Дзярждэп ЗША нагадаў пра зьніклых палітыкаў

Сёньня Дзярждэпартамэнт ЗША абнародаваў штогадовую справаздачу аб стане правоў чалавека ў сьвеце ў 2011 годзе. Частка справаздачы, прысьвечаная Беларусі, якая ў дакумэнце называецца «аўтарытарнай дзяржавай», зьмяшчае моцна крытычныя ацэнкі.

Дакумэнт прадставіла ў Вашынгтоне дзяржаўны сакратар ЗША Гілары Клінтан. Яна адзначыла, сярод іншага, што ў 2011 «сьвет невымерна зьмяніўся». У гэтым кантэксьце яна асабліва падкрэсьліла палітычныя зрухі ў Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе, дзе людзі «сталі патрабаваць павагі да чалавечай годнасьці, большых эканамічных магчымасьцяў, большых палітычных свабодаў».

Прапануем вашай увазе прэамбулу беларускага разьдзелу справаздачы зь невялікімі скарачэньнямі:

Найбольш значнымі праблемамі ў галіне правоў чалавека па-ранейшаму застаюцца: няздольнасьць грамадзянаў зьмяніць уладу; сыстэма, пазбаўленая прынцыпу стрыманьня і процівагі, у якой улады дапускаюць частыя і сур’ёзныя злоўжываньні; палітычна матываванае пазбаўленьне волі сотняў людзей на працягу года. Акрамя таго, улады да гэтага часу не прадставілі справаздачы аб палітычна матываваным зьнікненьні людзей у мінулым.

Іншыя праблемы з правамі чалавека ўключалі злоўжываньні з боку сілаў бясьпекі, якія зьбівалі затрыманых і дэманстрантаў, ўжывалі празьмерную сілу для разгону мірных дэманстрантаў і, паводле паведамленьняў, ужывалі катаваніні і/або жорсткае абыходжаньне ў сьледзтве і турмах. Умовы ў турмах заставаліся надзвычай дрэнныя.

Улады выкарыстоўвалі неапраўданыя арышты, затрыманьні і зьняволеньні грамадзянаў за крытыку чыноўнікаў, за ўдзел у дэманстрацыях і зь іншых палітычных прычынаў.

Судовай ўладзе не хапала незалежнасьці, яна пакутавала ад неэфэктыўнасьці і палітычнага ўмяшаньня; вынікі судовых справаў часта былі перадвызначаныя, а шмат якія працэсы праводзіліся пры зачыненых дзьвярах або завочна.

Улады працягвалі парушаць правы грамадзян на недатыкальнасьць прыватнага жыцьця. Улады далей абмяжоўвалі грамадзянскія свабоды, у тым ліку свабоду слова, друку, сходаў, асацыяцый, рэлігіі і руху. Улады канфіскоўвалі друкаваныя матэрыялы актывістаў грамадзянскай супольнасьці і перашкаджалі незалежным сродкам масавай інфармацыі ў распаўсюджваньні інфармацыі і матэрыялаў.

Улады па-ранейшаму перашкаджалі ў дзейнасьці некаторых рэлігійных груп або забаранялі іх, час ад часу штрафуючы іх або абмяжоўваючы іх актыўнасьць. Улады перасьледавалі праваабарончыя групы, няўрадавыя арганізацыі і палітычныя партыі, адмаўляючы ў рэгістрацыі шмат якім зь іх, а потым пагражаючы ім крымінальным перасьледам за дзейнасьць без рэгістрацыі.

Карупцыя ва ўсіх галінах улады працягвала заставацца праблемай. Гвалт і дыскрымінацыя ў адносінах да жанчын, гэтаксама як і гвалт у дачыненьні да дзяцей, таксама заставаліся праблемай. Гандаль людзьмі заставаўся сур’ёзнай праблемай. Існавала дыскрымінацыя ў адносінах да асобаў з абмежаванымі магчымасьцямі, цыганоў, этнічных і сэксуальных меншасьцяў, асобаў зь ВІЧ/СНІД, як і тых, хто імкнуўся карыстацца беларускай мовай.

Улады перасьледавалі і час ад часу звальнялі з працы сяброў незалежных прафсаюзаў, сур’ёзна абмяжоўваючы магчымасьці працоўных ствараць і ўступаць у незалежныя прафсаюзы ды арганізоўваць і весьці калектыўныя перамовы.

Улады ўсіх узроўняў дзейнічалі з пачуцьцём беспакаранасьці і не рабілі захадаў дзеля судовага перасьледу або пакараньня службовых асобаў ва ўрадзе і сілавых структурах, якія парушалі правы чалавека.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)