Дзень працы, які перацёк у Дзень Волі

Доўгі час Першамай быў тым днём, якім цяпер у Беларусі стаў Дзень Волі — днём выражэння народных патрабаванняў.

Асобы ў цывільным затрымліваюць Ігната Марціновіча, які прыйшоў на Першамай з палітычнымі плакатамі. Жанчына спрабуе яго адбіць. Фота з архіва. 2001 год. Photo.bymedia.net.

У Беларусі Першамай стаў афіцыезным святам. Прафсаюзы ператварыліся ў прыдзяржаўную структуру. Яны перасталі быць аб’яднаннем працоўных, а сталі свайго роду прызначаным дзяржавай амартызатарам. Днем выражэння народных патрабаванняў у Беларусі стаў Дзень Волі. Між тым даўней у многіх краях такім днем быў акурат Першамай.

Гісторыя гэтага свята такая. 1 мая 1886 года сацыялісты, камуністы і анархісты Амерыкі арганізавалі масавыя акцыі з патрабаваннем 8-гадзіннага працоўнага дня. У Чыкага дэманстрацыя мясцовых рабочых набыла гвалтоўны характар, і паліцыя адкрыла агонь па дэманстрантах. Адбылося прыкладна тое, што ў Мінску 19 снежня 2010 года, толькі тэхналогіі разгону былі яшчэ не адпрацаваныя.

Праз тры гады Парыжскі кангрэс II Інтэрнацыяналу назваў 1 мая Днем міжнароднай салідарнасці працоўных усяго свету і прапанаваў штогод адзначаць яго дэманстрацыямі з сацыяльнымі патрабаваннямі.

Да Мінска новая хваля дайшла гадоў праз 10. Упершыню рабочыя адзначылі гэты дзень ў 1895 годзе маеўкай, у якой удзельнічала 40 працоўных. У 1896-1897 гадах у іх удзельнічалі ўжо каля 600 чалавек, праводзіліся яны нелегальна на кватэрах або за горадам. Рабочыя спявалі рэвалюцыйныя песні і бяседавалі. Царская паліцыя пераследавала ўдзельнікаў нелегальных маевак.

Дзяржаўным святам Першамай у СССР стаў пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Сення Першамай адзначаюць амаль у многіх краінах, у тым ліку ў Беларусі, Польшчы, Украіне, Літве, Латвіі. У Расіі гэта Свята працы і вясны. У Францыі – Дзень ландышаў. У ЗША гэта працоўны дзень.

Рух нацыянальнага вызвалення Беларусі амаль не выкарыстоўваў Першамая для правядзення вялікіх акцый пратэсту, бо гэты дзень у народу асацыяваўся з савецкай традыцыяй а афіцыезам. Адносна вялікія, з удзелам некалькіх тысяч чалавек, маніфестацыі пратэсту адбыліся ў 1996, 1999 гадах. Тады іх арганізавалі сацыял-дэмакраты Міколы Статкевіча.

У Беларусі сення дазволілі маеўкі афіцыйных прафсаюзаў у парках. Маеўку незалежных прафсаюзаў і левых партый забаранілі. Зусім як у царскія часы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)