Истоки

Аліна Рублёва

«Дзяржава настолькі маштабна шкодзіць сама сабе, наколькі б не змаглі нашкодзіць усе звольненыя вучоныя разам»

Ці можна пабудаваць нацыю без мовы? Які эфект прыносяць высілкі Бондаравай і ёй падобных? I што могуць сёння рабіць людзі, каб не даць рэжыму разбурыць краiну?

У межах спецпраекту Вытокі «Салідарнасць» аналізуе беларускі нацыянальны характар і спрабуе знайсці адказы на пытанне, хто такія беларусы і куды мы як нацыя ідзем. Наш суразмоўца — незалежны даследчык. У мэтах бяспекі мы не называем яго імя.

Першую частку інтэрв’ю чытайце тут.

— Ці можна пабудаваць нацыю без мовы? Можам мы стаць у гэтым плане нейкай беларускай Швейцарыяй ці ўсё ж знікненне мовы пагражае нам і стратай дзяржавы?

— Каб пабудаваць у Беларусі Швейцарыю, трэба прайсці той шлях, які прайшла эканоміка, дзяржаўная арганізацыя, культура Швейцарыі. У Беларусі магчымая толькі Беларусь – ва ўсіх аспектах, у тым ліку і ў моўным.

Нацыя без мовы ў абставінах Усходняй Еўропы не магчыма. Справа ў тым, што калі «адмяніць» нацыянальную мову — страціць, адмовіцца, прытрымаць у развіцці — то вызваленае месца будзе аператыўна запоўнена мовай іншага народа, больш агрэсіўнага ў плане насаджэння сваёй культуры. Што мы і назіраем у сучаснай Беларусі.

Таму тут можна вывесці вельмі простую залежнасць: чым менш становіцца нацыянальнай мовы, тым менш нацыянальнай дзяржавы.

З улікам спецыфікі самаідэнтыфікацыі нашых суседзяў беларуская мова, відаць, асуджана на пастаяннае змаганне за сваё існаванне (як, дарэчы, і беларуская дзяржава).

Пазітыўныя навіны заключаюцца ў тым, што вельмі нават магчыма, што менавіта змаганне з’яўляецца натуральным асяроддзем для беларускай моўнай сітуацыі. Іншымі словамі, ва ўмовах перманентнага змагання беларуская мова адчувае сябе цалкам арганічна.

— Наколькі змянілася моўная сітуацыя за апошнія 30 год? Як бы вы ацанілі сённяшні стан, і ці ёсць запатрабаванасць у беларускай мове ўнутры краіны менавіта зараз?

— Пакаленне 80-х-пачатку 90-х, выхаванае ва ўмовах беларусізацыі садкоў, школ і ўніверсітэтаў, за апошнія 30 гадоў стала больш пасіўным. Гэта звязана са сталеннем, зменай прыярытэтаў, месца жыхарства і так далей. Яму на змену прыходзяць сацыяльна важныя пакаленні канца 90-х і 2000-х — тыя, якія не ведаюць, што такое нацыянальна арыентаваная дзяржава.

Новыя пакаленні ўжо не хадзілі ў Дом літаратара на сустрэчы з Гілевічам, не разумеюць, як грамадскай свядомасцю можа кіраваць тыднёвік ЛіМ і не замаўлялі рускамоўным барменам прынцыповую «філіжанку кавы».

Затое яны неаднаразова сутыкнуліся з рознымі забаронамі. Менавіта гэтыя забароны ў апошнія гады і фарміруюць кола інтарэсаў тых, што не памятае або не ведае беларусізацыю 1990-х гадоў.

Хто ў Беларусі чытаў Дуніна-Марцінкевіча да таго, як яго творы пачалі забараняць?.. Па дыяганалі — студэнты філфакаў, па кароткім змесце, і тое праз аднаго. А за апошні год у мяне са знаёмых тэхнароў і матэматыкаў цэлая чарга сфарміравалася на зборнік яго твораў.

Тое ж датычыцца і многіх іншых беларускіх аўтараў. Спрацоўвае прынцып супрацьдзеяння: выкінулі з праграмы «Каласы пад сярпом тваім» Караткевіча — значыць, вартая кніга, трэба прачытаць.

Мой калега-матэматык, у якога кола актыўнай беларускай лексікі абмяжоўваецца трыма дзясяткамі слоў, прынцыпова сеў і прачытаў гэты раман, каб такім чынам выказаць унутраны пратэст.

За кошт забарон у Беларусі сфарміраваўся вялікі спіс аўтараў для «пазакласнага чытання»: Каліноўскі, Дунін-Марцінкевіч, Купала, Караткевіч, Барадулін, Гілевіч, Бахарэвіч, Алексіевіч, Някляеў, Арлоў і г.д. 

Акрамя таго, вельмі важна не толькі тое што, але і тое, хто дзейнічае ад імя дзяржавы. Хто тыя людзі, якія забараняюць (або «не рэкамендуюць») беларусам чытаць нармальных аўтараў? Міністэрскія цёткі з начосам, палкоўнік з адсутнасцю звязнага маўлення або актывістка Бондарава, рэальны ўзровень якой — барацьба з хагі-вагі?.. Хто можа прыслухацца да такіх забарон?.. 

Нягледзячы на ўсё намаганні, дакладней «потуги», улада за 30 год так і не змагла перацягнуць на свой бок дастатковую колькасць маральна-інтэлектуальных аўтарытэтаў у галіне навукі, адукацыі, культуры і многіх іншых сферах.

— А наколькі ў плане нацыянальнай свядомасці адрозніваюцца сённяшнія студэнты ад тых, што прыходзілі ва ўніверсітэты ў 1990-2000-х?

— Калі казаць пра студэнтаў, то тут трэба прызнаць чарговы пракол беларускай сярэдняй адукацыі: пасля 11 класаў ва ўніверсітэты прыходзяць вельмі адэкватныя маладыя людзі, якія пераважна добра арыентуюцца ў тым, што адбываецца ў краіне. Моладзь у асноўнай масе ўмее думаць, супастаўляць факты і не асабліва паддаецца на ідэалагічныя прыёмы прапаганды.

Не магу прыпомніць выпадкаў, каб за апошнія гады хтосьці са студэнтаў негатыўна рэагаваў на ўсё тое, што звязана з беларускай культурай. Дарэчы, у 1990-я такія выпадкі якраз здараліся.

Самым важным адрозненнем паміж сённяшнімі студэнтамі і студэнтамі эпохі беларусізацыі з’яўляецца тое, што сучасныя студэнты значна менш праяўляюцца ў плане ацэнак і меркаванняў. Яны ведаюць, што лепш прамаўчаць, чым выступіць супраць чарговай ініцыятывы выхаваўчых структур. Часам лепш зрабіць выгляд і наведаць чарговае бээрэсэмаўскае мерапрыемства, каб адчапіўся дэканат.

Але па зносінах з вучнямі, абітурыентамі і студэнтамі, па іх іранічных каментарыях можна зрабіць толькі адну выснову: ніякіх поспехаў у ідэалагічнай рабоце ў дзяржавы няма. Прычыны зразумелыя: саўковасць метадаў, шлях забарон, алагічнасць большасці з таго, што робіцца ў культурным жыцці. І ў дадзеным выпадку гэта абнадзейвае.

— У чым тады вам бачыцца найбольшая пагроза для беларускай нацыі? Як увогуле адбіваюцца сённяшнія рэпрэсіі на нашай будучыні?

— Калі ўзяць сістэму адукацыі, якой і раней асабліва не было чым пахваліцца, то пасля 2020 года тут адбываецца сапраўдная катастрофа. Палітычныя чысткі прывялі да таго, што са многіх гімназій і школ былі звольнены найбольш кваліфікаваныя настаўнікі. Думаць, што людзей з велізарным вопытам і ведамі лёгка заменяць выпускнікі-мэтавікі двух беларускіх «педаў», — не проста наіўна, а злачынна.

А якую шкоду беларускім адукацыйным і навуковым установам прынеслі так званыя «куратары» — штатныя супрацоўнікі органаў бяспекі! Дакладна ведаю, што па іх патрабаваннях былі звольнены нават не дзясяткі, а сотні навукоўцаў і выкладчыкаў, якія чатыры гады таму назад падпісаліся «не за таго» кандыдата.

Прычым, палова з іх падпісвалася проста таму, што ім было ўсё роўна, за каго падпісвацца ці не шкада подпісу ў прынцыпе. Другая палова — таму, што не сумняваліся ў тым, што дзейнічаюць па законе, а дзяржава зацікаўлена менавіта ў альтэрнатыўных выбарах.

Такім чынам, маем сітуацыю, калі аўтарытэтныя дацэнты і прафесары, навуковыя супрацоўнікі вымушаны сыходзіць з дзяржаўных структур або змяняць сферу дзейнасці і пераязджаць у іншыя краіны. Напрыклад, рэктарка ўстановы, у якой я працаваў, будуе кар’еру на тым, што, пачынаючы з 2020 года, паслядоўна выціскае з універсітэта ўсіх, хто заўважаны ў якой-кольвечы нелаяльнасці да дзяржаўнага ладу. 

У выніку на многіх кафедрах профільныя курсы, якія чыталі адзінкавыя ў краіне спецыялісты, цяпер выкладаюць выпадковыя людзі, якія ведаюць пра сутнасць дысцыплін не больш за саміх студэнтаў.

Што атрымліваецца. Ужо праз год на прадпрыемствы прыйдуць недавучаныя інжынеры, у школы — бездапаможныя настаўнікі, у паліклінікі — урачы з ведамі санітараў. Яны, магчыма, змогуць паўтарыць словы дзяржаўнага гімна, але трактары не будуць ехаць, школьнікі — вучыцца, а хворыя — папраўляцца.

Інакш кажучы, дзяржава настолькі маштабна шкодзіць сама сабе, наколькі б не змаглі нашкодзіць усе звольненыя вучоныя разам. А для таго, каб выправіць сітуацыю, спатрэбяцца дзесяцігоддзі. І не факт, што сітуацыя ўжо абарачальная.

— Якія тады перспектывы беларусаў як нацыі? І што мы можам і павінны рабіць сёння, каб захаваць сябе?

— Перспектывы захавання беларусаў як нацыі невыразныя і залежаць ад перспектыў беларускай дзяржаўнасці і дзяржаўнай беларускасці. Складана прапанаваць эфектыўную формулу выжывання, якая б спрацавала і не аказалася памылковай.

Але, верагодна, трэба выкарыстаць прынцып «паміраць збірайся, а жыта сей». На мой погляд, кожны павінен займацца сваёй справай, рабіць яе якасна і абмяжоўваць у ёй уплыў афіцыёзу, наколькі гэта магчыма.

Выкладчыкі — вучыць так, каб потым твае былыя студэнты не вучылі сваіх студэнтаў адваротнаму. Урачы — лячыць з разуменнем таго, што лечаць тых, хто ў тым ліку вучыць і іх дзяцей. Пісьменнікі — пісаць тое, што б прымусіла і выкладчыкаў, і ўрачоў працаваць менавіта з думкамі пра будучае.

З аднаго боку, гэта прыгожыя словы, а з другога — даступная форма грамадзянскага супраціву: працаваць не на дзяржаўную ідэалогію з «Дажынкамі», азаронкамі і сотнямі сцягоў уздоўж усіх праспектаў, а на канкрэтных беларусаў.