Общество

Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

Дзень свабоды прэсы там, дзе свабоды няма

3 траўня з ініцыятывы ЮНЭСКА адзначаецца Сусветны дзень свабоды прэсы. Гэта нагода задумацца пра асноўныя правы і свабоды чалавека, нагадаць уладам пра неабходнасць паважаць свабоду прэсы, якая сыходзіць ад адной з асноўных, натуральных свабодаў чалавека — свабоды слова.

На вялікі жаль, у Беларусі цягам апошняга года сітуацыя ў медыя сферы істотна пагоршылася.

Арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» у чарговым дакладзе «Індэкс свабоды прэсы ў сьвеце», які апісвае 180 краін па такіх крытэрах, як незалежнасць медыяарганізацый, празрыстасць іх фінансавання і бяспеку журналістаў панізіла нашу дзяржаву ў рэйтынгу і апісвае яе, як «самую небяспечную краіну ў Еўропе для работнікаў СМІ».

У Беларусі медыя за апошнія 12 месяцаў (у траўні 2020 года акурат год таму пачалася перадвыбарчая кампанія. — Рэд.) сутыкнуліся з рэкорднай колькасцю рэпрэсій. Гэта — 516 выпадкаў затрымання калег, як мінімум 65 выпадкаў гвалту з боку сілавікоў, больш за 100 адміністрацыйных арыштаў, дзясяткі ператрусаў у офісах і дамах журналістаў. Дзясяткі нашых калег былі вымушаныя з’ехаць з краіны пад пагрозай рэпрэсій.

На сённяшні дзень 12 прадстаўнікоў медыя знаходзяцца ў няволі:

Кацярына Андрэева — 169 дзён за кратамі.

Дар'я Чульцова — 169 дзён за кратамі.

Кацярына Барысевіч — 165 дзён за кратамі.

Юлія Слуцкая — 132 дні за кратамі.

Ала Шарко — 132 дні за кратамі.

Сяргей Альшэўскі — 132 дні за кратамі.

Пётр Слуцкі — 132 дні за кратамі.

Ксенія Луцкіна — 132 дні за кратамі.

Андрэй Аляксандраў — 111 дзён за кратамі.

Дзяніс Івашын — 52 дні за кратамі.

Анджэй Пачобут — 39 дзён за кратамі.

Сяргей Гардзіевіч — 129 дзён пад хатнім арыштам.

Усе недзяржаўныя грамадска-палітычныя медыя сутыкнуліся з ціскам на рэдакцыі і журналістаў. Некаторыя пастаўленыя ва ўмовы, калі размова ідзе пра выжыванне і захаванне медыя ўвогуле.

Рэспубліканская газета «Народная воля»: са жніўня 2020 года не можа друкавацца ў Беларусі, у Маскве тыпаграфія таксама адмовілася ад супрацоўніцтва. Старэйшае недзяржаўнае выданне можна чытаць анлайн на сайце.

Беларускамоўны рэспубліканскі штотыднёвік «Новы Час»: з лютага 2021 года дзяржаўная сетка «Белсаюздрук» скасавала дамову на распаўсюд. «Новы Час» распаўсюджваецца па падпісцы і праз рэдакцыю.

«Комсомольская правда в Беларуси»: у жніўні 2020 года беларуская друкарня разарвала дамову, цяпер газета друкуецца ў Расіі. «КП» не ўключаная ў падпісны каталог «Белпошты», няма яе і ў кіёсках «Белсаюздрука». Газета распаўсюджваецца праз рэдакцыю і праз прыватных распаўсюднікаў.

«БелГазета»: газета не ўключаная ў падпісны каталог «Белпошты», яе выкінулі з сістэмы распаўсюду «Белсаюздрука», тыпаграфіі адмовіліся друкаваць выданне. Цяпер газету можна чытаць анлайн на іх сайце.

«Свободные новости Плюс»: газета не ўключаная ў падпісны каталог «Белпошты», выкінулі з сістэмы распаўсюду «Белсаюздрука», тыпаграфіі адмовіліся друкаваць выданне. Цяпер газету можна чытаць анлайн на іх сайце.

Intex-press: у красавіку 2021 года «Белпошта» паведаміла, што не ўключыць выданне ў падпісны каталог на другое паўгоддзе і не возьме яго для продажу ў аддзяленнях. Прадаваць газету адмовіліся і прыватныя гандлёвыя сеткі. Рэдакцыя церпіць пераслед за інтэв'ю са Святланай Ціханоўскай: матэрыял прызналі экстрэмісцкім, галоўнага рэдактара Уладзімера Янукевіча аштрафавалі. Пераслед працягваецца.

«Брестская газета»: са студзеня 2021 года «Брестская газета» перастала выходзіць у папяровай версіі. Усе друкарні, куды звярталася рэдакцыя, адмовіліся друкаваць газету.

«Газета слонімская»: у лістападзе 2020 года «ГС» прыпыніла свой выхад на паўгода. 9 лістапада, без папяраджання, але з санкцыяй пракуратуры, міліцыянеры спачатку прыйшлі з вобшукам у кватэру выдаўца «ГС» Ганны Валадашчук, адкуль забралі 2 камп’ютара і ўсе носьбіты інфармацыі, а потым такім жа чынам вынеслі ўсю камп’ютарную тэхніку з рэдакцыі, паралізаваўшы працу. Галоўны рэдактар Ганна Валадашчук была вымушаная з'ехаць за мяжу. Падставай для разгрому рэдакцыі «Газеты Слонімскай» паслужыла ўзбуджнне крымінальнай справы за паклёп у дачыненні да аднаго з супрацоўнікаў Слонімскага РАУС у Тэлеграм-канале.

Анлайн-часопіс Брэста «Бинокль»: распачатая крымінальная справа супраць мужа выдаўца незалежнага сайта "Бінокль" Паўла Гарашчанкі. Вобшукі прайшлі ў рэдакцыі і ў выдаўца дома. Праца папулярнага гарадскога часопіса паралізаваная.

Анлайн-выданне Hrodna.life: у рэдакцыі прайшоў ператрус, забраная тэхніка. Рэдакцыя і галоўны рэдактар атрымаў вялізны штраф за нібыта распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Партал TUT.BY пазбаўлены статуса «сеткавага СМІ». Журналістаў выдання затрымлівалі 38 разоў, пяцёра з іх адсядзелі «суткі», журналістка партала Кацярына Барысевіч адбывае зняволенне па крымінальнаму прысуду.

Інфармагенцтва БелаПАН. Доступ да інтэрнэт-газеты агенцтва Naviny.by ужо некалькі разоў блакавалі ў Беларусі, у выніку чаго выданне ўвесь час вымушанае мяняць адрас. У студзені ў рэдакцыі прайшоў ператрус, тэхніку і дакументы не вярнулі дагэтуль.

Мы пералічылі далёка не ўсе факты ціску на рэдакцыі. Ці не кожны дзень прыходзяць паведамленні пра новыя і новыя выпадкі штрафаў, арыштаў, ператрусаў і г.д.

Але, нягледзячы на гэтую беспрэцэдэнтную хвалю ціску, як ніколі раней грамадства салідарнае з незалежымі медыя, журналісты застаюцца вернымі прафесіі і свайму выбару. Мы верым і спадзяемся, што ў нас атрымаецца выстаяць у гэтых няпростых умовах.

Беларуская асацыяцыя журналістаў яшчэ раз выказвае салідарнасць з усімі калегамі, якія працуюць і стаяць на варце свабоднага слова. І нагадвае: журналісты — не злачынцы!

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.5(8)