Экономика

Джэніфэр Мур: «Цяпер мяч на вашым баку. Мы чакаем ад Беларусі рэформаў»

Часовая павераная ў справах ЗША ў Беларусі заявіла, што Беларусі трэба пазбавіцца эканамічнай залежнасьці ад Расеі, пiша Радыё Свабода.

Таксама яна паабяцала спрыяньне ЗША, што да ўступленьня Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, павелічэньня інвэстыцый. Аднак толькі пры ўмове тэрміновага правядзеньня ў Беларусі эканамічных рэформаў.

Выступаючы на Кастрычніцкім эканамічным форуме, Джэніфэр Мур сказала, што Беларусь цяпер на скрыжаваньні:

— Шчыра кажучы, некаторыя пабойваюцца і з асьцярожнасьцю глядзяць на інтэграцыю паміж Беларусьсю і Расеяй: якія вынікі гэта будзе мець, у тым ліку, што да беларускага сувэрэнітэту і эканамічнага разьвіцьця.

Канечне, ёсьць шмат дэзынфармацыі, і недахоп транспарэнтнасьці, і нявызначанасьць. Аднак перамовы Беларусі і Расеі не павінны адцягваць увагу ад разуменьня істотнага. Трэба вызначыць унутраныя рэзэрвы эканамічнага росту і адыйсьці ад эканомікі, якая грунтуецца на залежнасьці і экспарце, арыентавацца на спажыўца.

Неабходна ўраўняць умовы як для ўнутраных, так і замежных інвэстараў. Канечне, гэта даволі складана, і ёсьць неабходнасьць правядзеньня рэформаў. Беларусь, такім чынам, павінна думаць, як пабудаваць моцны і актыўны сярэдні кляс.

Джэніфэр Мур высока ацаніла беларускі Дэкрэт аб лічбавай эканоміцы, назваўшы яго «цудоўнай ідэяй». Аднак, на яе думку, каб дасягнуць вынікаў, патрабуюцца «даволі разумныя структурныя рэформы».

«Улічваючы камуністычнае мінулае, уступленьне Беларусі ва УГА будзе няпростым»

Другім выклікам Джэніфэр Мур назвала інвэстыцыі ў Беларусь. Адзначыла яна і важнасьць уступленьня краіны ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю.

— Беларускаму экспарту будзе лягчэй выходзіць на міжнародны рынак. Будзе магчымасьць вырабу больш канкурэнтнай прадукцыі, зьменшацца бар’еры, тарыфы і квоты. Ад УГА Беларусь атрымае абарону, — кажа Джэніфэр Мур.

Яна таксама адзначыла, што Беларусь апошнія два гады актыўна супрацоўнічае са Злучанымі Штатамі, зь іншымі партнэрамі:

— Цяпер, скажам так, мяч на вашым баку. І мы чакаем, што і далей будуць зроблены крокі ў актывізацыі рэформаў.

Улічваючы камуністычнае мінулае і пэўную спадчыннасьць, якая адлюстроўваецца ў кіраваньні эканомікай, уступленьне ва УГА будзе няпростым.

На яе думку, уступленьне ва УГА — гэта не палітычны працэс, гэта, хутчэй, тэхнічнае пытаньне:

— Аднак ёсьць яшчэ пераменная свайго кшталту: гэта палітычная воля да лібэралізацыі гандлю і рэформаў. Сябры УГА хочуць пабачыць, наколькі прыхільнае беларускае кіраўніцтва да ідэй лібэральнага гандлю і рынку. Таму ўступленьне ва УГА можа разглядацца як адзін з элемэнтаў стымуляцыі ўнутраных рэформаў. Спадзяюся, што так і будзе.

Яна запэўніла, што Беларусь можа разьлічваць на Злучаныя Штаты.

— Па ходу руху наперад мы дапаможам Беларусі падобныя зьмены зрабіць, каб усе прадпрыемствы — прыватныя, дзяржаўныя, унутраныя, замежныя — маглі б канкураваць у роўных умовах. Гэта тычыцца адпаведных цэнавых рэгуляцый. І, канечне, трэба аблягчыць рэжым функцыянаваньня бізнэсу і гандлю. Калі будуць роўныя ўмовы, тады зьявяцца новыя магчымасьці і для амэрыканскіх прадпрымальнікаў працаваць у Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(15)