Комментарии
Сяргей Навумчык, «Радыё Свабода»

Дзеля якога сьцяга можна рызыкаваць?

У нядзелю ўвечары ў самым шматлюдным месцы Віцебску, ля «сіняга дому», на вачах у мінакоў невядомы хлопец забраўся на слуп і прымацаваў бел-чырвона-белы сьцяг у «гняздо», якое прызначанае для цяперашняга дзяржаўнага сьцягу.

Гэта заняло 45 сэкундаў. Хлапец, бясспрэчна, рызыкаваў: мы памятаем, чым скончылася для Сяргея Каваленкі вывешваньне нацыянальнага сьцягу на навагодняй ялінцы.

Сьцяг быў вывешаны ў гонар 150-годзьдзя паўстаньня Кастуся Каліноўскага.

А вось падумалася: пасьля таго, як бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня» зноў будуць дзяржаўнымі — ці знойдуцца ахвотныя вось гэтак рызыкаваць (нават не свабодай — здароў’ем, бо небясьпечна ўпасьці з трохмэтровай вышыні) — каб вывесіць чырвона-зялёны сьцяг — ну, напрыклад, у гонар нейкай гадавіны якой-небудзь шматлікай «изящной» перамогі колішняга (на той момант) кіраўніка дзяржавы?

Ня памятаю, каб у 1991-1994 гадох нехта рызыкаваў лезьці на высакавольтную вежу са сьцягамі СССР і БССР — ахвотных зьвярнуць сабе шыю дзеля сьцьвярджэньня ідэалаў «непарушнага саюзу братніх народаў» не было. Пра міліцэйскі пастарунак гаворка не ішла — хто хацеў, той выходзіў на нешматлікія мітынгі з чырвонымі сьцягамі ды партрэтамі Сталіна. У Беларусі, як вядома, ня быў асуджаны камуністычны рэжым, не адбылася люстрацыя — і чырвоныя сьцягі з нямоглых рук пэнсіянэраў-сталіністаў перахапілі, адставіўшы часова свае гешэфты, былыя камсамольцы. А прыйшоўшы да ўлады — перафарбавалі краіну ў чырвона-зялёны колер.

Увогуле, дзеля Сьцяга рызыкаваць варта — бо, канешне, усё пачынаецца са Слова (з мовы), але замацоўваецца — Сьцягам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)