Общество
Яўген Васількоў, «Наша нiва»

Дзяржава для народа, а гатэлі для сябе

Да 2014 года ў сталіцы паўстане шэсць новых чатырох- і пяцізоркавых гатэляў. У іх ліку элітныя Radisson Olympiс, Hyatt Regency… Найбуйнейшыя міжнародныя карпарацыі гатовыя прыйсці на беларускі рынак паслуг. Але з кім яны будуць канкураваць? З гатэлямі Самога. Многія элітныя гасцініцы Мінска належаць Кіраўніцтву справаў прэзідэнта.

Будучы «Кемпінскі» каля цырка

Будучы «Рэдысан» насупраць Драздоў

Будучы «Хаят» на Нававіленскай

Абы-каму гатэлі не аддадуць

Па падліках, у Беларусі працуе 297 гатэляў і гатэльных комплексаў. З іх муніцыпальнымі з’яўляецца амаль палова — 130 збудаванняў, пераважна ў райцэнтрах. Але насамрэч доля дзяржавы нашмат большая. Свае ведамасныя гатэлі мае большасць міністэрстваў. Пэўная доля належыць і ўласна Адміністрацыі прэзідэнта.

Напрыклад, супердарагі гатэль «Мінск» на плошчы Незалежнасці належыць менавіта Кіраўніцтву справаў прэзідэнта.

У Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі існуе план прыватызацыі камунальных гатэляў. Але праграма датычыцца выключна рэгіёнаў. Мінскія гатэлі не прадаюцца.

Да ліку камунальных у сталіцы адносяцца толькі прыбытковыя элітныя «Еўропа» і «Вікторыя».

Найлепшыя зорныя гатэлі

«Зорнасць» гатэляў у нашай краіне рэгулюецца ДАСТам, агульным для ўсіх краін СНД. Ён адрозніваецца ад міжнародных параметраў колькасцю паслуг для VIP-кліентаў. Напрыклад, амерыканцы і еўрапейцы перакананыя, што 5*-я гатэлі мусяць мець басейны і верталётныя пляцоўкі. Беларусі такое і не снілася.

Пяцізоркавых гатэляў у Беларусі ўсяго два. Гэта мінскія «Еўропа» і Crowne Plaza («Краўн Плаза»).

Як ужо зазначалася раней, «Еўропа» знаходзіцца ў муніцыпальнай уласнасці. Адкрыты пасля рэканструкцыі ў 2007 годзе, гатэль адразу ж выйшаў на самаакупнасць. Яшчэ б! Самы просценькі аднамясцовы нумар каштуе 265 еўра за ноч. А вось за прэзідэнцкі люкс трэба заплаціць як мінімум 1105 еўра.

Самы дарагі гатэль сталіцы, «Еўропа», належыць гарвыканкаму

Crowne Plaza — адзін з нешматлікіх гатэляў, што належаць замежнікам. Яго ўладальнік — турак Судзі Азкан.

Прэзідэнцкі нумар у «Краўн Плазе»

«НН» пісала пра яго як уласніка элітнага казіно, у якім кожны наведнік траціць як мінімум тысячу даляраў, і ягоную жонку-беларуску. Бізнэсовец узначальвае сусветную карпарацыю Princess International Group. Мінскае будаўніцтва каштавала яму 34 мільёны даляраў. Гатэль адчыніў свае дзверы ў 2008 годзе. Самы танны нумар каштуе 204 еўра за ноч.

Сертыфікат чатырохзоркавых гатэляў у краіне маюць мінскія «Вікторыя», «Мінск» і віцебская «Лучоса».

«Лучоса» — найлепшы гатэльны комплекс за межамі сталіцы. Яго пабудавалі віцебскія ўлады ў 2004 годзе, перадусім для гасцей «Славянскага базара».

Муніцыпальная «Вікторыя» адкрылася ў Мінску ў 2007 годзе. Яна хоць і належыць сталічным уладам, але цесна звязаная з Расіяй. Піцерскія бізнэсоўцы маюць там памяшканні пад казіно. За мінулы год чысты прыбытак гатэля склаў $1,75 мільёна. Пры гэтым яго можна лічыць бюджэтным у параўнанні з астатнімі. Кошт нумароў пачынаецца «ўсяго» са 135 еўра.

«Мінск», якім валодае ўпраўленне справамі прэзідэнта Беларусі, летась зарабіў больш — $2,5 мільёна. Нумары каштуюць ад 145 еўра. Пасля рэканструкцыі ён адкрыўся ў 2002 годзе.

Сераднякі

Геаграфія шаснаццаці трохзоркавых гатэляў шырэйшая. Яны прадстаўленыя ў кожнай з абласцей. Больш за ўсё, зразумела, у Мінску. Але прыватных сярод іх вобмаль. Адзін з такіх, сціплы, мае Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр (IBB).

Кіраўніцтва справаў прэзідэнта валодае адразу двума — «Планетай» і «Юбілейным».

«Сілічы» і тры гатэлі Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» належаць дзяржаве, а «Нафтан» — аднайменнаму наваполацкаму прадпрыемству.

Жлобінская «Славінаспорт» належыць замежнаму прадпрыемству «Юнівест-М», якое займаецца пастаўкамі і перапрацоўкай нафты. Таксама кампанія мае інтарэсы на рынку нерухомасці Беларусі.

Лідскі «Кантынент» мае ва ўласнасці кампанія «Ліпласт-СПБ» на чале з мясцовым бізнэсоўцам Ігарам Рышкевічам. Прадпрыемства займаецца выпускам вырабаў з шклапластыка. Праўда, кажуць, што грошы на гатэль выдзеліў не ён, а ягоны брат, уладальнік лакафарбавага завода ў Пецярбургу.

Па ўзроўні камфорту да трохзоркавых гатэляў адносяць і гродзенскі «Сямашка». Ім валодае нядаўна пастаўлены старшыня праўладнага Саюза палякаў Станіслаў Сямашка.

Але ягоная гасцініца пакуль што не прайшла сертыфікацыі.

Перспектыўныя праекты

Канкрэтныя планы па будаўніцтве элітных гатэляў маюцца адразу ў некалькіх інвестараў. Найбольшы розгалас набыў праект сусветнай карпарацыі Kempinski. Грамадская думка ўсё ж «вынесла» будынак з Кастрычніцкай плошчы ў раён цырка. Найбольшы пакет акцый кампаніі належыць Бюро нерухомасці Тайланда.

Hyatt Regency павінен быў з’явіцца ў раёне вуліцы Нававіленскай у Мінску ўжо летась. Амерыканская карпарацыя Global Hyatt Corporation мае гатэлі ў 45 краінах свету. На чале арганізацыі стаіць сям’я чыкагскіх мільярдэраў Прыцкераў.

У наступным годзе ў Беларусь прыйдзе і яшчэ адна амерыканская сетка, Radisson. Грошы на гэты гатэль, тым не менш, дае расійскі інвестар. Кампанія гатовая пабудаваць у дадатак да гасцініцы яшчэ і штаб-кватэру Нацыянальнага алімпійскага камітэта.

Пасля рэканструкцыі стане пяцізоркавай і гасцініца «Кастрычніцкая». Яна зменіць назву на саліднае «Прэзідэнт-гатэль». Назва адпавядае ўладальніку. Гатэль месціцца ў суседнім будынку з Адміністрацыяй прэзідэнта і належыць Кіраўніцтву справаў прэзідэнта Беларусі.