«Дзякуй, што не памачыліся»

Зміцер Дашкевіч на сваёй старонцы ў Фэйсбук падрабязна апісаў сваё затрыманне падчас адкрыцця помніка Леніну. Паводзіны супрацоўнікаў АМАПу выклікаюць сапраўдны шок.

«Такіх паводзінаў АМАПа пры затрыманні я не памятаю даўно, — піша Зміцер Дашкевіч.

Можа быць, нават мяне ніколі так не мялі на падлозе буса, як мялі ў гэты святочны дзень 7 лістапада 2016 года. У прынцыпе, гэта заўсёдная практыка сілавікоў – як толькі цябе закідваюць у аўтобус, пачынаюць біць, бо пры журналістах на вачох усіх баяцца. А ў аўтобусе атрываюцца, хто як можа. Але гэтым разам пераўзышлі ўсё мной бачанае.

— Ты ведаеш, хто такі Ленін? — гаркнуў амапавец стоячы нада мною.

— Гэта Сатана, — адказаў я з падлогі, — а вы, абаронцы ягоныя, дзеці Сатаны.

Гэта раз’юшыла і без таго раз’юшаных ліхадзеяў. Адзін зняў падгалоўнік з крэсла і пачаў малаціць мяне ім па галаве. Я падняў рукі і абараняўся, тады іншы учапіўся за мае рукі і разняў іх – каб я не мог прыкрываць галаву. Я пачаў маліцца. “Ісус Хрыстос бароніць мяне, а вы, дзеці Сатаны, сваё атрымаеце”. Пасля такога беснаватым сталася зусім кепска і тады адзін засунуў мне пальцы ў ноздры і задраў галаву, а другі тыкаў дубінкай у зубы і галасіў “Смакчы, падла, смакчы!” Супакойвацца пачалі толькі тады, як расквасілі дубінкай мне вусны і пусьцілі кроў. Відаць, сакральнае крывапраліццё ніхто ў іх не адмяняў.

Можна было б наракаць, гляньце, маўляў, што робяць з іншадумцамі. Але, з іншага боку, мы бачым, што робяць “са звычайнымі” людзьмі – спраўляюць жывёльную патрэбу прама на галовы затрыманых. Дык мне можна яшчэ быць удзячным, што на мяне не памачыліся пасля ўсяго.

Мяне толькі іншае турбуе, як такія вычварэнцы працуюць у сілавых структурах? Мачыцца на голавы, з крыкам “на смакчы” тыкаць дубінку ў вусны – усё гэта з радаснымі і самазадаволенымі тварамі. Мо звярнуцца да пракуратуры, каб па ўсіх нераскрытых злачынствах сэксуальнага гвалту праверылі АМАП? Сыходзячы з сімптанамічных паводзінаў гэтых беснаватых абаронцаў Леніна, у нетрах гэтай сілавой структуры можна было б знайсці многія канцы нераскрытых сэксуальных злачынстваў. Я ж пакуль магу сказаць толькі адно, дзякуй, што не памачыліся на мяне. А маглі ж».

8 лістапада Дашкевіч падаў заяву аб збіванні.

«Узялі ў мяне заяву без праблем, далі накіраванне на экспертызу. Але я цяпер тут чакаю, пакуль міліцыянты выпусцяць журналістаў, якія мяне здымалі. Іх павялі на разбор. Потым паеду на экспертызу, каб зняць пабоі», — паведаміў карэспандэнту Радыё Свабоды Зміцер Дашкевіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)