Экономика
Наста Ігнатовіч, Еўрарадыё

Дзярждэп моцна пашкадуе, калі ізноў прыменіць да нас санкцыі

Без лідскай “Лакафарбы” Дзярждэп стане цьмяным і бляклым, — такую ўпэўненасць выказаў у інтэрв’ю Еўрарадыё дырэктар прадпрыемства. Сама ж “Лакафарба”, па словах яе кіраўніка, амерыканскіх санкцый на сабе не адчула. Адмаўляе эканамічныя страты ад санкцый і полацкае “Шкловалакно”. Эксперты ж, наадварот, лічаць, што санкцыі далі свой плён.

Пасля паўгода існавання санкцый ЗША адмяніла іх дзеянне на двух беларускіх прадпрыемствах. У дачыненні да канцэрну "Белнафтахім" яны і сёння працягваюць дзейнічаць. У лік шчасліўчыкаў патрапілі полацкае “Шкловалакно” і лідская “Лакафарба”. Але самі прадпрыемствы асаблівай радасці з гэтай нагоды не адчуваюць. Кажуць, што санкцыі былі бессэнсоўнымі.

“Яны практычна на нас не паўплывалі”, — кажа Еўрарадыё намеснік генеральнага дырэктара па рэалізацыі прадукцыі “Шкловалакна” Вячаслаў Градзюшка:

“Адзінае што, мы вымушаныя былі пераразмеркаваць таварапатокі нашай прадукцыі. На гэта спатрэбіўся нейкі час. У любым разе таго эфекту, на які разлічвалі ЗША, яны абсалютна не дамагліся. Гэта ўсё было беcсэнсоўна”.

Генеральны дырэктар “Лакафарбы” Іван Сідараў кажа, што прадпрыемства як працавала да прыняцця санкцый, працягвала працаваць падчас іх дзеяння, так і цяпер, пасля адмены, працуе ў звычайным рэжыме:

“Калі яны былі прынятыя, прадпрыемства функцыянавала нармальна, паказчыкі ўсе выконваліся. І цяпер усе паказчыкі па аб’ёмах прамысловай прадукцыі, якія даведзеныя ўрадам на наступны год, мы выканаем. Натуральна, што зрабіць гэта будзе цяжэй, але на тое я і кіраўнік”.

Адзіная праблема, з якой сутыкнулася “Лакафарба”, па словах кіраўніка, — гэта пастаўка абсталявання, якое выраблялі амерыканцы.

Нагадаем, што рашэнне па адмене санкцый не канчатковае. ЗША прыпынілі іх дзеянне на шэсць месяцаў. І цяпер ад беларускіх уладаў залежыць, ці будуць яны ўведзеныя ізноў.

Генеральны дырэктар “Лакафарбы” ужо сёння кажа, што, калі амерыканцы вырашаць аднавіць дзеянне санкцыяў, у іх могуць быць вялікія праблемы. Але не ў “Лакафарбы”, як гэта можа адразу падасца:

“Калі раптам прыменяць санкцыі да нас яшчэ раз, то Дзярждэп пра гэта моцна пашкадуе. Ён праз пару гадоў стане бляклым і цьмяным без лідскай лакафарбы”.

Дырэктар аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Леанід Заіка лічыць, што санкцыі ЗША не з’яўляюцца сур’ёзнымі для беларускай эканомікі. Але, тым не менш, могуць выклікаць пэўныя непрыемнасці, кажа эканаміст:

“Санкцыі, якія прымаюцца ЗША, не з’яўляюцца сур’ёзнымі для беларускай эканомікі. І прыняцце іх альбо адмена — гэта не тое, што можа сапсаваць сітуацыю знешнеэканамічнай дзейнасці.

“Фарба”, “Шкловалакно” і ўсё астатняе не грае вялікай ролі. Іх можна нават не ўлічваць пры аналізе балансу экспарту і імпарту ў Беларусі. Санкцыі могуць проста выклікаць элементы непрыемнасці. Але гэта не той выпадак, калі рэзка штосьці можа пагоршыцца...”

Па словах эканаміста, адзінае прадпрыемства, на якое санкцыі могуць мець уплыў — гэта канцэрн “Белнафтахім”. Але, нагадаем, там яны як раз працягваюць дзейнічаць.

Стрыманую рэакцыю беларускіх прадпрыемстваў на адмену санкцый журналіст Святлана Калінкіна называе дзяржаўнай палітыкай. На самой справе, на яе думку, санкцыі ЗША былі дастаткова балючымі. І без іх “дапамогі” перамовы па вызваленні палітзняволеных цягнуліся б яшчэ дзесяцігоддзямі:

“Гэта такая дзяржаўная палітыка — не прызнавацца, што санкцыі для нас балючыя. На самой справе, наколькі я ведаю, гэта было дастаткова балюча для канцэрну “Белнафтахім”. У “Лакафарбы” добрая сітуацыя са збытам у Расію, таму ў іх якраз лепшая сітуацыя... Што тычыцца іншых прадпрыемстваў нафтахімічнай прамысловасці, то для іх гэта вельмі адчувальна.

Я ўпэўненая, што ніякімі мірнымі перамовамі ні Еўропа, ні Злучаныя Штаты не змаглі б дабіцца таго, чаго яны ўжо дабіліся, і што ў нашай краіне сёння няма палітзняволеных. Мірным шляхам гэтыя перамовы цягнуліся б яшчэ шмат дзесяцігоддзяў”.

Нечакана прызнаў плён санкцыяў і лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які заўжды выступаў супраць іх увядзення:

“Безумоўна, плён быў. Перспектывы пагаршэння адносін маглі прывесці да такога ўзроўню санкцый, што яны б моцна закранулі многія беларускія прадпрыемствы. Асабліва калі б да іх далучылася яшчэ і Еўропа.

Прадпрыемствы бачаць сітуацыю толькі зыходзячы з фармату свайго прадпрыемства, а мы кажам пра кантэкст агульнабеларускі...”.

ЗША не мелі за мэту паралізаваць беларускую эканоміку, галоўнай функцыяй санкцыяў было прымусіць беларускія ўлады задумацца, — кажа палітык. На яго думку, гэта атрымалася.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)