Политика

Змiцер Панкавец, Наша Нiва, фота Надзеi Бужан

Дзмітрыеў стварае «Нашу партыю»: «Людзі гатовыя гаварыць пра палітыку»

Кіраўнік «Гавары праўду» і кандыдат у прэзідэнты 2020 года заняўся стварэннем палітычнай партыi.

— Гэта праца, якая вядзецца фактычна штодня. Мы ўжо вырашылі ад імя аргкамітэта партыі вылучацца на «Сход народных прадстаўнікоў». Казаць пра тэрміны пакуль, можа, і не варта.

Скажу, што спіс на тысячу чалавек ужо сабралі. Аднак незразумела, як правесці ўстаноўчы сход на тысячу чалавек, як таго патрабуе Міністэрства юстыцыі, ці будзе гэта бяспечна для людзей.

Таму цяпер мы ў чаканні, займаемся распрацоўкай праграмы. Фактычна штотыднёва ёсць зум-канферэнцыі, куды можа далучыцца любы ахвотны абмеркаваць важныя пытанні з экспертамі. Для нас прынцыпова, каб гэтая партыя была пабудаваная не аднекуль зверху, а самімі людзьмі, — кажа Андрэй Дзмітрыеў.

Ці «Наша партыя» — гэта канчатковая назва альбо працоўная? «Я думаю, што канчатковая, але яе яшчэ павінен прыняць з’езд. Было 5-7 розных назваў, але гэтая стала топавай, бо адлюстроўвае тое, што людзі хочуць бачыць».

Улады абяцаюць змены ў партыйным жыцці краіны. Не выключана, што ўжо наступныя парламенцкія выбары часткова могуць прайсці па партыйных спісах. Гэта паўплывала на рашэнне Дзмітрыева рухацца ў бок стварэння палітычнай партыі?

— Я ў гэта ўсё не веру, я стары чалавек, даўно жыву і шмат чую пра канстытуцыйныя змены.

У 2016 годзе ў «Гавары праўду» мы праводзілі вялікі форум, дзе было прынятае рашэнне, што пачнем выбудоўваць палітычную партыю, але не хочам, каб «ГП» ператваралася ў партыю. Гэтая праца праходзіць паралельна з «Гавары праўду».

2020 стаў нядрэнным пачаткам для такой дзейнасці, бо шмат людзей палітызавалася. Шмат хто пачаў думаць, як рабіць добрыя рэчы для краіны, што можна дзейнічаць і не толькі праз вуліцу. Зараз час для стварэння партыі не таму, што ўлада нешта абяцае, а таму, што людзі гатовыя аб’ядноўвацца, дзейнічаць, гаварыць пра палітыку.

Палітычная партыя — гэта цывілізаваны ўдзел у палітыцы. Мы павінны рыхтаваць грамадства. Ніхто, нават Лукашэнка, не можа спрагназаваць, як будуць развівацца падзеі ў краіне — усё можа зацягнуцца надоўга, а можа вырашыцца за адзін дзень. І калі гэтыя змены будуць раптоўныя, а грамадства не будзе гатовае, то перамогуць тыя, пра каго мы не ведаем і не чуем. Яны забяруць гэтую перамогу ў грамадства, — кажа Дзмітрыеў.

Пакуль палітык не называе імёны людзей, якія прымаюць удзел у стварэнні «Нашай партыі»:

— У аргкамітэце каля 300 чалавек. Гэта збольшага новыя людзі. Вядома, ёсць тыя, хто з «Гавары праўду» прыйшоў, але вялікая частка новых людзей. Мы хочам, каб партыя жыла на ўнёскі. Нам патрэбна каля 1500 чалавек, якія плоцяць па 10-12 рублёў на месяц, каб партыя магла ўтрымліваць офіс і некалькі чалавек. Будзем імкнуцца да гэтага.

На якіх ідэалагічных падмурках будзе стаяць «Наша партыя», чаго дабівацца?

—  Яшчэ паглядзім, якая праграма будзе, за аснову ўзятая мая прэзідэнцкая праграма. Я не люблю ідэалагічных падзелаў, бо яны штучныя.

Мы ўсе разумеем, што беларускай эканоміцы патрэбныя рынкавыя рэформы, але праз беднасць насельніцтва патрэбная сацыяльная падтрымка. Беларусі трэба развіваць рэгіёны. Мы будзем выступаць за самакіраванне, а другая важная тэма — вяртанне законнасці ў краіне, — падсумоўвае Дзмітрыеў.

Ад восені ўжо некалькі ініцыятываў заявілі пра стварэнне палітычных партый. У прыватнасці пра гэта казалі некалькі прарасійскіх рухаў, у тым ліку Сяргей Лушч. Учора аргкамітэт «Дэмакратычнага саюза» прэзентаваў Андрэй Ланкін, былы паплечнік Валерыя Цапкалы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.3(24)