«Дзіўна, чаму персанальныя дадзеныя Карпенкі не засакрэчаныя. Ды і склад урада варта было б не свяціць»

Гісторык Аляксандр Пашкевіч – пра тлумачэнні чыноўнікаў наконт ананімнасці членаў камісій на рэферэндуме.

– Канешне, рэжымныя чыноўнікі сапраўдныя масавікі-зацейнікі, калі трэба патлумачыць тое, што ўсім, вядома, і без тлумачэнняў зразумела, але казаць прамым тэкстам нават ім не камільфо, – піша Пашкевіч. – Вось Ігар Карпенка тлумачыць, чаму члены камісій на рэферэндуме ананімныя:

«Но насколько необходимо вот эти данные сегодня выставлять, когда в Республике Беларусь вступил в силу закон о персональных данных, о защите персональных данных? И он уже в определенной степени диктует определенные свои требования по внесению изменений и дополнений в избирательное законодательство».

Па такой логіцы дзіўна, што і персанальныя дадзеныя самога Карпенкі ды іншых членаў ЦВК не засакрэчаныя. Хіба закон для ўсіх не адзін? Ды і склад урада варта было б не свяціць – ці ж там не жывыя людзі сядзяць з персанальнымі дадзенымі?

«Сегодня нет такой необходимости на территории, допустим, Витебской области, знать, кто там входит в состав комиссии по городу Минску и т. д».

І вось дзеля такіх меркаванняў, што на тэрыторыі Віцебскай вобласці няма неабходнасці ведаць, хто ўваходзіць у склад камісіі па гораду Мінску, перасталі публікаваць на тэрыторыі Віцебскай вобласці, хто ўваходзіць у склад камісій па Віцебскай вобласці. Зразумела, што гэта і дзеля таго, што няма неабходнасці на тэрыторыі горада Мінска ведаць, хто там у камісіях у Віцебскай вобласці і т. д.

І ўся гэтая пустаслоўная эквілібрыстыка толькі для таго, каб не сказаць відавочную рэч, што ў сённяшняй Беларусі членства ў выбарчых камісіях – не гонар, а ганьба. І засакрэчваннем прозвішчаў гэтых людзей гэта толькі дадаткова падкрэсліваецца.

А ўсё гэта, падазраю, урэшце скончыцца, як звычайна ў падобных выпадках, глабальным злівам базы з прозвішчамі кудысьці. І цікавасць да яе будзе добра разагрэтая, уся краіна захоча ведаць сваіх герояў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(23)