Политика
Сяргей Навумчык, Радыё Свабода

Дзень, калі плакаў Пазьняк

19 верасьня 1991 года Вярхоўны Савет Беларусі надаў Бел-Чырвона-Беламу Сьцягу і гербу “Пагоня” статус дзяржаўных сымбаляў. Але перш чым прыгадаць падрабязнасьці таго паседжаньня – колькі слоў пра даволі распаўсюджаны міт, зьвязаны з цяперашнім кіраўніком дзяржавы.

Пачатак нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, на якой была абвешчана незалежнасьць Беларусі, 24 жніўня 1991 г. (са сьцягам – Валянцін Голубеў, Зянон Пазьняк, Вольга Галубовіч).

Сьцяг у Авальнай залі

24 жніўня 1991 году, перад пачаткам скліканай на патрабаваньне Апазыцыі БНФ надзвычайнай сэсіі, мы сабраліся ў пакоі апазыцыі на трэцім паверсе Дома ўраду. Цікава, што мае калегі, дэпутаты-фронтаўцы, зь цяжкасьцю ўзгадваюць дэталі дзьвюх папярэдніх дзён – 22-га і 23-га жніўня, пасьля правалу ГКЧП і перад сэсіяй. У маёй памяці таксама гэтыя два дні (і ноч) зьліліся ў адно – мы правялі іх у пакоі апазыцыі. Рыхтавалі праекты дакумэнтаў, датычныя наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы, стварэньня інстытуцыяў незалежнай дзяржавы, забароны КПБ-КПСС.

Сяргей Навумчык

Калі надышоў час ісьці на сэсію, Галіна Сямдзянава ўзяла Бел-Чырвона-Белы Сцьяг. Яна пранесла яго праз калідор трэцяга паверха, потым па калідоры другога паверха каля кабінэту старшыні ВС Дземянцея – да фае перад Авальнай заляй. Пазьняк папрасіў перадаць сьцяг Валянціну Голубеву, і Валянцін унёс яго за крэслы прэзыдыюму, паставіўшы побач са сьцягам БССР.

Валянцін Голубеў з Бел-Чырвона-Белым Сьцягам. Зьлева - старшыня ВС Мікалай Дземянцей і яго намесьнік Васіль Шаладонаў

Пазьняк падышоў да мікрафону: “Паважаны Прэзыдыюм, просьба ад дэпутатаў Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту прымацаваць побач зь дзяржаўным сьцягам Беларускай ССР нацыянальны сьцяг Беларусі. Права на гэта нам дае наша гісторыя і Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі”.

Варта сказаць, што камуністычная большасьць прыехала на сэсію перапалоханая – яшчэ некалькі дзён таму іхні штаб, ЦК КПБ, падтрымаў антыканстытуцыйны ГКЧП, на сходах адкрыта патрабавалі выгнаць парткамы з прадпрыемстваў, забараніць кампартыю. Але тут некаторыя імгненна паўскоквалі зь месцаў – “Непорядок! Зачем этот флаг?”. Дземянцей паставіў пытаньне на галасаваньне – толькі 107 дэпутатаў прагаласавалі “за” (патрэбна было 173).

Узьнікала небясьпека псыхалягічнай перамогі камуністаў, што магло фатальна адбіцца і на пытаньнях аб Незалежнасьці; Голубеў вынес сьцяг са сцэны і паставіў яго ў “менскім” сэктары. Пазьняк адразу запатрабаваў, каб Дземянцей, які “падтрымаў хунту”, ня вёў сэсію, а перадаў гэтае права свайму першаму намесьніку Шушкевічу.

Сэсія пайшла па нашым сцэнары.

Потым бел-чырвона-белы сьцяг быў вернуты на сцэну, а назаўтра Беларусі была вернутая Незалежнасьць.

Вытокі аднаго міта

У другі дзень сэсіі здарыўся эпізод, які, відаць, і стаў нагодай міту, што нібыта Лукашэнка ўнёс у Авальную залю ВС Бел-Чырвона-Белы Сьцяг (а некаторыя журналісты яшчэ пішуць — "першым унёс"). Яшчэ перад сэсіяй БНФ заклікаў людзей прыйсьці на плошчу перад Домам ураду, каб падтрымаць дэпутацкую апазыцыю. Сабралася некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, над якімі луналі сотні Бел-Чырвона-Белых Сьцягоў. У перапынку паседжаньня, вяртаючыся з гатэлю “Менск”, касманаўт Уладзімер Кавалёнак ўзяў у некага на плошчы нацыянальны сьцяг і прынёс яго у Авальную залю. Разам з Кавалёнкам ішлі Інэса Драбышэўская (пазьней – міністар аховы здароўя ў першым лукашэнкаўскім урадзе, яшчэ пазьней — “сэнатар”) і Аляксандар Лукашэнка.

У гады дэпутацтва Лукашэнка ня тое што не выказваў сымпатыяў да нацыянальных сымбаляў – ён імі адкрыта, падкрэсьлена пагарджаў. Ня памятаю, каб ён насіў дэпутацкі бел-чырвона-белы значок, які выдалі кожнаму дэпутату ў пачатку 1992 году. Затое дакладна з 1993 года на ягоным пінжаку быў стары значок з “бэсэсэраўскім” зялёна-чырвоным сьцягам – гэта добра бачна і на фотаздымках пэрыяду прэзыдэнцкай кампаніі 1994 г. Так што калі некаторыя былыя паплечнікі Лукашэнкі кажуць, што зьмена сымболікі ў 1995 годзе для іх была нечаканасьцю, яны хітруюць.

Кожны голас быў вызначальным

У верасьні 91-ага адкрылася наступная сэсія, і Апазыцыя БНФ ўнесла ў парадак дня пытаньне аб наданьні “Пагоні” і Бел-Чырвона-Беламу Сьцягу статусу дзяржаўных сымбаляў.

24 жніўня 1991 г. У прэзыдыюм Вярхоўнага Савету дэпутатамі Апазыцыі БНФ унесены Бел-Чырвона-Белы Сьцяг (Галіна Сямдзянава).

Эталён Сьцягу і Гербу на просьбу Пазьняка распрацаваў мастак Яўген Кулік, яму дапамагалі Уладзімер Крукоўскі, Лявон Бартлаў і Мікола Купава.

У фае перад Авальнай заляй мы разьмясьцілі стэнды пра гісторыю нацыянальных сымбаляў – для большасьці дэпутатаў гэтая інфармацыя была адкрыцьцём.

Якраз 19 верасьня на запросіны ВС Малдовы мы з дэпутатам Міхаілам Сьлямнёвым павінны былі ляцець у Кішынёў на выбары ў якасьці назіральнікаў. Але раніцай я ня стаў складваць валіску і сказаў жонцы, што нікуды, хутчэй за ўсё, не палячу – бо наўрад ці пасьпеем прагаласаваць да вылету. Перад паседжаньнем пайшоў да Шушкевіча – і ў ягонай прыёмнай сустрэў Сьлямнёва. Ён таксама вырашыў адмовіцца ад паездкі. Аргумэнт быў адзін – мы не даруем сябе, калі нашых галасоў ня хопіць. Шушкевіч пагадзіўся.

Па праўдзе, мне падавалася, што галасоў павінна хапіць – проста не хацелася прапусьціць такое гістарычнае паседжаньне. Але сытуацыя аказалася больш драматычнай, чым ўяўлялася спачатку.

За тры тыдні, якія прайшлі ад папярэдняй сэсіі, дэпутаты камуністычных перакананьняў адышлі ад пасьляпутчаўскага шоку і пачалі рыхтавацца да рэваншу. Цэнтрам палітычнай сілы намэнклятуры пасьля ліквідацыі ЦК КПБ рабіўся Саўмін (нагадаю, што ў тыя дні Кебіч канкураваў з Шушкевічам за пасаду старшыні ВС). Кебіч тады не выступаў супраць нацыянальных сымбаляў, але і не падтрымліваў іх (зусім магчыма, што ён хацеў уцягнуць нас у гандаль: ён падтрымоўвае Сьцяг і “Пагоню”, а мы – яго).

Шмат якія дэпутаты вагаліся. Вельмі станоўча паўплывалі на настроі залі выступы прэзыдэнта Акадэміі Навук Уладзімера Платонава і асабліва -- Георгія Таразевіча (у той момант ён быў членам Прэзыдыюму ВС СССР, яшчэ за паўтары гады перад гэтым – старшынём Прэзыдыюму ВС БССР, а да гэтага мэрам Менску. Намэнклятура ўспрымала яго як “свайго” і верыла яму).

Сапраўды, Сьцяг і Герб былі прынятыя “голас у голас” – калі хаця б аднаго не хапіла, пытаньне давялося б адкласьці, магчыма, да наступнай сэсіі (праз некалькі месяцаў сытуацыя для станоўчага рашэньня была ўжо неспрыяльная; ды што месяцы, ўжо на наступны дзень некаторыя дэпутаты камуністычных перакананьняў паспрабавалі аспрэчыць рашэньне). Канешне, кожны з дэпутатаў, якія галасавалі “за”, можа абсалютна справядліва лічыць менавіта свой голас “вызначальным”.

І ўсё ж, быў адзін голас, які сапраўды вызначыў вынікі галасаваньня.

Вось як пра гэта прыгадвае Зянон Пазьняк: “Перад галасаваньнем я падышоў да аднаго дэпутата-вэтэрана з Менску, узяў яго за руку і сказаў: “Мы з Вамі розных палітычных поглядаў, але і Вы, і я – беларус. Мы павінны працаваць дзеля Беларусі. Калі ласка, прагаласуйце за Герб і Сьцяг. Я Вас вельмі прашу”. Ён памаўчаў, а потым адказаў – “Добра. Я Вам абяцаю, што прагаласую”. І сапраўды, прагаласаваў”.

Тым дэпутатам быў Міхаіл Жукоўскі – былы намесьнік старшыні менскага гарвыканкаму, у той момант – старшыня Камісіі па справах вэтэранаў і член Прэзыдыюму ВС. І да гэтага, і пасьля гэта, і як “просты” дэпутат, і як член Прэзыдыюму Жукоўскі галасаваў зусім ня так, як галасавалі дэмакратычныя дэпутаты. Але ў той гістарычны дзень ён сапраўды падтрымаў Беларусь.

За больш як дваццаць гадоў знаёмства з Пазьняком я толькі аднойчы бачыў на ягоных вачах сьлёзы – увечары 19 верасьня 1991 году, калі на таблё высьвецілася лічба станоўчага рашэньня, і нацыянальныя сымбалі набылі статус дзяржаўных.

…Калі-небудзь мы даведаемся імя дэпутата, які ўнясе Бел-Чырвона-Белы Сьцяг у парлямэнт вызваленай ад дыктатуры Беларусі. Магчыма, гэта будзе нехта з тых сёньняшніх маладых, якіх зьбіваюць, арыштоўваюць і штрафуюць за вывешваньне нацыянальнага сымбалю на вуліцах нашых гарадоў.

Першая паштовая марка Рэспублікі Беларусь

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)