зьяўляецца рэальнай пагрозай для будучыні Беларусі»

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла і першы кіраўнік Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч звярнуліся да Барака Абамы з адкрытым лістом.

“Спадар Прэзыдэнт!

16 ліпеня 2009 года польская газэта «Gazeta Wyborcza» апублікавала ліст да Вашай адміністрацыі, які ўзьнімае ключавыя пытаньні Эўраатлянтычнага партнэрства. Яго падпісалі 22 чалавекі, якія зьяўляюцца элітай зьнешняй палітыкі і бясьпекі краінаў — новых чальцоў НАТО і ЭЗ, інтэлектуалы Усходняй і Цэнтральнай Эўропы.

Наўпрост ці ўскосна ўсе пытаньні, якія яны закранулі, датычаць дынамікі бягучых і, верагодна, будучых падзеяў у іх рэгіёне Эўропы, датычных адносінаў з Расеяй. Яны заклікаюць Злучаныя Штаты да ўдзелу ў сытуацыі і супрацоўніцтве ў якасьці сапраўднага партнэра Эўропы, заклікаюць выступаць адносна праблемаў рэгіёна — пераканаўча, выразна і своечасова.

На жаль, у напісаньні гэтага ліста не ўдзельнічалі, або, прынамсі, яго не падпісалі, іх калегі з тых усходнеэўрапейскіх краінаў — Армэніі, Азэрбайджана, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны — якія пакуль не зьяўляюцца чальцамі НАТО і ЭЗ і не маюць адпаведных гарантыяў бясьпекі. Не выпадкова, што гэта тыя эўрапейскія краіны, якія бліжэй за усё да Расеі, і тыя, у каго самы працяглы досьвед жыцьця пры савецкім расейскім камунізме. Гэты досьвед зьяўляецца асабліва важным зараз, у кантэксьце апошніх падзеяў і тэндэнцыяў.

Усе пытаньні, узьнятыя аўтарамі адкрытага ліста, надрукаванага ў Gazeta Wyborcza, і шмат, шмат якія іншыя, самым непасрэдным чынам датычаць нашых краінаў. Расейска-грузінскі канфлікт летась, без сумневу, найбольш відавочная дэманстрацыя гэтага факту. Але наўрад ці адзіная.

Эканамічны шантаж Масквы ў дачыненьні да Беларусі, Малдовы і Украіны з мэтай прымусіць іх вярнуцца ў сфэру ўплыву Крамля з яго рэвізіянісцкай палітыкай, зьяўляецца менш вядомай, але не менш рэальнай пагрозай для іх будучыні. Пэрыядычны энэргетычны шантаж Расеяй усіх гэтых шасьці краінаў стаў нормай у першым дзесяцігодзьдзі 21 стагодзьдзя.

З-за доўгага дамінаваньня, спачатку Расеі, затым Савецкага Саюза нашая радзіма Беларусь — гэта асаблівы выпадак і ёй трэба надаць асаблівую ўвагу. Мы бачым, што сукупнасьць фактараў у сучаснасьці — эканамічных, палітычных, у сфэры бясьпекі — можа быць шматабяцальнай для "пераменаў, у якія мы можам верыць", якія абвесьціла вашая адміністрацыя, і якія захапілі ўяўленьне людзей ва ўсім сьвеце.

ЭЗ з ухвальнай мудрасьцю адказаў на пераменлівыя рэаліі Усходняй Эўропы, у прыватнасьці, ініцыятывай Усходняе Партнэрства. Зараз мы заклікаем ЗША далучыцца да яго з такой жа дальнабачнасьцю і энэргіяй. З ўсіх прычынаў, пазначаных падпісантамі Адкрытага ліста ад 16 ліпеня, якія яны бачаць з іх выйгрышнай пазыцыі чальцоў НАТО і ЭЗ, мы таксама заклікаем ЗША скарыстацца магчымасьцямі, якія пакуль ёсьць. З пазыцыі краінаў, якія знаходзяцца па-за межамі гэтых арганізацыяў, мы можам прапанаваць шмат што. І нашыя патрэбы таксама вялікія. Мы чакаем ад Амэрыкі, гэтак жа як і ад Эўропы, мудрасьці і мужнасьці, якія так неабходныя ў наш час”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)