Джордж Буш сустрэўся са Сьвятланай Завадзкай і Ірынай Красоўскай
У Вашынгтоне, у Белым Доме, адбылася сустрэча прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша са Сьвятланай Завадзкай і Ірынай Красоўскай. “Прэзыдэнт імкнецца падкрэсьліць сваю асабістую падтрымку іх высілкам дамагчыся правасудзьдзя ў справах зьніклых, гэтак сама, як і высілкам усіх тых, хто імкнецца вярнуць свабоду ў Беларусь," — заявіў па выніках сустрэчы прэсавы сакратар прэзыдэнта ЗША Скот Маклэлан. "Усім дэмакратычным сілам Беларусі гэта надае сілы, мужнасьць і веру ў тое, што мы пераможам", — сказала на прэсавай канфэрэнцыі Сьвятлана Завадзкая.
Карэспандэнтка Радыё Свабода Ірына Віданава паведамляе з
Заходняга крыла Белага дому.
(Віданава:) "Ірына са Сьвятланай адразу пасьля сустрэчы
з прэзыдэнтам Джорджам Бушам правялі прэсавую канфэрэнцыю.
Яны адзначылі, што сустрэча працягвалася больш заплянаванага
часу і мела даволі нефармальны характар. Прэзыдэнт Буш цікавіўся тым, якая
сытуацыя цяпер склалася ў Беларусі, задаваў пытаньні, як адчуваюць сябе
жанчыны, што страцілі мужоў, пытаўся пра палітычныя рэпрэсіі й прэзыдэнцкія
выбары.
Ірына і Сьвятлана адзначылі, што гэта была адна з самых
яркіх сустрэч у іхным жыцьці. Яны пабачылі авальны офіс — працоўны кабінэт
прэзыдэнта ЗША. Жанчыны заявілі, што гэтая сустрэча азначае вялікую падтрымку
ня толькі для іх асабіста, але для ўсіх дэмакратычных актывістаў Беларусі.
На выхадзе, пасьля сустрэчы з Бушам, Сьвятлану і Ірыну
чакалі больш як дзясятак журналістаў. Сярод іншых прысутнічалі прадстаўнікі
"Эн-Бі-Сі", "Сі-Эн-Эн", "Радыё Свабода",
"Голасу Амэрыкі" ды іншых амэрыканскіх і міжнародных СМІ. Яны
задавалі пытаньні пра сытуацыю ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, пра
тое, якой дапамогі чакаюць дэмакратычныя актывісты ў Беларусі з боку
міжнароднай супольнасьці.
Ірына са Сьвятланай падкрэсьлілі, што любая міжнародная
падтрымка зьяўляецца цяпер вельмі важнай для Беларусі, а асабліва падтрымка на
такім высокім узроўні — асабіста ад амэрыканскага прэзыдэнта".
Сьвятлана Завадзкая казала на прэсавай канфэрэнцыі пра
неабходнасьць міжнароднай дапамогі беларускай дэмакратыі.
(Завадзкая:) “Нам, тым хто знаходзіцца ў Беларусі, сёньня
вельмі неабходная дапамога. Мы хочам адчуваць, што мы не самотныя, бо мы
знаходзімся на парозе прэзыдэнцкіх выбараў. Мы выдатна разумеем, што гэтыя
выбары ня будуць свабоднымі і справядлівымі, што нас чакае чарговая так званая
"элегантная" перамога, але падтрымка і дапамога звонку нам патрэбныя
сёньня, як паветра. Мы павінны працаваць на будучыню. Гэтыя выбары павінны
стаць не канчатковай кропкай, а кропкай адліку на наступныя 5 гадоў. Нам
патрэбная даўгатэрміновая праграма дапамогі Амэрыкі і Эўразьвязу дэмакратызацыі
Беларусі".
(Красоўская:) “Гэта вялікая падзея для нас асабіста і для
ўсёй нашай краіны. Таму што мы адчуваем вялікую падтрымку з боку ЗША ўсім
людзям Беларусі, якія змагаюцца за дэмакратыю. У нашай краіне існуе сапраўдная
дыктатура, у нас ёсьць палітычныя зьняволеныя. У нас ёсьць людзі, якія зьніклі.
Мой муж і муж Сьвятланы былі выкрадзеныя і забітыя рэжымам Лукашэнкі. З таго
часу мы ня маем ніякай праўдзівай інфармацыі пра іх. Таму нам вельмі патрэбная
міжнародная падтрымка ў гэтай барацьбе і дзякуй яшчэ раз за праяву
салідарнасьці з намі”.
(Завадзкая:) “Калі казаць пра асабістыя ўражаньні ад гэтай
сустрэчы, вы можаце сабе ўявіць, якія эмоцыі я магу адчуваць, сустракаючыся з
кіраўніком такой дзяржавы, разумеючы, што гэта сустрэча — знак падтрымкі ня
толькі асабіста нас, жонак зьніклых. Усім дэмакратычным сілам Беларусі гэта
надае сілы, мужнасьць і веру ў тое, што мы пераможам”.
Адказваючы на пытаньне пра палітычную сытуацыю ў Беларусі
напярэдадні выбараў, Ірына Красоўская заявіла:
(Красоўская:) “Я магу пагадзіцца з тым, што сказаў адзін з
кандыдатаў на прэзыдэнта Аляксандр Казулін, гаворачы пра Лукашэнку — “лепш
пакінуць пасаду першым прэзыдэнтам Беларусі, чым апошнім дыктатарам Эўропы”.
Зразумела, лепш вырашыць гэтую праблему бяз гвалту. І мы не зьбіраемся парушаць
законы. Але гэта менавіта ўлады разганяюць мірныя дэманстрацыі, менавіта гэтае
пытаньне памочнік намесьніка дзяржсакратара Дэвід Крэмэр абмяркоўваў падчас
візыту ў Менск. Я думаю, што ЗША маюць вельмі ясную пазыцыю ў гэтым пытаньні”.
Пасьля сустрэчы Джорджа Буша са Сьвятланай Завадзкай і
Ірынай Красоўскай прэсавы сакратар прэзыдэнта ЗША Скот Маклэлан заявіў, што
“прэзыдэнт імкнецца падкрэсьліць сваю асабістую падтрымку іх высілкам дамагчыся
правасудзьдзя ў справах зьніклых, гэтак сама, як і высілкам усіх тых, хто
імкнецца вярнуць свабоду ў Беларусь. Мы працягваем быць разам з грамадзянамі
Беларусі ў іх жаданьні самім вызначаць іх уласную будучыню,” — сказаў прэсавы
сакратар прэзыдэнта ЗША. Скотт Маклэлан заявіў, што сёньняшняя “сустрэча была
прызначаная падкрэсьліць нашую занепакоенасьць тым, як беларускі ўрад
праводзіць выбары, перасьледам грамадзянскай супольнасьці і палітычнай
апазыцыі, адмовай сур’ёзна дасьледаваць справы зьніклых грамадзкіх дзеячоў,” —
заявіў прэсавы сакратар Джорджа Буша.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное